Жатва. Репортаж из хозяйств Шумилинского района

Актуалии Сельское хозяйство

Перавёз 1000 тон
Першым у раёне перавёз тысячу тон зерня вадзі-цель УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Андрэй Клюеў (на здымку). На раніцу  12 жніўня на ягоным рахунку было 1174 тоны збожжа. Учора перадавіка прама на полі віншавалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнавец і дырэктар гаспадаркі У. А. Арлоў. Ад райкама прафсаюза Андрэю Клюеву ўручылі  падзяку, футболку і кепку, а таксама грашовую прэмію. Вадзіцель стаў тысячнікам другі раз.
Стаў тысячнікам і Аляксандр Баранаў з “Шумілінскага райаграсэрвіса”, які на сваім МАЗе таксама перавёз тысячу тон збожжа.
7100 тон збожжа
У гэтым годзе Шумілінскаму раёну трэба здаць 7100 тон збожжа дзяржаве.
5400 тон харчовага ідзе на Віцебскі і Полацкі камбінаты хлебапрадуктаў.
Для кожнага з камбінатаў даведзены планы.  “Мы павінны прыняць у гэтым сезоне ад гаспадарак раёна 745 тон пшаніцы трэцяга класа і 140 тон харчовага ячменю, – паведаміў рэдакцыі раённай газеты начальнік вытворчага ўчастка Полацкага камбіната хлебапрадуктаў М. А. Пісьменны. – Пшаніцу большасць гаспадарак ужо прывезла, застаўся ячмень, да ўборкі якога  некаторыя толькі нядаўна прыступілі”.
Першыя тоны збожжа ў дзяржаўныя засекі прывезлі  з “Прыдзвінскага” і “Прыазёрнага міру” – менавіта гэтыя гаспадаркі першымі закрылі дзяржзаказ для Полацкага КХП. На фінішную прамую выйшла “АграБаравінка”, увабраліся ў палову “Сіроцінскі” і “Шумілінскі райаграсэрвіс”. А вось з КУСГП “Мішневічы” прывезлі першае зерне на дзяржзаказ толькі 8 жніўня.
Кожны дзень на вытворчы ўчастак камбіната хлебапрадуктаў паступае 150-200 тон збожжа. Прычым самі высушваюць зерне толькі дзве гаспадаркі – “Шумілінскі райаграсэрвіс” і “Прыазёрны мір”. “Усё астатняе зерне трэба даводзіць да патрэбных кандыцый, – кажа Мікалай Аляксеевіч.  – Магутнасць нашай сушылкі – 200 тон у суткі, так што спраўляемся”.
Дарэчы, вытворчы ўчастак заключыў дагаворы з ДРБУ-204, ПМК-70, ПМС, а таксама з некаторымі прыватнымі ўладальнікамі вялікагрузных машын на перавозку зерня з гаспадарак.
На Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў наш раён павінен здаць 4515 тон збожжа. Пакуль, па словах начальніка аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці Р. Ф. Прасветава, здадзена толькі 45% да патрэбнага. Поўнасцю справіўся з дзяржзаказам “Прыазёрны мір”. У лідэрах СФГ “Крыніца”.   З гэтай гаспадаркі здалі больш за палову даведзенага планам збожжа.
Даведзены дзяржзаказ і на піваварны ячмень –  400 тон павінны здаць “Шумілінскі райаграсэрвіс”, “АграБаравінка” і “Прыазёрны мір”.
Гаспадаркі раёна працягваюць здаваць дзяржаве рапс. З даведзеных трох тысяч тон здалі пакуль палову. Між тым, адна тона рапсу першага класа каштуе 3,5 мільёна рублёў.
«Як глыток вады ў спякоту»
На зернесушылцы ў КУСГП “Мішневічы” поўным ходам ідзе работа. Адна за адной падыходзяць машыны, высыпаюць зерне, а праз некаторы час ужо высушанае вязуць у зернесклад.
“Вельмі не хапала рабочых рук, але выручылі шэфы, – кажа дырэктар гаспадаркі М. Г. Цікавенка. – Дзякуй, прыйшлі на дапамогу работнікі лясгасу, аддзела адукацыі, камунгасу. Яны працуюць слесарамі і аператарамі на сушылцы, токарамі, механізатарамі. Ужо каторы год дапамагае нам “Белпошта” – на час пасяўной і жніва выдзяляе машыну для развозкі абедаў. З шэфамі нам пашанцавала”.
Увогуле ў гэтым годзе гаспадаркам раёна ва ўборцы ўраджаю дапамагаюць шэфы з дзесяці арганізацый і прадпрыемстваў раёна.  На адвозцы зерня працуюць вадзіцелі райспажыўтаварыства, райгазу, лясніцтваў. Спецыялісты райсельгасхарчу ўхвальнае слова сказалі пра УП ЖКГ. Камунальная гаспадарка адправіла на палеткі раёна паўтара дзясятка чалавек. Практычна ў кожнай сельгасарганізацыі працуюць адзін-два чалавекі з камунгасу, паведаміў рэдакцыі галоўны спецыяліст райсельгасхарчу А. А. Аўтушка.  Напрыклад, у “Прыдзвінскім” выдатна працуе механізатар УП ЖКГ Юрый Масько.
“І ў нас добрыя шэфы, – кажа кіраўнік СФГ Раднік” Ю. В. Сямёнаў. – Два чалавекі з камунгасу і адзін з лясгасу працуюць аператарамі на зернесушылцы. Прапаноўвалі і з прадпрыемства меліярацыйных сістэм два трактары з прычэпамі. Але мы палічылі, што калі можам справіцца сваімі сіламі, то запрашаць шэфаў – гэта вялікая раскоша. Мы  ж умеем лічыць свае грошы. А вось калі будзем капаць бульбу, тады ўжо не абыдземся без дапамогі, будзем звяртацца да кіраўніцтва ПМС”.
Але далёка не ўсім гаспадаркам раёна пашанцавала з шэфамі. Калі ў “Ляжнях” з году  ў год на камбайн садзіцца механізатар Мікалаёўскага лясніцтва, то вось з райспажыўтаварыства ў гэтым годзе шэфы ўвогуле не прыехалі. “Згодна з распараджэннем райвыканкама ў нашу гаспадарку райспажыўтаварыства павінна было выдзеліць машыну з вадзіцелем і трактар з механізатарам. На гэту тэхніку мы спадзяваліся,  планавалі яе задзейнічаць на адвозцы зерня, – кажа дырэктар гаспадаркі В. В. Яцко. – Аднак дапамогі так і не дачакаліся. А тэхніка патрэбна, як глыток вады ў спякоту”.
І апошняе. Пра шэфаў з Віцебска. У розных гаспадарках раёна працуюць памочнікі з дзесяці прадпрыемстваў Кастрычніцкага раёна г. Віцебска. Акрамя рабочых рук дапамагаюць палівам, тэхнікай, запчасткамі, грашыма. З Віцебскага ДЭУ № 31 працуюць памочнікі ў “Прыазёрным міры”, з “Зелянгасу” і Віцебскага МНС – у “Лаўжанскім”, з Віцебскага хладакамбінату – у “Прыдзвінскім”, з “Віцебскдругасчэрмету” – у “АграБаравінцы”. У адрас віцебскіх шэфаў ад кіраўнікоў гаспадарак мы пачулі толькі падзякі.
У лідарах – Мікалаі
Жнівеньскі прыпар. У такі час камбайнеры працуюць ад цямна да цямна.
“Стараюцца ўсе, кажа дырэктара ААТ “Прыазёрны мір“ А. М. Пытко. – А ў лідарах Мікалай Карнілаў і Мікалай Шармуха. Экіпаж камбайнераў на 12 жніўня  намалаціў 565 тон зерневых і зернебабовых”. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. Прозвішча старшага камбайнера Мікалая Карнілава занесена на раённую дошку Гонару, зацверджаную ў газеце “Герой працы”.
Два Мікалаі разам на адным камбайне працуюць першы год. Але адзін аднаго разумеюць з паўслова. Мікалай Карнілаў ўжо навучыў свайго малодшага калегу многім прамудрасцям камбайнерскай справы.
М. Ф. Карнілаў – вопытны камбайнер. Сёлетняе жніво для яго пятнаццатае. Прычым, апошнія пяць гадоў быў у раёне тысячнікам. Думаецца, сёлетняе жніво падорыць камбайнеру не менш як тысячу.
Сам сеяў, сам і ўбірае
З  Мікалаем Жыгуным, адным з маладых механізатараў “Прыазёрнага міру”,  сустракаліся мы і падчас пасяўной. Тады Мікалай сеяў яравыя зерневыя. “Вось пасею, прыйдзе час – і ўбіраць сам буду”, – усміхаўся Мікалай.
І вось гэты час прыйшоў. Працуе Мікалай старанна. На яго рахунку  – 404 тоны зерня, хлопец лідзіруе сярод маладзёжных экіпажаў раёна. Пяты сезон Мікалай Жыгуноў працуе на КЗС-1218  без другога камбайнёра. “Аднаму лепш, – лічыць хлопец. –  Я спраўляюся, бо на камбайне яшчэ ў дзяцінстве працаваў з бацькам, ён навучыў мяне  ўсяму. У сярэднім намалочваю за дзень 30 тон зерня, а ў самы напружаны дзень – да 60 тон”.
“Ураджай мог бы быць і багацей”
Вопытныя камбайнеры лічаць, што намалаціць 30 тон за ўвесь дзень  – гэта мала. “Ураджай мог бы быць і багацей, – кажуць яны. – Калі на асобных палетках 25 цэнтнераў гектара, то гэта, лічыце, ужо ўдача для камбайнера”.
На  9 жніўня сярэдняя ўраджайнасць зерневых у “Прыазёрным міры” склала  23 цэнтнеры з гектары. Галоўны аграном гаспадаркі Алеся Васілевіч патлумачыла, што вясной азімыя былі пашкоджаныя мучністай расой. І час не чакаў, пакуль апрацуюць палеткі фунгіцыдамі.  А вясной многія палі стаялі ў вадзе, спазніліся з сяўбой. Некаторыя зерневыя не ў поўнай меры пратруцілі ад пустазелля, не хапіла гербіцыдаў. Вось усе гэтыя недапрацоўкі і паўплывалі на ўраджай.
Чым кормяць хлебаробаў?
Якраз падчас нашага прыезду на палеткі “Прыазёрнага міру” прывезлі механізатарам абед. Раздатчыца абедаў Любоў Леановіч разлівала суп, раскладвала па талерках макарон са шніцалем, разлівала кампот. “Абеды нам прывозяць са сталовай з Брыкету, – расказаў механізатар Пётр Кадасаў. – Кормяць смачна! З’ядаем усё! Зразумела, асабліва любім мясныя стравы, бо без іх мужчына адчувае сябе галодным.”
А. Ф. Балаболава,  вопытны повар сталовай на Брыкеце, ведае густы і патрэбы мужчын. І ніводны абед не абыходзіцца без мяснога. А ўвогуле “Прыазёрны мір” заказвае  кожны дзень паўсотню абедаў і вячэр. Прычым, вячэра бясплатная. А за абед вылічваюць толькі 20%. У сярэднім абед абыходзіцца кожнаму работніку ў 6-10 тысяч рублёў.
Вячэра з песнямі і раёнкай
Гарачае сонца песціць спелую ніву.  Адзін за адным па жоўтым акіяне спелай збажыны плывуць камбайны. Яны спыняюцца хіба толькі на абед ці вячэру, якую падвозяць прама на поле. Вось тады ёсць некалькі хвілін перакінуцца словам, пажартаваць ці нават паслухаць песню. Так, менавіта з песнямі выязджаюць да камбайнераў на поле работнікі культуры.
Разам з дырэктарам Слабадскога Дома культуры Л. В. Догель і загадчыцай Слабадской бібліятэкі Г. М. Белагалоўка пабывала на жніўным полі КУСГП “Сіроцінскі” і карэспандэнт раённай газеты.
Перапынак на вячэру. З “Блюза” прывезлі макарону з сардэлькамі і кампот. Смачна есці на свежым паветры!  “З песнямі вячэраем у гэтым годзе першы раз! – усміхаюцца механізатары. –  Нам падабаецца, прыязджайце да нас хоць кожны дзень. Можа, ад вашых песень і намалоты будуць большымі. А яшчэ ў нашага галоўнага агранома  У. А. Федаськова якраз сёння, 8 жніўня,  дзень нараджэння. Так што няхай песня пра агранома будзе для яго”.
І пра агранома, і пра хлеб, і пра родную зямлю, і пра каханне спявала песні пад акампанемент баяна Л. А. Догель. А мясцовы бібліятэкар прывезла прама на поле свежыя газеты і часопісы. Механізатары ўзялі ў рукі перш за ўсё “Герой працы” – у першую чаргу пацікавіцца, як ідзе жніво ў іншых гаспадарках раёна, хто ў перадавіках.
Ларыса ЗАЙЦАВА
Надрукавана ў №63 ад 13.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *