Куда девать пустеющие школы?

Актуалии Экономика

Одно из зданий школы в Суровнях

Куды дзяваць школьныя будынкі?
Колькі ўжо гаворана-перагаворана пра аптымізацыю ўстаноў адукацыі, але тэма гэтая ўсплывае зноў і зноў, прычым з розных бакоў. Зразумела, пакуль кардынальна не зменіцца дэмаграфічная сітуацыя, пытанне закрыцця і скарачэння школ і дзіцячых садоў будзе стаяць на парадку дня. Гэта агульнасусветная практыка, бо скарачэнне сельскага насельніцтва – таксама агульная тэндэнцыя для ўсіх развітых краін свету.  Больш таго,  у нас гэтая сітуацыя стрымліваецца часам штучна, каб падтрымаць вёску, каб не пакідаць без працы педагогаў і г. д.
Спачатку факты: у Ляжнёўскім дзіцячым садзе (з бягучага года там застаўся толькі сад) засталося 5 дзяцей. На гэтых дзяцей будынак у дзясятак пакояў і дзясятак чалавек абслугі. Полькавічы: у садку 4 дзіцяці ў 2-х павярховым будынку. Лявонава – 5 дзяцей. У Суравенскай пачатковай школе – 7 дзяцей на тры будынкі.

Детский сад в Польковичах

У Сіроціне – 12 школьнікаў і 9 дашкольнікаў на вялізны тыпавы двухпавярховы будынак сярэдняй школы. Перспектыў, што за год-два прыйдзе больш дзяцей – няма. А на чарзе, праз пару-другую гадоў, яшчэ некалькі ўстаноў адукацыі. Пры гэтым, адукацыя “з’ядае” з раённага бюджэту амаль палову, прычым, ільвіную долю ў структуры расходаў займаюць выдаткі на ўтрыманне будынкаў, іх абслугоўванне, ацяпленне, рамонт інжынерных сетак і іншае. І як бы ні адцягвалі закрыццё, як бы ні ўваходзілі ў становішча вяскоўцаў, усе разумеюць, што закрыццё такіх устаноў – справа часу.
Вось тут і паўстае пытанне: куды дзяваць пусцеючыя будынкі школ і дзіцячых садоў? Закрылі школу, а далей трэба выкідаць грошы на кансервацыю. Што з імі стане праз пару месяцаў без нагляду, усім добра вядома, як

Детский сад в Лежнях

пасля ўзбуйнення сельгаспрадпрыемстваў у руіны ператварыліся многія адміністрацыйныя, вытворчыя, сацыяльныя і жылыя памяшканні ў былых цэнтрах гаспадарак.  Шкада, калі тое ж адбудзецца са школамі. Цяпер гэтыя будынкі ў прыстойным стане, маюць дагледжаныя тэрыторыі, усюды ёсць каналізацыя, водаправод, абсталяваныя кухні, сістэмы ацяплення, усюды працуюць кацельні. Размяшчаюцца будынкі ў прыгожых мясцінах. Адразу бачыш: гатовыя турыстычныя базы ці гасцініцы, толькі мэблю адпаведную паставіць. Ну, не “пяць зорак”, але для экалагічных турыстаў, для аматараў вандровак па прыродзе, аматараў рыбалкі і палявання ўмовы проста цудоўныя.
Вось і хочацца прапанаваць не чакаць, пакуль закрыецца школа ці садок, а потым шукаць будучых пакупнікоў і арандатараў. Прапаноўваць трэба ўжо цяпер, сёння. Кожны, хто пажадае ўкласці сродкі ў будынак, будзе разумець, што трэба пачакаць да 1 чэрвеня, калі скончыцца навучальны год. Затое без гаспадара будынак не застанецца, не разрабуюць яго. Нават, калі інвестар запатрабуе вызваліць будынак адразу пасля куплі, трэба згаджацца і ў ходзе навучальнага года перавесці  дзяцей у іншую ўстанову. Бо потым можа і не быць жадаючых.
Што будзе ў былой школе – турыстычны гатэль, новая вытворчасць ці офіс – справа інвестара. Галоўнае – захаваецца будынак, будуць на вёсцы працоўныя месцы, будуць грошы ў бюджэт ад продажы і потым ад падаткаў.
Для аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама гэтая справа па профілю: і будынкі іхнія, і турызм у іхніх руках. Трэба толькі шырокая інфармацыя пра аб’екты, каб прыцягнуць увагу інвестараў. Знайшоўся ж жадаючы набыць сядзібу ў Полцеве!
Дзяцей будзе вазіць школьны аўтобус – зноў жа практыка, якая існуе ва ўсім свеце, і ў нас ужо напрацоўкі ёсць. Для сельскагаспадарчага, як наш, раёна знайсці сваё месца на рынку паслуг вельмі важна. І экалагічны турызм з шумілінскімі азёрамі ды рэчкамі, балотамі ды лясамі – адна з такіх нішаў, якую яшчэ не позна заняць і пашыраць.
Вось такая тэма для абмеркавання. Можа, хтосьці пагадзіцца з выказанай думкай, хтосьці паспрачаецца. Але праблема існуе і вырашаць яе трэба сёння.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №69 ад 02.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *