На рабочем совещании в райисполкоме

Актуалии Президент

З пазіцый надзённасці і строгасці
Штотыднёвую нараду старшыня райвыканкама У. П. Куранны пачаў з аналізу сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. Вядома, уніклівы аналіз вядзецца пастаянна, неаслабна, аднак Уладзімір Пятровіч засяродзіў увагу на некаторых, найбольш праблемных пытаннях.
Гаворка ішла пра нізкую таварнасць і такую ж нізкую “экстранасць” у гатунках малака ў ААТ “АграБаравінка”, а таксама па насенняводству, па рэканструкцыі і парадку на фермах. Гаварылі пра тое, што ў рабоце кірмашу, які пройдзе ў Шуміліне 19 кастрычніка,  абавязкова павінны ўзяць удзел усе арганізацыі і прадпрыемствы раёна, а не толькі гаспадаркі. Трывожная пакуль што сітуацыя з засыпкай насення бульбы (яе трэба нарыхтаваць 800 тон, засыпана 400),  з нарыхтоўкай агародніны і бульбы для дзіцячых садкоў, школ, для бальніц. Дарэчы, ад цэнтра занятасці кожны дзень на пераборку бульбы, пераважна ў СФГ «Раднік», накіроўваюць да 30 чалавек.
Па будаўніцтву. Вядуцца работы па асваенню грошай на будынку школы мастацтваў. Як сказаў намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў, тых грошай, што выдзелены, хопіць на наданне фасаду і вентыляцыі належнага выгляду. Дырэктар ОКЗ П. І. Манак паведаміў, што атрымана экспертнае заключэнне па абсталяванню з Акадэміі навук, дакументы ўжо ў аблвыканкаме. Зараз прадпрыемства чакае грошай на рэканструкцыю другога цэха.
Як заўсёды, шмат пытанняў прагучала ў адрас кіраўніцтва УП ЖКГ. Яго дырэктар І. К. Штуро дакладваў пра рэканструкцыю кацельні ў аграгарадку Слабада, пра падачу спажыўцам зараз, калі на вуліцы цёпла, менавіта гарачай, а не летняй вады.
Трывожна і занепакоена вялася гаворка па  кампенсацыі дзяржаве абавязанымі асобамі выдаткаў на ўтрыманне адабраных у іх дзяцей. Яна вельмі нізкая – у межах 50% і менш. “Такая сітуацыя недапушчальная”, – сказаў старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Патрабаванне, каб агульнымі намаганнямі (РАУС,  аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, камісіі па справах непаўналетніх) наладзіць прыстойную работу абавязаных асоб,  не дапускаць спазненняў пры пералічэнні грошай, дамагацца, каб абавязаныя, прабачце за таўталогію, абавязкова працавалі, а не ўвільвалі пад рознымі зачэпкамі ад работы.
На нарадзе быў абмеркаваны шэрых іншых надзённых праблем жыцця раёна.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №81 ад 15.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *