Из истории Шумилино. Улица Суворова

Актуалии Край шумілінскі

Вуліца Суворава вяла на Віцебск
Вуліца Суворава ў г. п. Шуміліна – адна з 20 вуліц, якія носяць імёны вядомых людзей. Вуліца названа ў гонар вялікага рускага палкаводца, аднаго з заснавальнікаў рускага ваеннага мастацтва, генералісімуса Аляксандра Васільевіча Суворава (1729-1800). Дакладнай інфармацыі пра час з’яўлення вуліцы Суворава ў Шуміліне няма, але можна меркаваць, што гэтая вуліца з’явілася ў даваенны час як працяг вуліцы Ленінскай і дарогі на Віцебск. Пра гэта сведчаць архіўныя дакументы, у якіх вуліца Суворава пазначана як месца пражывання некаторых жыхароў Шуміліна.
Размешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы райцэнтра, вуліца мае працягласць у 893 метры. Вуліца Суворава размешчана ў двух населеных пунктах – г. п. Шуміліна і а.-г. Светласельскі, таму на вуліцы ёсць дамы-двайнікі, і, адпраўляючы лісты па пошце, трэба ўдакладняць, у якім населеным пункце  пражывае адрасат. На ёй месціцца больш за 30 будынкаў і збудаванняў, большасць з якіх – жылыя. Калі дакладна, на вуліцы Суворава 24 аднапавярховыя прыватныя дамы і 7 шматкватэрных дамоў, у якіх пражывае 455 чалавек. Шкада, але на вуліцы з больш чым 70-гадовай гісторыяй не захавалася даваенных будынкаў.
Аднапавярховая вуліца
Фарміраванне вуліцы ішло ў некалькі этапаў. Сучасная забудова ад вуліцы Сіпко да вуліцы Першамайскай пачалася прыкладна ў канцы 40-х – пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя. У прыватнасці, дамы № 5 і № 2 пабудаваны ў 1948 і 1953 гадах адпаведна. Першапачаткова на вуліцы пераважала сядзібная забудова. Да дамоў прымыкалі ці месціліся асобна гаспадарчыя пабудовы. Неад’емнай часткай сядзіб былі агароды і невялікія сады.
Успамінаюць старажылы вуліцы Ягор  і Раіса Слямнёвы: “У 50-ыя гады для індывідуальных забудоўшчыкаў ствараліся спрыяльныя ўмовы: даваліся пазыкі, аказвалі дапамогу ў набыцці будаўнічых матэрыялаў. Часта і будучыя суседзі дапамагалі адзін аднаму”.
Трэба адзначыць, што жыхары вуліцы даглядалі не толькі свае сядзібы, але і вуліцу: падсыпалі пяском і гравіем, чысцілі канавы па баках, зімой расчышчалі снег. Характар забудовы на гэтым участку вуліцы за 50 гадоў не змяніўся. А вось функцыянальнае прызначэнне сувораўскіх сядзіб з часам мяняецца – некаторыя дамы сталі дачамі, але гэта не робіць вуліцу гарадскім ускрайкам.
Тая частка вуліцы, што знаходзіцца ў аграгарадку Светласельскі, пачала інтэнсіўна забудоўвацца ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя, калі сваё першае наваселле адсвяткавалі ў 1967 годзе некаторыя работнікі калгаса імя Леніна. Менавіта для іх былі пабудаваны 4 двухпавярховыя цагляныя дамы (№№ 5, 7, 9, 11).
“Вясковы” і яго суседзі
У гэтым жа 1967 годзе ў новым двухпавярховым  цагляным будынку (№3) на першым паверсе размяс-ціўся сельскі магазін тавараў паўсядзённага попыту Шумілінскага райпо. Першай загадчыцай магазіна была М. М. Юрчанка, прадаўцом – Л. М. Зубарава. Магазін карыстаўся попытам не толькі жыхароў вёскі Светласельская, але і ўсіх гараджан, бо галоўным у рабоце гэтых прадаўцоў была культура і хуткасць абслугоўвання.
Сваё другое нараджэнне і новую назву “Вясковы” магазін атрымаў пасля рэканструкцыі ў 2006 годзе, у сувязі з адкрыццём аграгарадка Светласельскі. Клапатлівай гаспадыняй у сучасным, з багатым асартыментам магазіне стала З. В. Шавяка, прадавец з амаль 40-гадовым стажам, якая за гады сваёй работы ў “Вясковым” змагла вывесці яго ў лік лепшых і атрымаць у 2011 годзе ганаровае званне “Жанчына года Шуміліншчыны”.
Сёння невялікі калектыў магазіна, які ўзначальвае Н. А. Сіняўская, робіць усё, каб заставацца патрэбным не толькі для жыхароў Светласельскага, але і для жыхароў “Верхняга горада”. Так, у 2012 годзе тавараабарот магазіна склаў 1 мільярд 655 мільёнаў рублёў.
Суседам гандлёвага аб’екта доўгі час была адміністрацыя Светласельскага сельвыканкама, якая месцілася на другім паверху будынка. Праз 39 гадоў работы сельскі Савет, у якім рэгістраваліся шлюбы і нараджэнні дзяцей, уручаліся павесткі ў армію, рашаліся многія іншыя пытанні вясковага жыцця, змяніў прапіску, пераехаў у будынак былой канторы калгаса імя Леніна. А суседзямі магазіна стала паштовае аддзяленне, дзе вяскоўцы могуць атрымаць амаль усе тыя ж паслугі, што і наведвальнікі гарадскога аддзялення сувязі, тут размясціўся і філіял №152 раённага аддзялення “Беларусбанка”. У 2007 годзе тут адкрыўся комплексны прыёмны пункт № 8, кіраўніцтва КУП БАН не пашкадавала ні грошай, ні намаганняў, каб правесці дабротны рамонт, набыць сучаснае абсталяванне і мэблю на суму амаль 19 мільёнаў рублёў у цэнах таго часу. Сёння тут прымуць заказы на рамонт адзення і абутку, тут можна набыць вырабы фабрык “КІМ” і “Чараўніца”, узяць напракат бытавую тэхніку, зрабіць прычоску і манікюр. Адным з апошніх навасёлаў у будынку стаў прыватны магазін “Мара”, які адкрыўся ў студзені 2013 года.
Райветстанцыя
У савецкі час будаўніцтва такіх аб’ектаў, як раённыя ветстанцыі, планавалася на ўскрайку гарадской рысы, абавязковай умовай была наяўнасць воданапорнай вежы. Для гэтых мэтаў у 60-я гады вельмі да месца падышла тэрыторыя ў пачатку вуліцы Суворава, дзе ў 1959 годзе спачатку ўзвялі помпавую станцыю і воданапорную вежу, а на наступны год – будынак райветстанцыі. Побач з райветстанцыяй утварыўся завулак Суворава, у якім сяліліся работнікі прадпрыемства,  якія ў розныя гады атрымлівалі тут ведамаснае жыллё.
Больш за 25 гадоў па адрасе: завулак Суворава, 16 размяшчалася раённая племстанцыя, якая ў 1998 годзе пераехала на вуліцу Юбілейную, а будынак папоўніў жылы фонд прадпрыемства.
Цэнтральная раённая бальніца
Як успамінаюць мясцовыя старажылы, на ўсходнюю частку вуліцы Суворава можна было трапіць, толькі пераадолеўшы калгаснае поле. Сваю цэласнасць вуліца Суворава набыла з увя-дзеннем у строй новага будынка цэнтральнай раённай бальніцы па адрасе вуліца Суворава, 1. Калектыў бальніцы ў той час узначальваў Я. Д. Маёраў. Праз два гады, у 1988 годзе, па новым адрасе прапісалася радзільнае аддзяленне, а на наступны год – інфекцыйнае аддзяленне, якое амаль 30 гадоў узначальвала Г. В. Калініна. Гаспадыняй ра-дзільнага амаль 15 гадоў была В. М. Путава. Па яе ўспамінах, работы персаналу аддзялення было шмат, бо Шуміліншчына штогод папаўнялася амаль чатырма сотнямі немаўлят. Медыцынская статыстыка сведчыць, што у той час хлопчыкаў нараджалася на 5% больш, чым дзяўчынак. Сённяшняя статыстыка не такая вясёлая, немаўлят з’яўляецца на свет амаль удвая менш, ды і нараджаюцца яны не ў Шуміліне, а ў радзільных дамах абласнога цэнтра, бо ў 2009 годзе радзільнае аддзяленне было зачынена.
Па адрасе Суворава, 1 размяшчаецца не толькі раённая бальніца, якую ўзначальвае К. Ф. Баканаў, але і шэраг іншых устаноў. Сярод іх аптэка № 218, якая 20 чэрвеня адзначыла 13-годдзе. Не многія ведаюць, што на тэрыторыі бальніцы размяшчаецца сектар судовых медыцынскіх экспертыз Шумілінскага міжраённага аддзела Упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці, які узначальвае У. У. Іваноў.
У вышыню і ў будучыню
З 1994 года, калі па адрасе Суворава, 3 на месцы былога поля з’явілася першая пяціпавярхоўка, вуліца пачала расці ўверх. Доўгі час гэты пятнаццацікватэрны дом стаяў у гордай адзіноце, узвышаючыся над аднапавярховымі домікамі. Архітэктурны план забудовы абяцаў яму ў суседзі будынак новай школы, але па волі часу ў 2009 годзе побач з’явілася яшчэ адна пяціпавярхоўка, генпадрадчыкам якой пасля доўгага перапынку стала Шумілінская ПМК-70. Апошнім навасёлам на вуліцы стаў трэці па ліку шматкватэрны дом, узведзены ў 2010 годзе.
Старажылы памятаюць, калі адзіным транспартным сродкам на вуліцы Суворава быў конь. У 80-я гады была заасфальтавана праезная частка, з’явіліся тратуары. На вуліцы – канцавы прыпынак гарадскога аўтобуснага маршруту. У 2010 годзе абапал дарогі закладзена кляновая алея, якая ўпрыгожыла вуліцу, а праз некалькі гадоў стане цудоўнай зонай адпачынку…
С. ІВАНОВА, старшы навуковы супрацоўнік Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Надрукавана ў №71 ад 10.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *