Шумилинский ГДК приглашает в кружки и коллективы

Культура Мир увлечений

Шумілінскі гарадскі Дом культуры запрашае:
Народны фальклорны калектыў “ГУЛЬБІЧЫ” (кіраўнік Л. І. Цыркунова)
Вы з задавальненнем знаёміцеся з гісторыяй роднага краю, традыцыямі нашых продкаў, вам спадабаецца беларускі фальклор ці вы проста любіце народныя песні? Народны фальклорны калектыў “Гульбічы” чакае вас. Заняткі праходзяць па панядзелках і пятніцах з 17.00 да 19.15.
Народны клуб “ВЕТЭРАН” (Г. М. Аляксеева)
Нам рана жыць успамінамі. Давайце разам напоўнім жыццё фарбамі, зробім яго цікавым і насычаным.
Жыццё на пенсіі працягваецца. У гэты час з’яўляецца многа свабоднага часу, каб займацца любімай справай. Вы не адзінокія. Прыходзьце ў клуб, дзе вы зможаце падтрымаць сваё здароўе у аздараўленчай групе, праявіць свае вакальныя здольнасці, паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. Мы чакаем вас у панядзелак і пятніцу з 10.00 да 12.15.
Народны хор “СВІТАНАК” (Л. М. Дземідовіч)
Нам песня будаваць і жыць дапамагае. З ёй усе беды для нас не страшны
Калі вам 25 гадоў і больш, ёсць голас, любіце спяваць – народны хор “Світанак” для вас. Рэпертуар хору разнастайны: ад народных матываў да эстрадных кампазіцый. Заняткі праходзяць па аўторках і пятніцах з 17.00 да 19.15.
Народны тэатр мініяцюр “БУФФ”  (Ю. В. Раманаў)
Смех падаўжае жыццё. Смех узнімае настрой. А вы спрабавалі рассмяшыць сяброў, сваіх блізкіх? Атрымліваецца? Тады народны тэатр мініяцюр “Буфф” чакае вас. Рэпетыцыі праводзяцца кожны панядзелак і чацвер з 17.00 да 19.15.
НАРОДНЫ ТЭАТР (Т. У. Багданава)
Калі двое размаўляюць,
а трэці іх слухае – гэта ўжо тэатр
“Усё жыццё – ігра, і ўсе мы ў ёй – акцёры”. Кожны дзень мы ходзім на працу і выконваем сваю прафесійную ролю, вяртаемся дамоў – і зноў ігра. Жадаеце паспрабаваць нешта іншае? Атрымаць задавальненне ад зносінаў з аднадумцамі, прымерыць новы сцэнічны вобраз і напоўніць жыццё тэатрам? Народны тэатр чакае ўсіх, каму споўнілася 18 гадоў. Рэпетыцыі праводзяцца кожны панядзелак і чацвер з 17.00 да 19.15.
Вакальна-інструментальны ансамбль “ЭКСПЕРЫМЕНТ” (М. А. Крыгін)
Калі вы малады і вам спадабаецца ствараць і выконваць сучасную музыку – вас чакае ВІА «Эксперымент».
Рок-гурт праводзіць рэпетыцыі ў суботу і нядзелю з 18.00 да 21.00.
ДЗІЦЯЧАЯ ТЭАТРАЛЬНАЯ СТУДЫЯ (В. М. Барабанава)
Калі б сэнс тэатра быў толькі ў забаўляльным відовішчы, быць можа, і не варта было б укладваць у яго столькі працы, але тэатр ёсць мастацтва адлюстроўваць жыццё.
Кожнае дзіця валодае пэўным талентам. Магчыма, гэта тэатральнае мастацтва. У студыі дапамогуць раскрыць здольнасці, адчуць упэўненасць у зносінах з аднагодкамі, дадаць у сваё школьнае жыццё новыя станоўчыя эмоцыі. Заняткі праходзяць у аўторак і чацвер з 15.30 да 17.00.
Дзіцячая эстрадная студыя “АСАРЦІ” (кіраўнік Ю. В. Старавойтава, хармайстар Н. В. Філіпава)
У студыі мы дапаможам развіць таленты вашых дзяцей. З песняй і танцам лягчэй ісці па жыцці.
Гэтая студыя для тых, хто любіць спяваць і танцаваць, выступаць на сцэне, каб  самому лавіць хвалю выдатнага настрою і дастаўляць задавальненне іншым. “Асарці” чакае дзяцей з 1 па 11 клас. Танцавальная група займаецца па аўторках і чацвяргах з 15.30 да 17.45, а ў пятніцу з 16.40 да 18.55. Вакальная група праводзіць рэпетыцыі ў панядзелак з 15.35 да 17.50, сераду з 15.30 да 17.45 і па суботах з 11.35 да 13.50.
Дзіцячы танцавальны калектыў “ПРАЕКТ”, малодшая група (Н. А. Масюкова)
Харэаграфія – мастацтва, якое любяць дзеці, і працаваць з імі – значыць, штодзённа аддаваць дзіцяці жыццёвы і духоўны вопыт, уводзіць маленькага чалавека ў свет прыгожага, раскрываць патэнцыяльныя магчымасці падрастаючага чалавека, фарміраваць ягоныя фізічныя і духоўныя якасці.
Прыгожым рухам трэба вучыцца з дзяцінства. Першыя поспехі дзяцей – самыя яркія для бацькоў і так запамінаюцца самому дзіцяці. Гэта калектыў для самых маленькіх – 3-6 гадоў. Заняткі праходзяць у сераду з 17.30 да 18.30 і ў суботу з 11.00 да 12.00.
ГУРТОК ЛЯЧЭБНАЙ ГІМНАСТЫКІ (Н. І. Маскалькова)
Вы жадаеце быць у добрай форме, паправіць сваё здароўе, быць поўнымі сіл і энергіі? Спецыяльны індывідуальны набор практыкаванняў дапаможа вам умацаваць здароўе, дадасць станоўчы зарад эмоцый. Усю дарослую групу насельніцтва чакаем па аўторках і чацвяргах з 17.45 да 20.00, у суботу з 17.00 да 19.15.
Танцавальны калектыў “ПРАЕКТ”, дарослая група (18-30 гадоў) (Н. А. Масюкова)
Маладзёжная танцавальная група чакае тых, хто любіць музыку і жадае навучыцца танцаваць. Сучасныя танцавальныя напрамкі папоўняць ваш вопыт рухаў, а на дыскатэцы  вы будзеце ў цэнтры ўвагі. Чакаем вас у панядзелак і сераду з 16.00 да 17.30.
Аматарскае аб’яднанне “ПАДЛЕТАК” (А. У. Карнілаў)
Давайце разам рашаць, як праводзіць вольны час цікава, весела  і з карысцю. Разам разбавім школьнае жыццё новымі ўражаннямі!
Калі вам ужо надакучылі камп’ютарныя гульні, тэлевізар, а зносіны ў сацыяльных сетках не прыносяць больш задавальнення, то “Падлетак” чакае вас. Аб’яднанне запрашае дзяцей 5 і 6 класаў. Заняткі праходзяць кожны аўторак і  чацвер з 16.30 да 18.30.
ДЫСКАКЛУБ “КРУГ” (Т. У. Багданава)
У дыскаклубе займаюцца абмеркаваннем танцавальных  і музычных напрамкаў, правядзеннем дыскатэк, удзелам у раённых і абласных конкурсах дзі-джэяў. Чакаем вас у пятніцу з 19.20 да 20.50 і ў суботу з 18.45 да 20.15.
Дзіцячы танцавальны калектыў “ЛЮКС”, сярэдняя група 7-11 гадоў (Н. А. Масюкова)
Гэтая група арыентавана на дзяцей пачатковых класаў. Калі ваша дзіця любіць рухацца пад музыку, прапануем гэта зрабіць разам з харэографам. Калектыў з разнастайнымі нумарамі часта выступае на вялікай сцэне. Прыходзьце! Заняткі праводзяцца ў панядзелак і сераду з 14.30 да 16.00.
Падрабязную інфармацыю пра калектывы Дома культуры можна атрымаць па тэлефоне 4-19-85, 4-18-69.
А. Карнілаў, мастацкі кіраўнік Шумілінскага ГДК.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *