День работы с населением в Добейском сельсовете

Актуалии Общество Президент Сельское хозяйство

Дыялог з узаемнай карысцю
У аўторак, 11 кастрычніка, інфармацыйна-аналітычныя групы райвыканкама сустрэліся з жыхарамі вёсак Дабейшчыны. Ішло абмеркаванне надзённых праблем жыцця людзей. Усё падчас сустрэч з людзьмі вёсак было, напэўна, такім, як і раней. Збіраюцца вяскоўцы ў нейкай хаце ці іншым умоўленым месцы і вядуць размову з групай райвыканкама. Скардзяцца, хваляць, дзякуюць, падказваюць. Праўда, спачатку кіраўнік групы расказвае аб падзеях у раёне, тое ж робяць і члены групы. Словам, ідзе нязмушаны і цікавы дыялог.
Схема сустрэч устаялася. Хаця, жыццё падказвае нейкія нюансы, якія і знаходзяць месца ў сцэнарыі мерапрыемства. Так было і на гэты раз. Перш чым выехаць па вёсках сельсавета, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая адкрывала пасяджэнне рабочай групы, засяродзіла ўвагу на ключавых момантах, на злабадзённых праблемах. Восень, дзень кароткі, цямнее рана, таму гаворка вялася вакол вулічнага асвятлення. Падключаюць ліхтары па схеме, па чарзе. Праўда, грошай на аплату за спажытае святло да канца года засталося няшмат, 70 мільёнаў рублёў, у тым ліку 7,5 мільёна — у Дабейскім сельсавеце. Трэба эканоміць, рабіць усё, каб лямпачка на вуліцы дарэмна не гарэла.
Другое, не менш важнае, — нарыхтоўка паліва на зіму. Зіма на парозе, і тэма па праву выходзіць на першы план. Тлумачэнні даваў дырэктар філіяла АУП “Віцебскаблпаліў” У. М. Кійко. Дровы, сказаў Уладзімір Мікалаевіч, да канца года можна яшчэ выпісаць, а вось брыкет распісаны па чарзе да лютага 2012 года. І наогул: колькі гаворыцца, каб выпісвалі паліва ўпару, не перад самымі халадамі, а сітуацыя да лепшага мяняецца з вялікім рыпам. Слова — галоўнаму ляснічаму Шумілінскага лясгасу І. А. Трэногіну.  Іван Аляксандравіч расказаў, дзе паблізу вяскоўцы могуць нарыхтаваць сабе дроў, спыніўся на цэнах. Пры ўмове, што 5 кубаметраў дроў будуць завезены прама на падворак, яны абыдуцца гаспадару  прыкладна ў 450-500 тысяч. Дорага. Тут на выручку з транспартам можа прыйсці мясцовая гаспадарка, дзе ўмовы на рэдкасць прымальныя. Дамовіліся яшчэ: да канца года па серадах у Амбросавічы (9.00-12.00) і Дабею (14.00-16.00) будзе прыязджаць бухгалтар лясгасу для выпіскі дроў. Такая “прывілея” на Дабейшчыне таму, што тут няма ніводнага лясніцтва. А ўвогуле дадзена даручэнне І. А. Трэногіну падрыхтаваць прапановы па паляпшэнні сітуацыі з нарыхтоўкай дроў для насельніцтва.
Вось такая прадмова да сустэч у вёсках. У вёсцы Непароты не першы раз просяць, каб адкрылі вясковы магазін. “Абяцаць нічога не можам, — адказвае І. М. Новікава, кіраўнік адной з груп райвыканкама. — Калі папраўдзе, усё больш настойліва заяўляе аб сабе прыватнік. Як варыянт: лаўка на даму або прыватны ларок”. У сувязі з гэтым вялася гаворка пра бедны асартымент тавараў у аўталаўцы, якая заязджае ў Непароты. Трэба, аднак, улічваць сітуацыю, якая склалася на гандлёвым рынку Беларусі…
У вёсцы Прыазёрнай прагучала скарга на якасць рамонту, які распачалі ў адным з пад’ездаў камунальнікі. А ў Дабеі старэйшына Р. А. Гусараў распачаў гаворку пра лішкі бульбы і гародніны і пра тое, наколькі нялёгка было здаць іх нарыхтоўшчыкам. “Раней можна было завезці ў вясковы магазін і адразу атрымаць грошы, цяпер такога няма, — гаворыць старэйшына. — А бульба ў мяне сёлета ўрадзіла. І не толькі ў мяне аднаго…”. Сапраўды, нарыхтоўшчыкі з райспажыўтаварыства маглі б у верасні яшчэ аб’ехаць вёскі, каб ведаць сітуацыю з лішкамі прадукцыі.
Гаварылі пра тое, ці можна ставіць на сваім двары калодзеж, пра водаправод, які трэба прапусціць праз асфальтавую шашу, каб   мець з часам ваду ў хаце, пра газавае ацяпленне. У адной гаспадыні, што мае “прэзідэнцкае” жыллё, дом даў трэшчыны. “Звярталася да будаўнікоў, — скардзіцца жанчына.— Абяцалі прыехаць летам, але едуць і сёння…”. Ёй патлумачылі: калі жыллю менш чым два гады, усе непаладкі ўхіляе падрадная арганізацыя — ПМК-70, а калі ж тэрмін мінуў, гэта робіць сам гаспадар. Ну, а калі звяртацца за дапамогай, рабіць гэта трэба пісьмова, з паведамленнем у адпаведную службу райвыканкама.
І па грамадзянскіх могілках. У в. Горкі яны дагледжаныя, аднак нехта выкапаў такую яму, што недалёка да бяды. “Трэба машыны дзве пяску, — патлумачыла адна з жанчын.” А на будучае вельмі дарэчы, каб быў пясок на могілках заўсёды  пад рукой”, — дадаў Р. А. Гусараў.
Напрыканцы аб’езду акрамя пытанняў камунальнага парадку было зададзена пытанне пра лёс будынка, пад дахам якога ў Дабеі і бібліятэка, і сельскі клуб. Справа ў тым, што дах тут працякае, а каб прывесці яго ў парадак, патрэбна круглая сума грошай. Разглядаюцца варыянты.
Дададзім: усе пытанні, што прагучалі ад вяскоўцаў, будуць разгледжаны на бліжэйшай планёрцы ў старшыні райвыканкама.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №80 ад 18.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *