Встреча руководства района с молодыми специалистами прошла в Шумилино

Актуалии Молодёжь Президент

Анатоль Зайцаў: “Рызыкуйце! Стварайце! Перамагайце!”
Сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, што сёлета папоўнілі прадпрыемствы і арганізацыі Шумілінскага раёна, прайшла ў сераду ў Гарадскім ДК. 118 спецыялістаў сельскай і лясной гаспадарак, педагогаў, будаўнікоў пачынаюць сваю працоўную біяграфію на Шуміліншчыне. Менавіта яны будуць вызначаць далейшы лёс нашых прадпрыемстваў, яны прынясуць у свае калектывы свежае дыханне, інавацыі, нестандартныя падыходы. Было б добра, каб у Шумілінскім раёне ім спадабалася.
Менавіта для гэтай мэты ўжо не першы год ладзяцца падобныя сустрэчы. Маладым даюць зразумець, што кожны з іх – важны для раёна, што яны не застануцца без увагі, без дапамогі, добрай парады і падтрымкі. Пра гэта гаварыў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч пазнаёміў маладых спецыялістаў з гісторыяй раёна, расказаў пра сацыяльна-эканамічнае жыццё, пра ўсе сферы, у якіх ёсць магчымасць праявіцца цяпер і ім.
Самае вялікае ўліванне маладой сілы адчула сёлета сельская гаспадарка – 32 чалавекі. В. В. Юхнавец, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК, запэўніў, што ўсе прадугледжаныя заканадаўствам датацыі абавязкова атрымае кожны з іх. Але найперш усім маладым ён пажадаў кахання, каб стваралі сем’і і нікуды адсюль не выязджалі.
Многія спецыялісты атрымалі жыллё. Як, да прыкладу, сям’я Сямёнавых з КУСГП “Ульскі”, дзе муж – галоўны інжынер, а жонка – заатэхнік. Дом ад “Прыазёрнага міру” атрымалі ветфельчары Шалахавы, якія таксама нядаўна стварылі сям’ю.
“У нас на вагу золата – заатэхнікі, ветурачы і не толькі”, – дзеліцца клопатам спецыяліст па кадрах упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. А. Аўтушка. Ніяк не ўдаецца зняць пытанне па замацаванні кадраў у раёне. Зараз, да слова, некалькі маладых спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны штодня ездзяць на работу з Віцебска, Полацка. Пытанне з выдзяленнем ім інтэрната ніяк не рашаецца. Хочацца спадзявацца, што і ў Мішневічах застанецца жыць малады спецыяліст, якому адразу пасля ВНУ даверылі пасаду галоўнага бухгалтара, і намеснік дырэктара па вытворчасці, і галоўны аграном “АграБаравінкі” праявяць сябе выдатнымі спецыялістамі і будуць працаваць з ахвотай і задавальненнем.
Ганарыцца сваёй ар-міяй маладых галоўны ўрач ЦРБ К. Ф. Баканаў – 27 урачоў, фельчараў, медыцынскіх сёстраў. Патрэбна, канешне, больш. І ўсіх кіраўніцтва раёна абяцае забяспечыць жыллём.
А вось у міліцыю прыйшоў усяго адзін спецыяліст – у інспекцыю па справах непаўналетніх. А рады б там былі і ўчастковым інспектарам, і міліцыянерам-вадзіцелям, і оперупаўнаважанаму па барацьбе са злачыннасцю, расказаў намеснік начальніка РАУС Ю. А. Арлоў.
Пра тое, што маладым на першых парах трэба падтрымка, і гаварыць не прыходзіцца. Таму “Беларусбанк” гатовы выдаць крэдыты на льготных умовах. Спецыяліст банка С. К. Чаплінская ўсё падрабязна расказала і параіла пакарыстацца крэдытам: можна атрымаць да 15 мільёнаў, прычым, выплаты можна рабіць толькі праз паўгода.
Аляксандр Хмарын, першы сакратар райкама ГА БРСМ, расказаў пра тое, чым займаецца працоўная моладзь у вольны ад работы час. Заклікаў усіх далучацца.
Усім маладым спецыялістам хочацца пажадаць упэўненасці ў сваіх сілах, натхнення ў працы, аддачы ад работы, матэрыяльнага дабрабыту. І вядома ж, кахання!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *