Криминал. Происшествия

Происшествия

Шурупавёрт
У міліцыю паведамілі, што з пакоя захоўвання рэчаў Шумілінскага аўтавакзала прапала пластмасавая скрыня з шурупавёртам і наборам свердлаў на агульную суму 500 тысяч рублёў. Па гарачых слядах злачынца быў знойдзены, ім аказаўся жыхар в. Красамай. Мужчына арыштаваны.
Вось дык прадавец!
Абрабавалі гандлёвы павільён  райспажыўтаварыства “Прыдарожны”, што знаходзіўся на вуліцы Новай у Шуміліне.  Прычым, устаноўлена, што злодзеі там пабывалі двойчы. Уваходныя дзверы павільёна былі не ўзламаныя, а адкрыты звычайным ключом. Ну,  а знайсці злодзеяў было няцяжка. Падазрэнні супрацоўнікаў РАУС пацвердзіліся: у крадзяжы прымала ўдзел прадавец павільёна, у якой быў ключ ад уваходных дзвярэй. Разам са сваім знаёмым з райцэнтра прадаўшчыца набрала  прадуктаў  на 1,8 мільёна рублёў.
Прычым, калі злодзеі абрабавалі павільён у другі раз, то вырашылі замесці сляды і падпалілі павільён.  Узбуджана крымінальная справа.
Веласіпед
Жыхар Шуміліна пакінуў свой веласіпед на абочыне дарогі, і яго неўзабаве ўкралі. Мужчына звярнуўся ў міліцыю. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі веласіпед. А ўкраў яго жыхар вёскі Саломенка. Узбуджана крымінальная справа.
Згарэла аўто
Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях выязджалі на пажар машыны. УАЗ-3909, які належыў жыхару Шуміліна і стаяў на абочыне дарогі, загарэўся. Салон выгарэў поўнасцю. Мяркуюць, што машына загарэлася ад парушэння правілаў эксплуатацыі.
Адгукніцеся, сведкі!
31 ліпеня у 19.40 на перакрыжаванні вуліц Ленінская-Безымянная сутыкнуліся два веласіпедысты. Пенсіянерка з Шуміліна ехала па галоўнай дарозе па вуліцы Ленінскай. Нечакана з вуліцы Безымяннай выскачыў веласіпедыст (мужчына 30-40 гадоў), які на хуткасці наляцеў на жанчыну. Пенсіянерка з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлена ў бальніцу.
Супрацоўнікі ДАІ звяртаюцца да жыхароў раёна: калі ёсць сведкі гэтага здарэння, адгукніцеся, патэлефануйце ў ДАІ па нумары 4-18-50.
На мапедзе
На незарэгістраваным мапедзе вырашыў паехаць у Улу жыхар в. Федзькава. Мужчына быў п’яны, без моташлёма і не меў правоў кіравання.  Супрацоўнікі ДАІ склалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы, парушальніку пагражае штраф у памеры 3,5 мільёна рублёў і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
На мове лічбаў
У гэтым годзе ў раёне зарэгістравана 6 дарожна-транспартных здарэнняў. Сем чалавек загінулі, тры параненыя. 45 вадзіцеляў былі пазбаўлены вадзіцельскіх пасведчанняў за тое, што селі за руль нецвярозымі. Хуткасны рэжым парушылі 1164 вадзіцелі. Без правоў кіравання  селі за руль 39 чалавек. 137 пешаходаў парушылі правілы дарожнага руху.
Па матэрыялах РАУС і РАНС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №63 ад 13.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *