Работники ЖКХ Шумилинского района активно готовят теплотрассы к зиме

Актуалии Экономика

Дадаць камфорту, зняць напружанне
У летнюю спёку мала думаеш пра зіму, пра тыя халады, якія надыдуць.  Аднак нездарма ў народзе  прыкмецілі: рыхтуй сані летам, а калёсы – зімой. Вось пра гэтыя “сані” і не   забывае па абавязку службы начальнік участка цепласетак УП ЖКГ Я. А. Бараноўскі. Толькі паспелі адключыць вясной цяпло ў кватэрах, а ўжо трэба дбаць пра вузкія месцы, пра тое, каб дадаць камфорту людзям, зняць напружанне ў наступны ацяпляльны сезон. Для гэтага складаюцца планы (вядома, зыходзячы з фінансавых магчымасцей прадпрыемства), у якіх акрэслены аб’ёмы работ, што трэба выканаць  да надыходу халадоў.
– Па-першае, правялі рэвізію ўсёй запорнай арматуры, замену дэталей, якія прыйшлі ў непрыгоднасць, – гаворыць Я. А. Бараноўскі. – А індывідуальныя цеплавыя пункты ёсць у падвале практычна кожнага шматпавярховага дома.  Яшчэ – прамыўка і гідравыпрабаванне цепласістэмы, праверка лічыльнікаў і манометраў. Зараз праверку прайшлі ўсе  47 лічыльнікаў.  Прамылі, падрыхтавалі да прыёму цяпла амаль 30 жылых дамоў, нямала арганізацый Шуміліна. Работы не спыняюцца,   на парозе  жнівень…
А паспець трэба яшчэ нямала. Па словах намесніка старшыні райвыканкама А. П. Быкава, асабліва па Обалі, дзе трэба перакласці 2,5 км цепласетак. Аб’ёмы вялікія, аднак ад графікаў там намнога адстаюць.  У Шуміліне ж неадкладна  праводзіцца замена  адслужыўшых кавалкаў трубы ў раёне Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гасцініцы УП ЖКГ, у раёне “Метана”. Праведзена трэць работ па замене цеплаізаляцыі, чакаюць на прадпрыемстве паступленні пластыкавых матэрыялаў.
З году ў год не рашаліся праблемы аптымальнага тэмпературнага рэжыму пры падачы гарачай вады ў раёне вуліцы 70 год БССР. Там наспела неабходнасць ставіць дадаткова яшчэ адзін бойлер. Закупілі тры новыя, з разлікам, што два астатнія пойдуць на мікрараён ПМК-70. Яны каштавалі прадпрыемству 135 мільёнаў рублёў. А ў дадатак за мантаж – прыкладна столькі ж грошай. Тым не менш кіраўніцтва УП ЖКГ вымушана ісці на такія выдаткі: народ скардзіўся на дыскамфорт. Зараз прэтэнзій не павінна быць.
У жылым мікрараёне ПМК-70  раней часта скардзіліся, што на другія-трэція паверхі гарачая вада наогул не паступае. Прычына адна: забіты “металамі” ад гарачай вады праходы ў бойлерах, таму прыйшоў час замяніць бойлеры (цеплаабменнікі) на новыя. Так што два бойлеры будуць тут вельмі дарэчы. Іх устаноўка запланавана на жнівень.  Больш таго, два шматпавярховыя дамы ў Шуміліне (вул. Шумілінская, 2 і  Юбілейная, 27) перавялі на рэцыркуляцыйную сістэму гарачага водазабеспячэння ўзамен так званай тупіковай, плануюць неўзабаве зрабіць такой падачу гарачай вады яшчэ ў двух шматкватэрных дамах.  Кожны дом абыходзіцца прадпрыемству ў 15 мільёнаў рублёў. У гэтым накірунку работы яшчэ нямала.
Ёсць задачы і ў плане капітальнага рамонту цеплатрасы ў Шуміліне, хаця  чарга рашаць іх прыйдзе ўсё-такі ў наступным  годзе. Заказана праектна-каштарысная дакументацыя  па замене трубы ацяплення ад вул. Юбілейная (будынак, дзе месціцца ДАІ) да вуліцы Ленінскай. Але і без гэтага, каб ва ўсеўзбраенні сустрэць зімовыя халады, цеплатэхнікам  УП ЖКГ клопатаў па самую завязку.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №60 ад 02.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *