Успешно выступили на «Славянском базаре» активисты районной организации «Белорусского общества инвалидов»

Общество

“Што нам дождж, калі мы разам?”
У Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў, што ладзіцца  ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, па традыцыі прынялі ўдзел члены раённага таварыства інвалідаў.
13 ліпеня дэлегацыя (а гэта ні многа ні мала 17 чалавек) на чале са старшынёй раённага таварыства інвалідаў Л. М. Нагібавай, нягледзячы на капрызы надвор’я – моцны дождж – трымалі накірунак на Віцебск. “Што нам дождж, калі мы разам”, – усміхнулася, дзелячыся ўражаннямі пра паездку, Любоў Мікалаеўна.
Шумілінцы рыхтаваліся да свята грунтоўна, бо адчувалі вялікую адказнасць: ім выпаў гонар  адкрываць фестываль. Любоў Мікалаеўна Нагібава караваем “25 год БелТІ” вітала журы, якое ўзначальваў народны артыст СССР, старшыня Беларускага Саюза кампазітараў Ігар Лучанок (на здымку). Годна выглядала на фестывалі выстава раённага таварыства, візітная картка, з густам былі аформлены стравы.
Акрамя гэтага ў праграме фестывалю ладзіўся конкурс мастацкай самадзейнасці. Лепшыя нумары склалі канцэрт на адной з адкрытых пляцовак. Права ўдзельнічаць у ім атрымаў і наш зямляк з Мішкавіч Мікалай Шэдзько. Ён так адмыслова прачытаў беларускую народную байку пра дзеда Сымона, што не пакінуў гледачоў раўнадушнымі і заслужыў шмат гучных апладысментаў. А яшчэ атрымаў дыплом і падарунак.
Л. М. Нагібава ад сябе асабіста і ад усіх членаў БелТІ дзякуе ўсім тым, хто дапамог ім выехаць на “Славянскі базар” у Віцебск. Найперш – аддзелу адукацыі райвыканкама, а таксама Юрыю Іванову, які на асабістым транспарце даставіў членаў дэлегацыі ў Шуміліна з аддаленых вёсак раёна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Фота С. Балашэўскай.
Надрукавана ў №57 ад 23.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *