З пасяджэння савета грамадскага пункта правапарадку і назіральнай камісіі

Общество Президент

Калі піць, то да парасячага віску?..
У гарэлкі – вялікая сіла. У тым сэнсе, што яна можа з чалавекам рабіць усё, што  захоча. Вядома, калі чалавек трапіў, як кажуць, на яе кручок.
Зваліла з ног яна аднаго з маладых мужчын, які адзначаў дзень нараджэння.  Чалавек так “налізаўся”, што калі ўзяліся абследаваць на ступень алкаголю ў крыві, жахнуліся: 4,8 прамілі. Праўда, другая спроба аказалася не такой трагічнай: 2,2 прамілі. Не ведаю, якой спробе верыць, чамусьці схільны першай. Калі так, то да смяротнай дозы не хапіла мужчыну ўсяго 0,2 прамілі. Усяго. Хаця, як той мужчына (хударлявы, не скажаш, што на дзесяць пудоў вагі) прызнаўся: ён не спаў, а яшчэ хадзіў.
Яго падабрала міліцыя. А ўвогуле што ні пасяджэнне савета грамадскага пункта правапарадку, то размова, ад якой робіцца вельмі сумна. Сумна – бо трапляюцца п’янымі маладыя хлопцы. Халасцякі ў 33, у 37 гадоў. І басякі, якія не хочуць ці не атрымліваецца ў іх працаваць стала, па-сур’ёзнаму. Адзін такі сядзеў перад членамі савета. Нежанаты (на пытанне: “Чаму ж не возьмеш сабе каго за жонку?” адказвае:”Ніяк не знайду другую палавінку”). І смех, і грэх. Напэўна, не смяяцца, а плакаць трэба. Тым не менш мужчына працаваў у ПМС, “надарваў спіну”, звольніўся. Выпіў, папаўся міліцыі. У другі раз. Спачатку ў маі, калі паганяў суседку. І вось зараз. Выпіў, прысеў на лавачку, каб пакурыць. А міліцыя тут як тут, быццам толькі яго і чакала.
Або вось той, што зайшоў першы. Яму 28, у Шумі-ліне была добрая праца. Але звольніўся. Сустрэў аднакласніка, даўно не бачыліся, ды так насустракаліся, што дамоў не дацягнуў. У выніку – пратакол і 100 тысяч штрафу. Здавалася б, сядзеў чалавек, вінавата апусціўшы галаву, дык не: агрызаўся, паводзіў сябе дзёрзка. Быццам хацеў сказаць: “Я добры, не разумею, чаго мяне сюды выклікалі?”.
А вось яшчэ адзін халасцяк. Але гэты прайшоў, як кажуць, агонь, ваду і медныя трубы. Ён пабываў ужо ў лячэбна-працоўным прафілакторыі і сядзеў перад членамі савета з нейкай загадкавай і трохі хітраватай ухмылкай. Са шматдзетнай сям’і, выязджае на заробкі ў Маскву. На пытанне ўрача-нарколага: “Чаму не прыходзіце на прыём?” адказвае дзёрзка: “А які сэнс?..”
Пытанне збівае з панталыку, абяззбройвае. Так і хочацца выкрыкнуць: “Дык як ты будзеш жыць далей? Няўжо няма сэнсу парваць з тым, што стварае праблемы ў жыцці?”
Зачасціў на савет мужчына, які атрымлівае “каціную” пенсію – у межах 500 тысяч. У яго трэцяя, працоўная  група. Можа і павінен, каб жыць больш-менш прыстойна, дзе-небудзь працаваць. Не хоча. Пра яго расказалі гісторыю, якая проста шакіравала: у жывога падсвінка захацеў адрэзаць кавалак кумпяка. Нейкі садызм. Яму падказалі, што можна заробіць у Мішкавічах на пераборцы бульбы. І грошы даюць, і вядро бульбы. Тры разы перапытаў, дзе спыняецца аўтобус. Можа, і адважыцца выехаць.
Пра гэтыя заробкі ведае яшчэ адзін мужчына, які раней працаваў у аграсэрвісе. Кінуў, бо прычына была, на яго думку, важкая: выгрузілі на базе мінеральных угнаенняў не адзін дзясятак вагонаў, а зарабіў усяго 3,2 мільёна рублёў. Звольніўся, затое нажыў сабе праблему з жыллём: з інтэрната могуць выселіць. Трэба ісці зноў туды, адкуль прыйшоў.
І нарэшце – людзі, якіх прывялі на назіральную камісію. Бо праблемныя. Адзін мужчына, у якога турэмны “стаж” – чвэрць веку, разлічваў, што яму тут адразу дадуць і працу грашавітую, і вугал прыстойны. Калі з работай дапамогуць, то з вуглом праблемы. “З жыллём разбяруся сам”, – сказаў ён абнадзеена. Праўда, на “пад’ёмныя” ад сацыяльнай службы згаджаўся не меншыя, чым  на 1 мільён з гакам, бо 500 тысяч, якія выдаюць, для яго здаваліся здзекам…
А гэты былы “зэк” і там, у турме, майстраваў і ладзіў абутак. Самавучка, абутнік без “корачак”. Але абутнік талковы. Так ён сябе ахарактарызаваў. Самы час звярнуцца мужчыну ў КУП БАН, каб там адкрылі пункт рамонту абутку.
Вось і ўсё.  Тыя дзве гадзіны, якія правялі ў  размове са “штрафнікамі” і гаворка з ранейшых пасяджэнняў, прывялі да думкі: чалавек – істота кволая і хітрая. Кволая – перад злым і каварным Бахусам, а хітрая заўсёды, калі трэба апраўдаць свае непрыстойныя ўчынкі і павадзіць за нос з уладкаваннем на працу.
Пасяджэнні савета і назіральнай камісіі вёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *