В Шумилинском Центре детей и молодёжи стартует проект «Образование для взрослых»

Мир увлечений Образование Общество

ВУЧЫЦЦА НІКОЛІ НЕ ПОЗНА
На базе Цэнтра дзяцей і моладзі стартуе праект “Адукацыйны цэнтр для дарослых”. Гэта чарговы этап вялікага праекта (пра што газета пісала ў студзені) “Жывая гісторыя майго краю”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і dvv international – інстытутам міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай Асацыяцыі народных універсітэтаў. Праект унікальны для нашай вобласці, і для таго, каб мець права і фінансавую падтрымку (шэсць тысяч еўра) на яго рэалізацыю, педагогам Цэнтра трэба было шмат папрацаваць і выйсці пераможцамі (яны адзіныя ў вобласці) конкурсных праектаў. Каардынатар праекта В. У. Бадзешчанкава зараз пераймае вопыт па арганізацыі дадатковай адукацыі для дарослых у Германіі.
Што такое “Адукацыйны цэнтр для дарослых”? Гэта аб’яднанні па інтарэсах: “Лазапляценне”, “Саломапляценне”, “Выцінанка і маляванка”, “Народны танец”, “Вышыўка”. Асноўны накірунак праекта – адукацыйны. І ўсе гурткі звязаныя з гісторыяй, з культурай, з традыцыямі Беларусі, бо дзейнічаюць у межах праекта “Жывая гісторыя майго краю”. Прычым, узроставых абмежаванняў для ўдзельнікаў не існуе. Наадварот, вітаецца пераемнасць пакаленняў, таму можна прыходзіць на заняткі разам з дзецьмі і ўнукамі.
У арганізацыі груп тут зыходзілі са сваіх мясцовых умоў і са сваіх рэальных магчымасцяў. Прапанавалі тыя гурткі, якія ўжо дзейнічаюць у Цэнтры. Плануецца, што далей праект будзе працаваць самастойна. Члены гурткоў, тыя, хто на першым этапе з’яўляюцца мэтавай групай праекта, змогуць стаць адукатарамі (так называюць педагогаў) і прапанаваць нейкія свае накірункі дзейнасці. Абмежаванняў няма: гэта можа быць і садаводства, і вязанне, і напісанне вершаў. Семінары па падрыхтоўцы адукатараў таксама прадугледжаны планам праекта. Яны пройдуць спецыяльнае навучанне і надалей змогуць самі праводзіць заняткі. У гэтым і сэнс.
У Цэнтры дзяцей і моладзі ўжо ёсць вопыт работы з дарослымі ў межах сумеснага праекта з АПБ. Гэтыя ж людзі маюць жаданне ўдзельнічаць і ў дадзеным праекце. Наогул, запісацца ў гурток можа любы жадаючы. На першым этапе (па плане: першыя паўгода) заняткі бясплатныя. Матэрыялы і ўсе неабходныя інструменты для творчасці таксама прадастаўляюцца бясплатна. Плануецца, што атрымліваць дадатковую адукацыю будуць прыкладна 40 чалавек. Можна і болей.
Вынікам праекта абавязкова павінны стаць нейкія інфармацыйныя, рэкламныя матэрыялы. Адукатары будуць пісаць метадычкі з планамі, метадычнымі рэкамендацыямі і распрацоўкамі заняткаў. Там будзе змешчана інфармацыя і пра гісторыю рамёстваў, і пра сам Цэнтр. Такіх брашур выйдзе каля 300.  Гэтым вопытам ужо змогуць карыстацца іншыя.
Альтэрнатывы гэтаму ў нашым горадзе няма, праект абяцае быць паспяховым.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №77 ад 01.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *