Люди и судьбы. Иван и Зинаида Гарбузовы

Людзі і лёсы

А нявеста была ў ружовай сукенцы са штапелю
Добрая гэта справа – кірмаш. На такія фэсты раней ладзіліся ў многіх вёсках раёна. Тут прадавалі тавар на розны густ, тут гучаў гармонік, было весела. І вельмі часта менавіта на кірмашы знаёміліся маладыя людзі, тут загараліся першыя іскрынкі кахання.
Так было і ў сям’і Зінаіды Максімаўны і Івана Мікалаевіча Гарбузовых з вёскі Рускі, якія ў гэтым годзе святкуюць ізумруднае вяселле – 55 гадоў сумеснага жыцця. І ўжо даўно няма такіх кірмашоў, многае змянілася ў жыцці, але ж засталося ў людзей галоўнае – каханне, павага, ўзаемападтрымка. “А часам так хочацца вярнуцца ў шчаслівыя часы маладосці, – летуценна кажа Зінаіда Максімаўна. – Тады, у 50-я гады, нашы сем’і жылі небагата, але  ж у нас было самае галоўнае – здароўе і маладосць. А пазнаёміліся мы з Іванам на Узнясенне – вясенняе свята. Я з бацькамі тады жыла ў вёсцы Чарнецкія. І мы, вясковыя дзяўчаты, хадзілі на кірмаш у Бокішава. Рыхтаваліся загадзя – за тыдзень да свята. Прымяраліся, красаваліся перад люстэркам. І цікавілі нас на кірмашы зусім не тавары, часам хадзілі туды ўвогуле без грошай. Мы ішлі танцы. З-за Дзвіны на лодках (з Бешанковіцкага раёна) прыплывалі хлопцы і дзяўчаты. Моладзі збіралася многа, было весела. Менавіта на кірмашы я і сустрэла Івана, які жыў тады ў  вёсцы Рускі. Ён запрашаў мяне на танцы, не раз праводзіў дадому. Так і пакахаліся”.
Зінаіда і  Іван сустракаліся амаль тры гады. І рашэнне ажаніцца было, як кажуць, зусім не з пляча, а прадуманым і грунтоўным. Жаніх на тройцы коней прыехаў за нявестай, павёз да сваіх бацькоў, дзе і ладзілася вяселле. Ну, а нявеста, прыбраная ў ружовую сукенку са штапелю (спецыяльна да вяселля купляла матэрыял у Шуміліне) здавалася тады Івану найпрыгажэйшай. І няважна, што не было сапраўднай фаты (яе зрабілі са звычайнай марлі і ўпрыгожылі штучнымі бела-ружовымі кветкамі), што і вяселле было небагатым, усё роўна маладая пара была самай шчаслівай у свеце.
“Усе 55 гадоў мы пражылі ў вёсцы Рускі, вось у гэтай хаце, – кажа Іван Мікалаевіч. – Абое працавалі ў паляводстве. Спачатку наш калгас называўся “Шлях да сацыялізму”, а потым –  “Праўда”.  Для паляводаў, жанчын і мужчын, на той час было шмат ручной работы: сушылі сена, стагавалі яго, капалі і перабіралі бульбу, рукамі бралі і сартавалі лён. Вядома, стамляліся за дзень. Але былі маладымі і дадому вярталіся з песнямі”.
А дома Гарбузовых таксама чакала работа: трымалі карову, авечак, свіней. Стараліся ўсю дамашнюю работу рабіць разам. “Сварыцца было проста некалі, – усміхаюцца Гарбузовы. – Жыццё, можна сказаць,  пражылі спакойна. Выхавалі двух сыноў. У іх зараз таксама дружныя  добрыя сем’і.  І мы ганарымся гэтым, напэўна ж, хлопцы ад нас навучыліся сямейнаму ладу.  Будзем рады, калі па сямейнай традыцыі перададуць гэты лад нашым траім ўнукам, а тыя – нашым праўнукам”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *