Криминал. Происшествия

Происшествия

“Прыдарожны”
Работнікі райспажыўтаварыства паведамілі ў міліцыю, што гандлёвы  павільён “Прыдарожны”, які знаходзіцца на вуліцы Новай у Шуміліне, абрабавалі. Укралі прадукты харчавання больш як на два мільёны рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Лесвіца
Жыхарка Віцебска напісала заяву ў міліцыю з той прычыны, што яе дачны дом, што знаходзіцца ў Обалі, абрабавалі. Прапалі дошкі, лесвіца, цвікі, асабістыя рэчы гаспадыні. Урон ацэнены на 1,8 мільёна рублёў. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Абавязаная
Жыхарка раёна павінна была выплачваць сродкі на ўтрыманне свайго непаўналетняга сына. Як абавязаную асобу жанчыну працаўладкавалі ў СФГ “Раднік”. Але ж яна  за тры месяцы дапусціла больш за трыццаць прагулаў. Узбуджана крымінальная справа.
Згарэла легкавушка…
У райаддзел па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што на вуліцы Хамянкова ў Шуміліне ля прыватнага дома гарыць легкавы аўтамабіль. Ад легкавушкі застаўся толькі каркас. Супрацоўнікі райаддзела выратавалі ад агню яшчэ дзве машыны і гаспадарчую пабудову, што знаходзілася побач. Папярэдняя прычына пажару – падпал. Справа перададзена ў Шумілінскі аддзел  Следчага камітэта.
…і жылы дом
Пажарныя машыны з сірэнамі імчаліся на вуліцу Школьную, што ў Обалі. Там гарэў жылы дом. Людзі не пацярпелі, а вось дом згарэў датла. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях уратавалі ад вогненнай стыхіі чатыры суседнія надворныя пабудовы.
Наехаў на каня
На аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Вадзіцель аўтобуса “Ютонг” быў у шоку, калі на аўтадарозе  нечакана з’явіліся конь і жарабя,  пазбегнуць сутыкнення было немагчыма. Жывёла загінула на месцы. Як высветлілася, конь належыць “Шумілінскаму райаграсэрвісу”. На службовую асобу, адказную за ўтрыманне коней, складзены адміністрацыйны пратакол.
У ноч на Купала
У купальскую ноч супрацоўнікі ДАІ на аўтадарозе Віцебск-Полацк спрабавалі затрымаць індывідуальнага прадпрымальніка з Віцебска, які ехаў на аўтамабілі ГАЗ. Віцяблянін не падпарадкаваўся патрабаванням і панёсся далей. Як высветлілася пазней, вадзіцель быў у стане алкагольнага ап’янення. На яго складзены два адміністрацыйныя пратаколы, якія накіраваны для далейшага разгляду па месцы жыхарства.
“Таёта” і хлеў
Няўважлівасць –  прычына дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося ў Мікалаёве. Віцяблянка, якая ехала на асабістай “Таёце”, не справілася з кіраваннем і ўрэзалася ў гаспадарчую пабудову, што належыць мясцовай жыхарцы. Хляўчук і машына пашкоджаны. На віцяблянку складзены адміністрацыйны пратакол.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №55 ад 16.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *