Властелин села Витебщины живёт в Лиозненском районе

Актуалии Сельское хозяйство

Участники проекта "Властелин села"

Бычок паехаў у Лёзна
Нататкі з абласнога этапа сямейнага праекта “Уладар сяла”.
Кампазіцыйна свята не вызначалася адметнасцю. Тыя ж вехі – афіцыйная частка, сам конкурс, падвядзенне вынікаў.  А вось па напалу барацьбы, па напружанні свята, якое прайшло ў мястэчку Обаль Шумілінскага раёна,  можна аднесці да драмы. Хаця, калі шчыра, на свяце  панаваў і дух неўміручага беларускага жарту.
Але ж, пачнём… Над ваколлем Обалі лунае бадзёрая музыка. Дагледжаны пляц і стадыён   Обальскай школы ў гэты дзень  набылі яшчэ большую ўрачыстасць і святочнасць: усюды столікі, усюды рух, усюды дзелавая мітусяніна. Што ні кажыце, у Обаль завітала абласное свята.

Победители из Лиозно - семья Кулаковых

Адкрывае яго намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Слова бяруць дырэктар школы А. М. Штокін, в. а. першага сакратара абласнога камітэта ГА БРСМ В. М. Дарожка.  Аляксандр Мікалаевіч шчыра вітае гасцей на гераічнай обальскай зямлі, Вольга Мікалаеўна ў выступленні прыводзіць вобраз снапа (якіх, дарэчы, нямала было на падворках сямей), каб сказаць, што адна сцябліна – кволая, а калі іх цэлы сноп – гэта ўжо сіла.
Сіла – у яднанні. Гэта так важна моладзевай арганізацыі, каб быў трывалы яе аўтарытэт.  Ад маек і кепак са святочным лагатыпам БРСМ на кожным кроку так і стракаціць. І не дзіва: абласны камітэт БРСМ – адзін з галоўных арганізатараў конкурсу.
Вось прадстаўнічае  журы пачынае агляд выставы набыткаў сямейнай гаспадаркі. На сталах розныя прысмакі, кампазіцыі з пузатых гарбузоў,  тут крамяныя яблыкі і наліўныя гронкі зялёнага вінаграду, тут на ашэстку вісяць лычкі сырой дамашняй каўбасы, у суседзяў яна ўжо гатовая да ўжывання. А з аграгарадка Бігосава Верхнядзвінскага раёна прывезлі, раскроілі кавун. Гаспадыня распавядала: “Сёлета кавуноў выкаціла шмат. Як ніколі…”. Каштуюць ружовыя  долькі і члены журы, і ўсе, асабліва дзеці. Смачна! А вось вінаград, нехта прызнаўся шчыра, кіславаты. Не бяда, затое люба-дорага паглядзець! Шаркоўшчынская сям’я запрашае пагуляць у “Поле цудаў”, сенненцы прывезлі  “асятрыну па-сенненску” (а па праўдзе шчупака), разлілі па пластмасавых стаканчыках юшку. Каштавалі ахвотна, пад гулкае цмоканне. Адна з жанчын прыстойных памераў, ласуючыся прысмакамі, аджартавалася: “Сёння еш, хоць расперажыся, а ўжо заўтра дыеты сцеражыся”. Пасмяяліся…

Второе место у Романятовых из Шумилинского района

Словам, нічога не скажаш, пастараліся ўсе 12 сямей, якія бралі ўдзел у конкурсе. І нашы землякі, сям’я Раманятавых з аграгарадка Слабада, таксама. Сціпла прэзентавала сваю гаспадарку сям’я з Ушачаў – на стале ляжаў, не, усё ж красаваўся, радаваўся сонечнаму дню духмяны каравай. Што духмяны – зразумелі ўсе, хто каштаваў скрылі, нарэзаныя гаспадаром. Сціпла, затое якія словы ўклаў у сваю прэзентацыю гаспадар, колькі гожасці ў словах, колькі хараства!..
На чарзе – самыя, бадай, відовішчныя віды праграмы. Тут і гаспадыніны дранікі, спечаныя з 5 бульбін (бульбу вырасцілі ў СФГ “Раднік”) на газавай пліце ва ўтульным школьным дворыку (страву “апраналі” сальцам, каўбаскай – хто чым мог), і адтуль праз усё свята казытліва клікаў да сябе зманлівы пах смажэння, тут і бярозавыя дровы,  штабелем  складзеныя на стадыёне, і святочная павозка з канём – зводдаль, а пасярод стадыёна ўмасцілася журы, якое ладзіла спаборніцтва па падборцы і пераборцы бульбы. Словам, закруцілася ўсё, заснавалася туды-сюды. Я маю на ўвазе і сем’і, і, вядома ж, групы падтрымкі. Самая, бадай, галасістая і тлумная была група падтрымкі сям’і Тамашэвічаў з Сенненскага раёна. Яна прыхапіла сваю пілу-двухручку, а адна з каманд прывезла з сабою калун, затое мужчына калоў цуркі, як арэхі. Словам, і тут рыхтаваліся, як і па візітоўцы, і па іншых конкурсных турах, усур’ёз, дбаючы пра дэталі. У кутку стадыёна тонка звініць піла, гохае сякера, у другім пад воклічы гледачоў увішна збіралася бульба, трэція (як, скажам, сем’і з Гарадка і Полацка) баязліва падступалі да рахманага школьнага коніка (яны, як аказалася, і запрагаць калёсы толкам не ўмелі), знаходзіліся ж і такія, хто каня запрог бы і з завязанымі вачамі. Нехта з дрывасекаў усё ж зламаў тапарышча, не вытрымалі нагрузкі  козлы – словам, барацьбу ў мужчын (жанчыны падбіралі паленцы і складвалі іх “у клетку”) была не жартоўная…
Прапусціў уперад гэтую частку кампазіцыйнай схемы свята, “пакрыўдзіўшы” нумар “Вітаем па-беларуску” наўмысна: хацелася больш месца ў нататках адвесці сям’і Раманятавых са Слабады. Праўда, і бліны яны спяклі смачныя, і пілавалі-калолі спраўна, аднак тут паказалі такую сцэнку, якая адразу ажывіла глядацкае асяроддзе. Аляксандр выйшаў цёмны, пад мусульманіна, з чалмой  – недзе такі, як Нікулін у фільме “Старыя разбойнікі”. І песню добра спяваў, а тут жонка Марына яго “асадзіла”, маўляў, бач ты яго, султан, у яго тры жонкі, і перавяла гаворку на рэйкі шчаслівага сямейнага жыцця там, дзе жонка адна. Словам, візітоўка атрымалася на славу. Як да месца была мужава пахвальба жонкі, якая шые бісерам і наогул робіць біжутэрыю, якую носіць сама, і дзяўчаткі, Вікторыя і Аліна, будуць насіць.

"Властелин села" Витебской области с главным призом

Па візітоўцы хацелася ўсё ж больш трапнага і цікавага пачуць на беларускай мове. Яна ж гучала толькі з вуснаў двух-трох сямей. Адметным было выступленне сенненскага хлапчыны, які, танцуючы рэп, расказваў у рэпавых рытмах пра сваё вялікае (у сям’і шасцёра дзяцей) сямейства. А лёзненцы пад гудок парахода вынеслі на сцэну выраблены з фанеры карабель, з гудком і вярталіся з “вандроўкі”…
Не магу не сказаць пра  тыя элементы, якія свята зрабілі больш насычаным і змястоўным. Гаворка пра гурт “Гарэзнікі” Обальскага ГДК, які ў святочных уборах і з песняй, звонкай і галасістай, усцешыў і гасцей, і землякоў, пра гульнявую праграму. Парадавалі майстры з Обальскага керамічнага завода, якія падрыхтавалі да свята медалі і шыкоўныя пано. Ад імя раённага аддзялення Беларускага саюза жанчын яе старшыня В. Г. Навіцкая ўручыла падарункі дзеткам сямей-фіналістаў, а арганізатары  абласнога этапу праекта – каманда з абласнога камітэта БРСМ – пацешылі дзятву каробкамі з цукеркамі і шакаладам. Нямала зрабілі для поспеху абласнога свята спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і аддзела адукацыі, фізкультуры і спорту райвыканкама, а таксама кіраўнік СФГ “Раднік” Ю. В. Сямёнаў.
Дарослыя члены сем’яў з хваляваннем чакалі іншага – чакалі, калі аб’явяць пераможцаў. А. М. Зайцаў прызнаўся, што журы, выяўляючы лепшых,  доўга “ламала коп’і”, пакуль вызначыла прозвішча пераможцаў.
Трэцяе месца – за сям’ёй Ананіч з Шаркоўшчынскага раёна, другое  заваявалі нашы землякі, сям’я Раманятавых, і, нарэшце, перамогу святкавала сям’я Кулаковых з Лёзна. Калі А. С. Барысевіч з ААТ “Лаўжанскае” падвёў да ганка   пярэсценькага бычка – галоўны прыз сям’і-пераможцы, і той заўпарціўся, не хочучы пераходзіць у чужыя рукі, – уся школьная пляцоўка ўзарвалася смехам і жартамі. Лёзненскі гаспадар з сынам перахапілі ў лаўжанца святочную аборку, так яны  пазіравалі на ганку перад  фотаапаратамі…
Як зацягвалі бычка ў аўтобус лёзненцы – не скажу, не бачыў, а што нейкую хвіліну стаяла сям’я збянтэжана, быццам не рада перамозе, гэта факт. Можа, для сям’і Кулаковых перамога была нечаканай, а можа, што іншае, не паспеў спытаць: лёзненцы неяк хуценька з’ехалі. А тое, што вялікай падзякі за арганізацыю свята заслужыла кіраўніцтва Обальскай СШ, скажу адназначна і з  гордасцю. Усё ж гасцінныя яны людзі, абальчане!..
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №69 ад 02.09.2013 г.



1 комментарий по теме “Властелин села Витебщины живёт в Лиозненском районе

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *