Можно ли закрепить молодых специалистов на селе?

Молодёжь Сельское хозяйство

Даплаты і бясплатнае жыллё – чаму ж не застацца?
У жніўні гэтага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 353 “Аб некаторых мерах па забеспячэнні арганізацый аграпрамысловага комплексу кадрамі”. Дакумент з’явіўся з мэтай замацавання маладых спецыялістаў у АПК і накіраваны на павышэнне гарантаванай заработнай платы шляхам устанаўлення штомесячных даплат.
“Згодна з указам, маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія прыняты на работу ў арганізацыі АПК, на працягу двух гадоў іх работы ўстанаўліваюцца штомесячныя даплаты ў двухкратным памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, – тлумачыць галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Алеся Шавяка. – У гэтым годзе ў сельгаспрадпрыемствы раёна ўладкаваўся 31 малады спецыяліст, у мінулым годзе – 45. Усе яны, без выключэння, атрымліваюць дадаткова да заработнай платы па дзве тарыфныя стаўкі. На сённяшні дзень гэта 520 тысяч рублёў”.
Указ № 353 прадугледжвае даплату да асноўнага заробку маладым спецыялістам з вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія адпрацавалі ў арганізацыях АПК два гады па размеркаванні і якія працягваюць працаваць у гэтых арганізацыях на ўмовах заключаных кантрактаў. Такіх спецыялістаў у нашым раёне пяць.
“Засталіся жыць і працаваць у нашым раёне галоўны эканаміст УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Вераніка Манух, юрысконсульт ААТ “Прыазёрны мір” Таццяна Сільчанка, тры спецыялісты з ААТ «Лаўжанскае»: прараб Сяргей Караткевіч, ветаператар Ірына Купрыянава і галоўны аграном Таццяна Петрушэнка, – кажа галоўны эканаміст райсельгасхарчу Наталля Моніч.
Пры размове з імі мы высветлілі: усе маладыя спецыялісты задаволены, што былі ў свой час размеркаваны менавіта на Шуміліншчыну. “Умовы для работы створаны нармальныя, – кажа Сяргей Караткевіч (на здымку). –  Ды і ААТ “Лаўжанскае”, на маю думку, размешчана ў зручным месцы: побач чыгунка, аўтатраса. Дабірацца да родных (родам сам з Полацкага раёна) вельмі зручна. Лічу, што да маладых спецыялістаў у гаспадарцы адносяцца ўважліва. Мне, напрыклад, далі двухпакаёвую кватэру з усімі зручнасцямі. Думаю, калі б такое жыллё прадастаўлялі кожнаму, хто прыязджае ў іншыя гаспадаркі раёна, дык, напэўна, і затрымаліся б маладыя людзі на вёсцы”.
А вось Вераніка Манух прыехала на Шуміліншчыну з Ушацкага раёна. “Шумілінскі райаграсэрвіс” прадаставіў дзяўчыне аднапакаёвую кватэру, дзе малады спецыяліст жыве ўжо трэці год. “Пасёлак мне падабаецца, – кажа Вераніка. – У работу ўцягнулася. З’язджаць з Шуміліна не хочацца. Мне даплачваюць. На сённяшні дзень гэта сума складае 780 тысяч рублёў”.
Сапраўды, гэта нядрэнны стымул для тых, хто пачынае сваё працоўнае жыццё на вёсцы. Хочацца верыць, што ў далейшым вось такія даплаты ў дадатак да бясплатнага жылля затрымаюць у раёне многіх маладых спецыялістаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *