В агрогородках и деревнях Шумилинского района проходят праздники деревень

Культура Сельское хозяйство

А ў нашай вёсцы свята
У Сураўнях па вуліцах Паштовай і Школьнай

Арганізацыю і правядзенне свята вуліц Паштовай і Школьнай у вёсцы Сураўні, якое прайшло ў пачатку жніўня, узялі на сябе дырэктар Суравенскага сельскага Дома культуры Валянціна Рудзякова і бібліятэкар Надзея Кузьмічова. Надвор’е спрыяла святу.
Пачалося ўсё з віншаванняў вяскоўцаў, ветэранаў працы. Не абдзялілі ўвагай старажылаў вёскі – М. П. Бабаеву (вул. Школьная) і В. П. Дарафееву (вул. Паштовая) і самага маленькага жыхара – Мікіту Андрэева. Адзначылі віншаваннямі вясельных юбіляраў: меднае вяселле сёлета ў Ігара і Валерыі Канстанцінавых, сярэбранае вяселле – ва Уладзі-міра і Надзеі Паўлавых, жамчужнае – у Васіля і Антаніны Дзянісавых, рубінавае – у  Віталя і Люд-мілы Дарафеевых і ў Васіля і Ніны Дарафеевых.  Павіншавалі таксама жнівеньскіх імяніннікаў.
Жывуць на вуліцах Паштовай і Школьнай цудоўныя майстры, якія прынялі ўдзел у выставах вырабаў і букетаў. Лепшай рукадзельніцай вёскі прызнана Ніна Дарафеева. Жанчына атрымала сувенір за лепшую вышыўку. За «залатыя рукі» падарунак атрымаў А. М. Галабурда, які і ўмела, і з густам  пляце крэслы з лазы. К. П. Мураўёва і Н. І. Паўлава атрымалі прызнанне вяскоўцаў за выдатную выпечку, якой частавалі ўсіх прысутных на свяце.
Уся гэтая весялосць дапаўнялася канцэртнымі нумарамі, якія падрыхтавалі дырэктары Язвінскага і Слабадскога СДК Валянціна Пашкевіч і Любоў Догель, а таксама ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Суравенскага СДК К. М. Іванова. Цёплыя словы віншаванняў жыхарам вёскі сказаў старшыня Мішневіцкага сельскага Савета Л. А. Гаўрыленка.
Лілася музыка, гучалі песні, а суравенцы ўзгадвалі вясковыя падзеі рознай даўнасці, сыходзіліся на тым, што такія сустрэчы павінны быць традыцыйнымі, дзякавалі за мерапрыемства работнікам культуры.
У Лескавічах на вуліцы Смалькоўскай
Сонечнай раніцай каля дома Раісы Пятроўны Бераснёвай – адной са старэйшых жыхарак вёскі Лескавічы – сабраліся вяскоўцы, удзельнікі мастацкай самадзейнасці і госці. Менавіта тут святочна ўпрыгожылі пляцоўку, і вядучая Вольга Сцепаненка запрасіла ўсіх на свята вуліцы Смалькоўскай.
Вёска Смалькі, а цяпер вуліца Смалькоўская, захавала традыцыі добрасуседства, звычаі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Сцэнарый свята, які праводзіўся на беларускай мове, быў пабудаваны так, каб адзначыць лепшых людзей вёскі, іх працоўныя і творчыя дасягненні.
У народзе кажуць: «Не хлебам адзіным жыве чалавек!». А гэта значыць: душа прагне свята. Такое свята і наладзілі Паліна Паскіна і Аляксандр Кірылаў.
Смалькоўцы добра падрыхтаваліся да свята: В. В. Галубоўская, К. І. Андрэенка, С. В. Бубен падрыхтавалі выставу кулінарных вырабаў, пасля свята частавалі ўсіх прысутных сваімі стравамі.
За ўзорнае ўтрыманне прыдамавой тэрыторыі былі ўручаны граматы ад Светласельскага сельскага Савета Л. Я. Міновіч, К. І. Андрэенка і Л. І. Масель.
Шмат добрых слоў было сказана пра ветэрана працы Кацярыну Іванаўну Андрэенка, старэйшых жыхароў вёскі і тых, хто зараз працуе на шчодрай лескавіцкай зямлі. На свяце прысутнічалі госці з Віцебска, Полацка, Мінска і Санкт-Пецярбурга. Свята атрымалася.
В. КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
У Башнях на вуліцы Азёрнай
Добры настрой і прыемны адпачынак падарылі жыхарам вуліцы Азёрнай і ўсім башнёўцам самадзейныя артысты Лаўжанскага цэнтра культуры і вольнага часу Ю. Грыцкевіч, Ж. Васільчанка, В. Новікава, А. Варкун, М. Сабалеўская пад мастацкім кіраўніцтвам С. А. Усавай і загадчыка Башнёўскага сельскага клуба А.У. Кірылава.
Старшыня Светласельскага сельскага Савета В. В. Шчарбакоў уручыў удзячныя лісты самым руплівым гаспадарам, пахваліў вяскоўцаў, падзякаваў за добры парадак на асабістых падворках.
Вельмі спадабалася прысутным выступленне юнай акрабаткі з Віцебска А. Ментузовай, якая адпачывае зараз у бабулі ў Башнях, і самадзейнай артысткі Е. Калдуновай.
Жыхары вуліцы і госці не скупіліся на апладысменты, дарылі прыгожыя кветкі самадзейным артыстам, спявалі і весяліліся.
Вялікі дзякуй ад усіх жыхароў вуліцы Азёрнай загадчыку Башнёўскага сельскага клуба Аляксандру Кірылаву за свята, поспехаў яму ў працы і творчага натхнення.
А. САФОНЧЫК.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *