На заседании райисполкома рассмотрен вопрос модернизации на предприятиях района

Актуалии Президент

КАБ НЕ ЗАСТАЦЦА ЗА БОРТАМ
28 лютага адбылося пасяджэнне райвыканкама. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі ход мадэрнізацыі вытворчасці на прадпрыемствах раёна, а таксама вынікі работы са зваротамі грамадзян у 2013 годзе.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама У. П. Куранны зазначыў, што ход мадэрнізацыі на прадпрыемствах раёна знаходзіцца пад пастаянным кантролем раённай улады, што час не дае права ігнараваць мадэрнізацыю, бо без гэтага проста няма будучага.
У сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў адзначыў, што на Шуміліншчыне 16 арганізацый з 21 ажыццяўляюць мадэрнізацыю дзеючых вытворчасцей, у тым ліку 3 прамысловыя, 9 сельскагаспадарчых, 2 будаўнічыя, адно лесагаспадарчае і адно прадпрыемства па аказанні паслуг насельніцтву.
Але мяркуючы па лічбах, якія агучыў Віктар Віктаравіч, мадэрнізацыя пакуль што ідзе слаба.  Так, за студзень-снежань мінулага года аб’ём інвестыцый, асвоеных па праграме мадэрнізацыі, склаў 42,4 мільярда рублёў, а гэта толькі 17,8% гадавога задання. У той жа час інвестыцыі ў асноўны капітал асвоены па раёне за год на 125,8%.
Галоўныя спадзяванні, вядома ж, раён ускладвае на Обальскі керамічны завод. Дакладчык паведаміў, што на прадпрыемстве распрацаваны комплексны план мадэрнізацыі вытворчасці да канца 2015 года. У прыватнасці, у мінулым годзе мерапрыемствы мадэрнізацыі прадугледжвалі ўстаноўку лініі па вытворчасці цэглы пластычнага фармавання ў цэху №2. В. В. Доктараў адзначыў, што рэалізацыя гэтага праекта дазволіць прадпрыемству знізіць спажыванне паліўна-энэргетычных рэсурсаў на 15-20%, павялічыць пастаўку цэглы на экспарт. На рэалізацыю праекта Віцебскі аблвыканкам выдзеліў з інавацыйнага фонду 41,8 мільярда рублёў. Гэтая падтрымка абавязвае завод не толькі правесці сёлета мадэрнізацыю цэха №2, але і выйсці да канца года на запланаваныя параметры.
На 66,4% справілася з гадавым заданнем па асваенні грашовых сродкаў УП ЖКГ. Прадпрыемству ўдалося правесці ў мінулым годзе мадэрнізацыю кацельні ў аграгарадку Слабада, устанавіць там новыя катлы, якія працуюць на шчапе. Акрамя таго, камунальнікі замянілі 3,6 кіламетра цеплатрас з прымяненнем пі-труб, запусцілі лінію па вытворчасці жалезабетонных вырабаў. А вось пра мадэрнізацыю на Шумілінскім льнозаводзе   і гаварыць не прыходзіцца. Прадпрыемства ў стабільным мінусе. Мадэрнізацыя кацельні завісла яшчэ з 2011 года. Дырэктару льнозавода А. М. Папіна парэкамендавалі хадайнічаць аб рэарганізацыі прадпрыемства шляхам ліквідацыі бешанковіцкага філіяла.
На сто працэнтаў выканаць праграму мінулага года па мадэрнізацыі не ўдалося і аграрыям. Тым не менш на будаўніцтве даільных залаў асвоена 34,43 мільярда рублёў.
Прадстаўнікі будаўнічай галіны ПМК-70 і Шумілінскае ПМС па праграме мадэрнізацыі павінны былі закупіць новую тэхніку і абсталяванне. ПМК-70 асвоіла 504 мільёны рублёў (84% да плана); ПМС асвоіла 4771 мільён (190% да плана).
Шумілінскі лясгас справіўся з заданнем на 40,9%, тут на закупцы тэхнікі асвоена 368 мільёнаў рублёў. Дзякуючы сродкам бюджэту, на 100% выканаў заданне па мадэрнізацыі КУП БАН – купіў за 183 млн. аўтамабіль.
На 1 студзеня бягучага года ў Шумілінскім  раёне працуе 141 суб’ект малога і сярэдняга бізнесу, 224 індывідуальныя прадпрымальнікі. Паступленні ў бюджэт ад недзяржаўнага сектара эканомікі склалі 61,8%, ці 77,5 мільярда рублёў. 87% экспарту паслуг забяспечылі ў 2013 годзе прадпрыемствы малога бізнесу.
Райвыканкам на чале з  У. П. Куранным падтрымлівае развіццё прадпрыемстваў малога бізнесу, асваенне імі новых відаў дзейнасці, стварэнне новых рабочых месцаў. Гэта садзейнічае развіццю рэгіёна ў цэлым, паступленню дадатковых даходаў ад іх дзейнасці ў бюджэт. На слыху шумілінцаў прыватнае прадпрыемства “ІскПоіск”, на базе якога сфарміраваны комплекс з трох прадпрыемстваў па перапрацоўцы драўніны. Сёння на прадпрыемстве працуе 50 работнікаў, але ў хуткім часе будзе занята 320 чалавек. Аддачы чакае раён і ад зарэгістраваных у 2013 годзе ТАА “Альянспластрэсурс”, ад прыватнага прадпрыемства “Алкемік”, якое на плошчах ОКЗ будзе займацца разлівам і аптовым продажам прадукцыі нафтаперапрацоўкі.
Але на новыя прадпрыемствы кадры не прыедуць з іншых рэгіёнаў, падкрэсліў У. П. Куранны, людзі пойдуць з тых прадпрыемстваў, дзе няма перспектывы, дзе нізкая зарплата, аб гэтым трэба думаць сённяшнім кіраўнікам і рабіць усё магчымае і немагчымае, каб не застацца за бортам.
Удзельнікі пасяджэння райвыканкама прааналізавалі таксама вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2013 годзе, прынялі адпаведныя рашэнні.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №17 ад 04.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *