Хорошие дороги надёжно и прочно вошли в нашу жизнь

Актуалии Официально Экономика

“Дарога не любіць рэзкіх паваротаў”
Дабротныя дарогі надзейна і трывала ўвайшлі ў наша жыццё.  Без іх не ўяўляеш ні катэджны
пасёлак, ні вясковую вуліцу, не кажучы пра буйныя гарады.   Прыстойныя дарогі патрабуюць немалых грошай. Сродкі выдзяляюцца, хаця іх не заўсёды хапае. .
Аб задачах, якія  стаяць перад дарожнікамі, аб поспехах напярэдадні прафесійнага свята наша гутарка з начальнікам філіяла “Шумілінскае ДРБУ-204” КУП “Віцебскаблдарбуд”
Русланам Мікалаевічам  Насцюшкіным.
— Руслан Мікалаевіч, Вы ці не самы малады кіраўнік…
— Самы малады ў аб’яднанні, а ў тандэме з маладым галоўным інжынерам Сяргеем Мікалаевічам Ярмошанкам — магчыма, і ў межах Дэпартамента дарог нашага міністэрства.
— Штосьці радыкальна памянялі пасля свайго папярэдніка?
— А нашто мяняць? Дарога не любіць рэзкіх паваротаў. За тыя паўтара года, што на пасадзе начальніка, стараліся памнажаць здабыткі папярэдніх гадоў. Шчыра кажучы, працаваць становіцца ўсё больш складана. Першы год, як не збіраецца ў краіне дарожны фонд, з фінансамі напружана, таму даводзіцца шукаць іншыя крыніцы даходаў, зарабляць на дагаворах з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. Сёлета такія аб’ёмы складаюць палову ад усіх выкананых. У цэлым жа за 9 месяцаў года  выканалі работ на 5,5 мільярда рублёў — на 30% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
— Ваша задача — рамонт і абслугоўванне сеткі дарог…
—  Так. Займаемся бягучым рамонтам і ўтрыманнем дарог, што ў нас на балансе. Адрамантавалі 900 метраў дарогі па вёсцы Гародна, ладны кавалак  — па вёсцы Гаравыя, што на Каўлякоўшчыне. Упершыню сёлета “ўвязаліся” ў капітальны рамонт, ладзім квадратную трубу, па сутнасці мост па дарозе паміж вёскамі Лабейкі і Ерашова.  З бягучага рамонту львіная доля прыпадае на прывядзенне ў парадак аграгарадка Крывое Сяло. Асвоена там 569 мільёнаў, не лічачы лімітаў па планавым рамонце дарог. Добраўпарадкавалі мехдвор і ферму, зернесушылку, пад’езд да машыннага двара, іншыя аб’екты. Вядзецца асфальтавая стужка па вёсцы Пабеда, нямала папрацавалі на добраўпарадкаванні буйной фермы ў СВК “Баравінка”.
Кладзём асфальт пасля ад’езду будаўнікоў. Так было пры здачы і шматпавярховага дома ў раёне СШ № 2, і прысядзібных домікаў — наогул ідзем з ПМК-70 ў адной запрэжцы. Праўда, нарыхтавалі асфальтабетону на дзве тысячы тон менш, чым за такі ж час летась. І прычына звычайная: не хапае грошай. Па папярэдняй аплаце даводзіц-ца працаваць па закупках і гранітнага шчэбеню ў Мікашэвічах, і бітуму ў Наваполацку.
— Ці пашыраецца сетка дарог, за якія ў адказе дарожнікі?
— Сёння ў нас на балансе 647 кіламетраў дарог. Не так даўно заключылі дагавор з УП ЖКГ на абслугоўванне 170 кіламетраў так званых дарог-апендыксаў. Працуем па заяўках сельсаветаў: расчыстка ад снегу, рамонт калдобін і ўхабаў і г.д.
— Руслан Мікалаевіч, наколькі ў вас стабільны калектыў?
— Цякучасці кадраў практычна няма. Абапіраемся на вопыт  нашых перадавых брыгад, такіх, як брыгада на чале з майстрам Дзмітрыем Леанідавічам Марозавым. Асобнай пахвалы заслужылі нашы вадзіцелі аўтасамазвалаў. Іх у нас сямёра — тых, хто працуе рупліва і амаль без выхадных. І зімой, і летам. Напружаная праца, таму і падзяка ім асаблівая.
— Не за гарамі зіма. Ці гатовы дарожнікі да выпрабаванняў снегам і маразамі?
— Гатовы. Нарыхтавана амаль дзве тысячы тон пясчана-саляных сумесяў, забяспечаны імі на 60%. Яны падвозяцца, так што галалёд не страшны. І  са снегам справімся: калі дарожнікі скардзіліся, што цяжка? Напрыканцы гаворкі віншую ўвесь калектыў ДРБУ-204, ветэранаў дарожнага будаўніцтва з Днём аўтамабіліста і дарожніка. Шчасця, цеплыні ў сем’ях і дабрабыту!
Напечатано в №84 от 29.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *