На заседании президиума Шумилинского районного Совета депутатов рассматривалась профилактика пожаров, работа шумилинского райпо и поступление налогов

Актуалии Президент

Колькі ні гавары: “Халва!”, у роце салодка не будзе
Важнасць і надзённасць пытанняў, вынесеных на парадак нядаўняга пасяджэння прэзідыума, проста нельга перацаніць: прафілактыка пажараў і гібелі людзей на тэрыторыі Светласельскага сельсавета; спагнанне падаткаў; паляпшэнне работы кааператыўнага гандлю. Як заўсёды, гаворка па кожнай тэме на пасяджэнні прэзідыума, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава,  праходзіла непрадузята, з пазіцый патрабаванняў жыцця.
Пачнём з проціпажарнай бяспекі. Ірына Мікалаеўна Новікава ў размове зрабіла акцэнт на тое, каб  дамагчыся  ў гэтым накірунку жывой і зацікаўленай работы.  Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях  І. А. Крукаў, які выступіў з дакладам, закрануў шэраг праблем, без рашэння якіх нельга прафілактычную справу скрануць з месца. “Толькі комплекс мер прынясе поспех. Поспех прыйдзе, калі працаваць супольна і напорыста ”, – рэзюмаваў Іван Аляксеевіч.
Ірына Мікалаеўна  занепакоена тым, што ў Светласельскім сельсавеце выяўлена 36 сямей, якія дапусцілі высокую ступень пажарнай рызыкі, а тым не менш практычна мала што робіцца, каб папярэдзіць тут надзвычайныя здарэнні. Па вобразнаму выказванню І. М. Новікавай, колькі ні гавары: “Халва!”, у роце салодка не будзе. Аказалася,  абход з дэталёвым аналізам робіцца штогод у кастрычніку, напярэдадні ацяпляльнага сезона, так што гаварыць пра аб’ектыўную карціну ніяк не выпадае. Таму і 36 сямей гэтых, магчыма,  лічба далёкая ад рэалій. Тым не менш, як далажыла  прэзідыуму адказны работнік Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання А. М. Бабічава, на замену электраправодкі на ўвесь раён зрасходавана з пачатку года 12,8 мільёна рублёў (заменена яна тром гаспадарам). Горш справы абстаяць з рамонтам печаў. На гэта выдаткоўваецца 27 мільёнаў, аднак не асвоена ні рубля. Справу зацягнулі да канца жніўня, хаця дамаўляцца з прафесійнымі печнікамі трэба было ў студзені-лютым з тым, каб сёння на ўсе рамонты ўжо забыцца. Так, на жаль, не атрымалася: 8 гаспадароў чакаюць дапамогі.
Выступіў таксама старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў.
Падчас гаворкі ўзнікла нямала пытанняў, адказы на якія далі б магчымасць значна палепшыць справу. Шкада, што гаворку даводзіцца весці ў будучым часе. Тым не менш  толькі ўніклівая і старанная рэвізія ўсяго жылля зможа даць рэальную карціну, а значыць, і намеціць рэальныя планы, каб дапамагчы чалавеку, які мае ў гэтым патрэбу. На ўсё адводзіцца ўсяго месяц, да пачатку кастрычніка. І не толькі ў названым сельсавеце – па ўсім раёне.
Святое месца пустым не бывае
Кааператыўны гандаль спакваля здае свае пазіцыі. Сёння ў аб’ёме ўсіх гандлёвых паслуг райспажыўтаварыства займае 41,6%. Год назад гэтая лічба была больш прэстыжнай. І наогул, па словах І. М. Новікавай, кожны год райпо губляе недзе 3,5%. Вакууму ў такой сферы, як гандаль, не будзе: знаходзяцца тыя, хто займае вызваленую нішу.
Як, за кошт чаго выжыць? – прыкладна на такія пытанні спрабавалі даць адказ у размове, наладжанай з  в. а. старшыні райпо І. А. Паграбняком. З даклада  Ігара Аляксандравіча вынікае, што з насельніцтвам працуюць тут не горш, чым у іншых раёнах. І ў крэдыт выдаюць тавар (выдалі на 15 мільярдаў), і ў разліку на чалавека прадалі тавараў больш як на 3 мільёны рублёў. Гэта за 7 месяцаў года. “Прыйдзе” новы па сутнасці кафетэрый у Обаль (маецца на ўвазе  яго рэканструкцыя з заменай абсталявання на сучаснае), будзе наладжаны рамонт трох магазінаў.  Так што нібыта няма вялікай трывогі за лёс райпо.
Тым не менш сам факт зніжэння яго прэстыжу  наводзіць на сумны роздум. Нямала было пытанняў да І. А. Паграбняка і ад старшынь сельвыканкамаў, і ад членаў прэзідыума. Пра касавыя апараты ў аўталаўках. Адказ: набыты, ідзе абучэнне. Пра цэннікі: нямала тут цёмных “плямаў” і хітрыкаў. Старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава паказала прысутным здымкі, знятыя ў аўтакраме, якая прыехала ў вёску Навікі: папера з пералікам цэн стаяла да пакупнікоў “спінай”. Папрасілі павярнуць “тварам”, а прадавец у адказ: “Навошта? Цэны ўсё адно не тыя, што трэба”. Значыць, ашукваюць?  І другое пытанне ад Т. А. Дзятлавай: абяцалі прывезці ў Крывое Сяло “школьны базар”, нават напісалі аб гэтым у раённай газеце – не прывезлі. А людзі чакалі. Маглі б пазваніць… Зараз людзі набылі ўсё, што трэба, у Бешанковічах.
І яшчэ. Дазволена завозіць гарэлку і ў аўталаўках. Як кажуць, з дастаўкай на дом. Не будзем казаць пра тое, наколькі апраўданы такі крок, скажам адно: ужо знайшліся прадпрымальныя людзі, якія хочуць таксама займацца гэтым  на законных падставах. Так што святое месца пуставаць ніколі не будзе. Асабліва ў такой сферы, як гандаль.
Размова таксама вялася па арганізацыі закупу агародніны і садавіны ў насельніцтва, па кантрактнай сістэме закупу, па  бесперабойнай дастаўцы ў гіпермаркет Шуміліна  таннага малака, а таксама тварагу, хлеба, гандлі гэтымі  прадуктамі ў суботу і нядзелю, па завозу камбікармоў.
*          *         *
Аб ходзе паступлення падаткаў на зямлю і нерухомасць расказаў на пасяджэнні прэзідыума адказны работнік падатковай   інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Шумілінскім раёне Аляксей Ільінец. Добра ідуць справы са зборам названых відаў падаткаў у Мікалаёўскім, Обальскім, Дабейскім сельсаветах, намнога адстаюць ад графікаў у Мішневіцкім сельсавеце. Размова вялася таксама аб схеме спагнання падатковых збораў з нарыхтоўшчыкаў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №69 ад 02.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *