В субботу председатель райисполкома В. П. Куренной провёл «прямую линию» и приём граждан

Актуалии Президент

Каму транспарт гудзе-пыліць, а каму клён гулка шуміць
У суботу 25 жніўня старшыня райвыканкама У. П. Куранны  правёў “прамую лінію” і прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Шанс пагаварыць з кіраўніком раёна пра набалелае скарыстала каля двух дзясяткаў чалавек.
З якімі праблемамі звярталіся людзі да кіраўніка раёна? Дваіх (У. І. Грыбава з Шуміліна і Г. І Шчарбіну са Слабады) хвалююць пытанні прыватызацыі жылля. Асабліва няпростая сітуацыя ў Грыбава У. І., які ў свой час жыў на вуліцы Кароткіна ва ўласным доме. Дом пайшоў пад знос, гаспадар атрымаў кватэру, але ў свой час не аформіў уласнасць. І цяпер, аказваецца, павінен плаціць ці за арэнду (калі жыллё зробяць арэндным), ці за прыватызацыю. “Што рабіць, можа, у суд звяртацца?”  – разводзіць ён рукамі.
Магчыма, трэба і ў суд, параіў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў (які з-за вытворчай паездкі старшыні райвыканкама пачынаў прыём і “прамую лінію”), ва ўсялякім разе тут павінны разбірацца юрысты.
Па зносу дрэў звярнулася Р. І. Стахава з вуліцы Мінчугова, што ў райцэнтры, і А. І. Шаўцова з Грудзінава. І калі ў першым выпадку старыя таполі, пасаджаныя гадоў восемдзесят назад, сапраўды могуць уяўляць пагрозу, то па Грудзінаву, як запэўніў старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч, няма ніякіх падстаў спілоўваць прыгожы здаровы клён, які нікому не перашкаджае. Тым не менш кіраўнік раёна даручыў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дадаткова вывучыць пытанне па мэтазгоднасці зносу дрэва ў Грудзінаве.
А вось па другім пытанні – адсутнасці вады ў Грудзінаве (званіла А. Ю. Паўлоўская) – У. П. Куранны загадаў прыняць неадкладныя меры.
З набалелым пытаннем звярнулася ў райвыканкам жыхарка Обалі В. А. Лебедзева. Яна жыве на першым паверсе шматкватэрнага дома № 15 па вуліцы Першамайскай і пакутуе ад нядобрасумленнасці сваіх суседзяў, якія бяздумна забіваюць каналізацыю, бруднымі сцёкамі затапляюць падвал.
Дарэчы, гэтае пытанне актуальнае не толькі для Обалі. Падобныя сітуацыі, як паведамілі спецыялісты УП ЖКГ, узнікаюць пастаянна. На мінулым тыдні журналіст раённай газеты “папрацаваў” разам з камунальнікамі пры чыстцы калектараў і прабіванні пробак у каналізацыйных трубах. Пра яго ўражанні і меры, якія камунгас будзе прымяняць да неахайных жыльцоў, чытайце на 3-й старонцы гэтага нумара.
Але вернемся да суботніх зваротаў. Ад жыхароў вуліцы Мічурына паступіў сігнал, што на іх вуліцы незаконныя “прадпрымальнікі” займаюцца зборам і перапрацоўкай чорнага металу. Міліцыі было даручана праверыць сігнал. І як далажыў старшыні райвыканкама намеснік начальніка РАУС І. А. Шаціла, факты пацвердзіліся, незаконнымі “металістамі” займаецца падатковая інспекцыя раёна.
Тэрміновае даручэнне атрымала і ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама па звароту пчалавода з Цаўёў У. Ф. Буракова, які паскардзіўся на тое, што работнікі сельскай гаспадаркі парушаюць існуючую інструкцыю па ўнясенні гербіцыдаў, што можа стаць пагрозай для пчаліных сем’яў.
Ну, і вядома, не абышлося без пытанняў наконт добраўпарадкавання двароў і вуліц.  Ад імя жыхароў дома № 4 па вуліцы Кааператыўнай, што ў Шуміліне, патэлефанаваў М. Д. Бяззубенка з просьбай заасфальтаваць двор.
У. П. Куранны і па гэтым, і па іншых аналагічных зваротах жыхароў райцэнтра тлумачыў, што пакуль не пабудуем у Шуміліне ліўневую каналізацыю, нічога асфальтаваць не будзем, каб не прыйшлося потым пры будаўніцтве каналізацыі ламаць асфальт.
Гэтыя ж і іншыя моманты тлумачыў старшыня райвыканкама пецярым жанчынам з вуліцы Маякоўскага. Вуліца гэтая размешчана ў самай непасрэднай блізасці ад чыгункі, хапае яе жыхарам шуму і ўдзень і ноччу. Летам іх вуліцу падсыпалі шчэбенем і вырашылі зрабіць аб’язной трасай для вялікагрузнага транспарту. А вуліца вузкая, тратуараў няма. Некуды людзям дзецца ад патоку машын і ад пылу. А дзяцей як угледзець? Пра ўсё гэта наперабой расказвалі жанчыны кіраўніку раёна, а заадно закранулі і шэраг іншых хвалюючых праблем: падтапленне агародаў, пустуючыя ўчасткі, зарастаючыя кустамі, неабходнасць устаноўкі кантэйнераў для смецця ў пачатку і канцы вуліцы і г. д.
Гутарылі мо з гадзіну. Да размовы запрасілі начальніка ДАІ РАУС М. У. Гаралевіча. У. П. Куранны даручыў яшчэ раз вывучыць сітуацыю, пралічыць магчымасць іншых варыянтаў, каб разгрузіць вуліцу Маякоўскага.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *