Все учреждения образования Шумилинского района готовы к новому учебному году

Актуалии Образование

Комиссия по приёмке учреждений образования работае в СШ №1 г.п. Шумилино

Хутка зазвініць званок…
У раёне прайшла праверка  гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Сёння мы расказваем пра школы і дзіцячыя сады, якія камісія наведала на гэтым тыдні.
Обаль:
дзіцячы сад, школа, прытулак

У групах Обальскага дзіцячага сада, дзе выхоўваецца 105 дзяцей, парадак: на сценах з’явіліся прыгожыя малюнкі, на вокнах – новыя шторы, якія, дарэчы, пашылі сваімі сіламі.  На тэрыторыі сада сёлета абноўлены інтэр’ер: радуе вока дэкаратыўная агароджа, з’явіліся новыя клумбы, пянькі ад зрэзаных дрэў ”замаскіраваны” казачнымі героямі. Адным словам, тэрыторыя выглядае прыстойна. Але ёсць  мінус – аварыйныя летнія веранды. І. І. Шалахава даручыла спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму разабрацца з гэтым пытаннем. Тэрыторыя дзіцячай установы павінна быць бяспечнай для дзяцей.
Вялікая тэрыторыя ля Обальскай школы дастойна пахвалы: абкошана, прыбрана, пафарбавана. Бачна, што калектыў працаваў тут не толькі летам, але і на працягу навучальнага года. Школа, дзе будзе сёлета вучыцца 248 дзяцей, можа ганарыцца чатырма рэсурснымі цэнтрамі: сучасна, камп’ютарызавана, прыгожа і стыльна. Адрамантаваны іншыя вучэбныя кабінеты. Але яны на фоне рэсурсных цэнтраў выглядаюць беднавата. Трэба падцягваць да такога ўзроўню ўсе кабінеты.
Раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр (або прытулак) – адзіная ўстанова раёна, дзе чым менш дзяцей – тым лепш. Прытулак разлічаны на 14 месцаў, зараз тут знаходзяцца чатыры дзіцяці. Для іх, безумоўна, створаны ўсе ўмовы для жыцця і вучобы. У прытулку пафарбавалі падлогу, часткова замянілі плітку ля ўмывальнікаў. Работнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра вельмі ўдзячны за дапамогу сваім спонсарам: “Нафтану”, Обальскаму сельвыканкаму, а таксама гаспадару “Міні-маркета” Аляксандру Мацуганаву.
Шуміліна: дашкольныя ўстановы
115 дзетак прыйдуць першага верасня ў дзіцячы яслі-сад № 1 г.п. Шуміліна. Камісія адзначыла, што ў параўнанні з мінулым годам гэта дашкольная ўстанова папрыгажэла: на тэрыторыі шмат кветак, спартыўная пляцоўка пафарбавана, з’явілася новая плітка ля ўмывальнікаў, гульнявыя цэнтры адпавядаюць патрабаванням і маюць эстэтычны выгляд. Радуе, што дзіцячаму садку дапамагаюць не толькі бацькі, але і спонсары: райбыткамбінат, прыватнае прадпрыемства “Легна”.
Пабеленым адрамантаваным ганкам, часткова замененымі вокнамі, адрамантаванай агароджай сустрэў гасцей дзіцячы сад № 3, дзе выхоўваюцца 154 дзіцяці. У пакоях тут новая мэбля, светла і прасторна. Дарэчы, гэта адзіная дашкольная ўстанова райцэнтра, якая дазволіла сабе такую раскошу, як зрабіць спальні для дзяцей асобна ад вучэбнай зоны. Загадчыца сада Н. М. Пашкевіч дзякавала за падрыхтоўку да новага навучальнага года сваім спонсарам (ПМК-70, УП ЖКГ, ДЭУ-36), а таксама некаторым бацькам. Напрыклад, Аляксандр Шаціла, бацька чацвярых дзетак, пабудаваў сваімі рукамі драўляны цягнік і падарыў яго дашкольнай установе.
Напаўняльнасць гульнявых цэнтраў ясляў-сада № 2 адпавядае метадычным патрабаванням і ўзроставым асаблівасцям дзяцей. Работа калектыву дашкольнай ўстановы, якія выхоўваюць 103 дзіцяці, сістэмная і планамерная, адзначылі члены камісіі. 1 верасня тут сустракаюць адрамантаванымі пакоямі і абноўленай агароджай, новай пасцельнай бялізнай для дзетак, якую пашылі сваімі сіламі.
Добра папрацавалі па падрыхтоўцы на новага навучальнага года ў дзіцячым яслях-садзе № 4. Тут зрабілі адмостку, адрамантавалі фундамент і ганак, а таксама падлогу ў харчаблоку. У гэтым годзе за кошт сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці памянялі некалькі вокнаў на пластыкавыя. Спартыўную пляцоўку ля дашкольнай ўстановы можна назваць узорнай. Садок, разлічаны на 67 месцаў, сёння перапоўнены і налічвае 106 дзетак. Але бацькі давяраюць выхавальнікам і просяць прыняць іх дзяцей менавіта ў гэту дашкольную ўстанову.
Заўвагі, зробленыя для садкоў, практычна ўсюды былі аднолькавыя: адрамантаваць парэпанае асфальтавае пакрыццё, купіць воданагравальнікі, па магчымасці разжывацца на новую мэблю і сучасныя стэнды.
Школы райцэнтра
СШ № 1 г. п. Шуміліна – самая вялікая ў раёне, яна налічвае 702 вучні. І што настаўнікі працуюць плённа, кажа сёлетняе паступленне: з 37 выпускнікоў 18 сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Было бачна, што школа рыхтавалася да новага навучальнага года: пафарбавана, паклеена, вымыта. Дзякуючы другаснай занятасці, набылі новыя шторы ў актавую залу. Разжыліся на футбольныя мячы: іх падарылі футбольнай камандзе дзяўчат, якая заняла прызавое месца на рэгіянальным фінале Віцебскай вобласці рэспубліканскага турніру па футболе “Кубак Кока-кола. Уступай у гульню”.
СШ № 1 заўсёды на віду, бо знаходзіцца ў цэнтры Шуміліна, і прышкольная тэрыторыя тут патрабуе пастаяннага ўдасканальвання кветкавага афармлення, адзначылі члены камісіі. Яны рэкамендавалі кожнаму настаўніку-прадметніку папрацаваць над метадычным афармленнем кабінетаў, праявіць творчы падыход.
Пабагацела ў гэтым годзе на вучняў СШ № 2: калі летась іх вучылася 214, то сёлета – 240.  Усе яны будуць займацца ў адрамантаваных класах. У гэтым годзе  школа працавала па другаснай занятасці – адрамантаваны вучнёўскія сталы. Камісія адзначыла, што за апошнія тры гады школьная спартзала адрамантавана добра. Дарэчы, недастаючыя спартыўныя снарады было рэкамендавана забраць з былой Лаўжанскай школы. Просіць прыкласці гаспадарскую руку і школьная майстэрня.
Цэнтр дзяцей і моладзі
Акуратна выглядаюць кабінеты цэнтра дзяцей і моладзі. Работнікі паклапаціліся, каб тут было ўтульна больш як для трохсот дзяцей, якія будуць наведваць 32 групы па інтарэсах. Прычым, у гэтым годзе работнікі цэнтра прапануюць і новыя гурткі, якіх не было летась.
Башні: школа і дзіцячы сад
Башнёўская СШ сёлета пабагацее на 20 вучняў былой Язвінскай школы. І ўсяго на 1 верасня ў Башнёўскую школу прыйдуць вучыцца 77 хлопчыкаў і дзяўчынак. Камісія адзначыла добрае афармленне тэрыторыі, прадуманы падбор раслін, ідэальны парадак ля школы. Ва ўсіх вучэбных кабінетах зроблены касметычны рамонт. Класы і калідоры навучальнай установы абсталяваны новымі стэндамі. Аднак ёсць пытанні па спартыўнай базе: трэба зрабіць падсыпку на стадыёне, замяніць сетку на кольцах.
Башнёўскі дзіцячы сад наведвае 14 дзетак. На кампактнай тэрыторыі нямала кветак, добра дагледжаны прысядзібны ўчастак. Пакоі дзіцячага садка адрамантаваныя. Дашкольнай установе дапамагае ААТ “АграБаравінка”.
Светласельскі яслі-сад
У Светласельскім яслях-садзе стараюцца захаваць той рамонт, які “падарыў аграгарадок”. Вядома, да новага навучальнага года тут абнавілі пакоі, падфарбоўвалі спартыўную пляцоўку, зрабілі новыя стэнды. Сёлета дашкольную ўстанову будуць наведваць 53 дзіцяці. Для іх зроблены сцежка здароўя, метэастанцыя з сонечным га-дзіннікам, новыя архітэктурныя формы. Яслі-сад адпавядаюць стандартам аграгарадка. Аднак, як адзначыла камісія, у першую чаргу ля дашкольнай установы трэба пабудаваць летнюю веранду, а наступны год прадумаць больш разнастайныя кветкавыя кампазіцыі на тэрыторыі.
Язвінскі дзіцячы сад
З гэтага навучальнага года Язвінская дзіцячы сад-базавая школа пераўтворана ў дзіцячы сад. Тут выхоўваюцца 11 дзетак. У дашкольнай ўстанове зроблены рамонт ацяпляльнай сістэмы, з’явіліся новыя архітэктурныя формы, клумбы, адрамантаваны спальня, калідор і гардэроб. У дашкольнай установе створаны ўсе ўмовы дзетак. Трэба тэрмінова завяршыць рамонт даху.
Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат
Той факт, што ў Шумілінскую раённую гімназію-інтэрнат у гэтым годзе паступаюць 30 хлопчыкаў і дзяўчынак, сведчыць: гэтай навучальнай установе давяраюць бацькі і дзеці. Апошні рэзервовы дзень для ўступных іспытаў – 22 жніўня. Але ўжо сёння можна сказаць, што ў гімназіі будзе вучыцца не менш як 128 чалавек, адзначыла дырэктар навучальнай установы Л. У. Маладзечкіна. Да новага навучальнага года гімназія рыхтавалася старанна: зроблены капітальны рамонт у кабінетах біялогіі, інфарматыкі і замежнай мовы, у астатніх кабінетах – касметычны рамонт. Ля вучэбнага корпуса з’явілася новая агароджа, а ля спальнага – клумба-горка, зроблены ямачны рамонт пешаходных дарожак. У калектыва яшчэ шмат задумак па афармленні тэрыторыі. Камісія адзначыла, што тэрмінова трэба дарабіць агароджу ля спальнага корпуса.
17 жніўня раённая камісія па праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі  завяршыла аб’езд. Некаторым установам быў дадзены тэрмін на выпраўленне недахопаў.  Пашпарты гатоўнасці падпісаны ва ўсіх установах адукацыі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №65 ад 19.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *