Люди и судьбы. Нина Сенчура

Людзі і лёсы

СЯНЧУРА. Жанчына-легенда, жанчына-рэальнасць
(Заканчэнне. Пачатак у №№ 86, 88)
У 1977 годзе, напярэдадні святкавання 60-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі я дала заданне ідэолагам райкама партыі Трашкову і Пенінай скласці спісы ўсіх знакамітых землякоў Шуміліншчыны і павіншаваць іх са святам. Віншавальныя паштоўкі паслалі ўсім, хто нарадзіўся ў нашым раёне.
Галіна Пеніна і Леанід Трашкоў прыйшлі да мяне ў кабінет з пытаннем: “А як паступіць з Зімяніным, бо ён жа таксама наш зямляк?” Я сказала, каб рыхтавалі прыгожую паштоўку, а тэкст віншавання я напішу асобна. Выслалі паштоўку ў Маскву, у ЦК КПСС, дзе Міхаіл Васільевіч працаваў сакратаром. А праз некалькі дзён сакрэтнай поштай прыйшоў пакет з удзячнасцю нам, шумілінцам. Міхаіл Васільевіч пісаў, што вельмі абрадаваўся нашаму віншаванню, ён заўсёды атрымлівае сотні паштовак і адказаць усім, вядома ж, не можа, але для сваіх землякоў знайшоў час. “Бу-дзеце ў Маскве, званіце, заходзьце” – напісаў ён у сваім лісце.
Зімянін нарадзіўся ў вёсцы Зямцы Сіроцінскага сельсавета. Мы даведаліся, што ў гэтай вёсцы жыве ягоная стрыечная сястра, якая працуе паштальёнам. Мы паехалі ў Зямцы з У. С. Пясоцкім, даведаліся, дзе пахаваны бацькі Зімяніна. Сястра паказала магілы – зарослыя травой пагоркі. Пасля паездкі мы выклікалі дырэктара раённай камунальнай службы Вадзіма Максімавіча Сафонава, папрасілі яго добраўпарадкаваць могілкі, па-ставіць недарагія помнікі.
Пра гэта Міхаілу Васільевічу паведаміла сястра. Ён, вядома, быў расчулены, званіў першаму сакратару абкама КПБ С. М. Шабашову, а потым мне, дзякаваў за тое, што мы выканалі за яго святы абавязак.
У гэтым жа 1977 годзе я паехала ў Маскву, наведала ЦК КПСС, цёпла была прынятая М. В. Зімяніным. Гэта была наша першая сустрэча. Потым разам са мной на сустрэчу з Зімяніным ездзілі У. С. Пясоцкі, старшыні калгасаў. Мы сустракаліся з Міхаілам Васільевічам разоў сем. Ён шмат дапамагаў нам, шумілінцам: у будаўніцтве раённай бальніцы, ашчадбанка, дзякуючы яму мы атрымалі многа ўазікаў для калгасаў, тэхніку для ўборкі сена, такую як Е-301, Е-280.
У 1983 годзе, адпрацаваўшы ў Шумілінскім раёне чатырнаццаць гадоў, я вырашыла саступіць месца сваім памочнікам, маладым мужчынам. Гэта той жа У. С. Пясоцкі, другі сакратар РК КПБ У. П. Янкевіч, сакратар У. І. Трашкоў. У райкаме партыі актыўна працавалі загадчык арганізацыйнага аддзела Г. М. Кашпар, загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Г. Г. Пеніна, загадчык агульнага ад-дзела В. П. Аўчыннікава і іншыя.
Пра сваё рашэнне пакінуць пасаду я паведаміла першаму сакратару абкама КПБ С. М. Шабашову. Сяргей Міхайлавіч здзівіўся, потым патэлефанаваў у Мінск першаму сакратару ЦК КПБ Ц. Я. Кісялёву. Ціхан Якаўлевіч заявіў, што Шумілінскі раён па ўсіх пазіцыях выглядае добра, і Сянчура можа яшчэ папрацаваць гадоў пяць. Ён накіраваў з Мінска інспектара ЦК КПБ, каб той пагаварыў са мной. Але я прыняла рашэнне. Я паехала сама ў Мінск да Ц. Я. Кісялёва, спаслалася на сямейныя абставіны, на стомленасць.
За сваю работу я ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга, двума ордэнамі Знак Пашаны, двума медалямі.
У 1980 годзе была абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Узнагароджана Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР.”
Гэтым выніковым акордам Ніна Сяргееўна завяршае свае ўспаміны, па-кідаючы “за кадрам” час свайго дзя-цінства і юнацтва, час, калі фармірава-ліся яе жыццёвыя каштоўнасці, гартаваўся характар. А які гэта быў час! Вось што піша ў сваім нарысе “Дарога даўжынёй у жыццё” Алена Усцінава (“Гарадоцкі веснік” за 4 лістапада 2003 года):
“Па-гаспадарску дагледжаны, заможны хутар Сянчуры ў Маскаляняцкім сельсавеце, дзе зямля, абагрэтая сонцам, выкладвае на стол гаспадароў за іх працавітасць свае шчодрыя дарункі. Сяргей Філіпавіч Сянчура працуе не пакладаючы рук, бо ў сям’і ў яго падрастаюць сямёра дзяцей. Але не можацца мясцовым зайздроснікам, што на хутары і ўраджаі багатыя, і тэхніка якая-ніякая для апрацоўкі зямлі ёсць. І ляціць хутчэй за вецер у раённыя органы НКУС кляўза на былога унтэр-афіцэра…
Ніне было два гады, калі ноччу за бацькам прыехаў ”чорны воран”, асіраціўшы ў адзін час вялікую сялянскую сям’ю. З таго часу ўсе клопаты па выхаванні дзяцей ляглі на худзенькія плечы прыгожай Кацярыны Карпаўны.
Праўда, праз пяць год Сяргей Філіпавіч вярнуўся з архангельскіх лагераў. Але тое, што ён перахварэў на тыф і ледзь выжыў, падкасіла здароўе, і калісьці дужы жыццярадасны мужчына пераўтварыўся ў глыбокага старыка (толькі ў 1961 годзе, ужо пасмяротна, быў рэабілітаваны). З хутара давялося з’ехаць. Сянчуры купілі дом у Гарадку, дзе іх і заспела Вялікая Айчынная вайна.
Насталі чорныя дні акупацыі. Старэйшыя сыны Арсеній і Аляксей пайшлі на фронт, а 14-гадовай Ніне як сястры чырвонаармейцаў прый-шлося больш за паўгода працаваць у Суражы на распілоўцы лесу. Галодная, у холад яна цягала на сабе непад’ёмнае бярвенне… Цяжкая і страшная біяграфія таго пакалення…
Цяга да ведаў ва ўсіх Сянчур – вялізная. Нягледзячы на цяжкія пасляваенныя гады, Арсеній, Павел, Валянцін, Аляксей, Ніна з Марыяй вывучыліся, атрымалі адукацыю. З лустачкай хлеба, пасыпанага соллю, а ў лепшыя дні – цукрам, Ніна ні разу не прапусціла школьныя заняткі…”
Але яна ўсё вытрымала. І тады ўжо зразумела, як трэба цаніць жыццё і радавацца яму. І жыццё яе цэніць.
І зараз расце пачэсны спіс узнагарод Н. С. Сянчуры. У мінулым годзе рашэннем спецыяльнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ёй устаноўлена пенсія за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. “Уручылі чырвоную кніжку” – усміхаецца яна. Ніна Сяргееўна не губляе аптымізму, умення цаніць вялікія і малыя падарункі лёсу. Такое ўспрыняцце жыцця дазволіла ёй і на пенсіі жыць поўным насычаным жыццём, атрымліваць асалоду ад новых заняткаў і ўражанняў, шмат падарожнічаць.
“Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, – прызнаецца наша гераіня. – За дваццаць з гакам гадоў працоўнай дзейнасці на гаспадарчай рабоце, у партыйных, савецкіх і прафсаюзных органах наведала 10 замежных краін. Узначальвала турыстычныя групы Віцебскай вобласці ў Германію, Індыю, Чэхаславакію. У 1984 годзе была кіраўніком у круізе вакол Еўропы. Цэлы месяц плылі на караблі “Шата Руставэлі”! З кіраўнікоў 16 груп, што былі там, я была адзінай жанчынай. У Лондане на шматтысячным мітынгу мне давялося выступаць ад імя беларускіх жанчын.”
На пенсіі яна рашыла цалкам пры-свяціць сябе сям’і – мужу, дзецям, унукам. У вёсцы Роўнае Шумілінскага раёна купілі кінуты домік, прыстасавалі яго пад дачу. І за гэту работу Ніна Сяргееўна ўзялася з любоўю, з радасцю. Яна з пяшчотай успамінае: “Пабудавалі лазеньку, садзік пасадзілі, завялі куранят, свіней. Мне падабалася вазіцца на агародчыку, дзе я вырошчвала розную гародніну і ягады…”
Але каго лёс абмінае выпрабаваннямі?! Хапіла і ёй. Спачатку з усімі пажыткамі згарэла дача, потым памёр муж, з якім пражыла 45 год. Магчыма, не так проста было ёй, былому партыйнаму работніку, і прыняць рашэнне сына аб пераездзе на жыццё ў Амерыку. Але не стала пярэчыць, сын дарослы, сваю сям’ю мае, трэба паважаць яго рашэнне. І праз нейкі час сама паляцела да іх у госці. У тую далёкую Амерыку, што за морам-акіянам. У дарозе яна занатоўвала свае ўражанні ў блакноцік. Гэтыя запісы пазней аформіліся ў вялікі газетны матэрыял, надрукаваны ў “Віцьбічах” 15 верасня 2005 года. Усё ж не дарэмна яна закончыла філалагічны і выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Адчуванне слова, яркасць і дынамічнасць вобразаў, трапныя параўнанні, уменне жартаваць, у тым ліку і з сябе, – усё гэта дадае яе аповедам каларытнасці і інтарэсу. Вось толькі некалькі ўрыўкаў з яе ўспамінаў.
“З Ірландыі ў Нью-Ёрк вылецелі ўжо на амерыканскім “Боінгу”. Ляцелі ўвесь час над воднай прасторай, таму было трывожна. Папрасіла ў сцюардэсы для сябе 100 грамаў каньяку! Аднак нават лёгкага пакалыхвання не адчувалася: як быццам на канапе дома сяджу. Тым больш і тэлевізары былі з абодвух бакоў салона. У агульнай суме пералёт у Амерыку заняў 12 гадзін”
“У Амерыцы шмат мастоў, пабудаваных цераз рэкі, яры, і на кожным з праязджаючай машыны бярэцца плата ад 2 да 4 долараў. Калі якая і праскочыць без аплаты, то на другім канцы перад ёй аўтаматычна закрываецца шлагбаум”.
“Самы вялікі падарунак, які мне зрабілі дзеці, гэта паездка да Ніягарскага вадаспаду. Незабыўныя ўражанні!…
…Тры дні я вывучала прыроду ЗША і, вядома ж, што самае цікавае для мяне, сельскую гаспадарку краіны. Дарэчы, месцамі прырода тут нагадвае родную. Беларускую. Нават спыніць машыну папрасіла, калі ўбачыла кустоўе, падобнае на нашу вольху і арэшнік. Але не…
Паўсюдна – у асноўным спецыялізаваныя фермерскія гаспадаркі: кукуруза, яблыневыя сады з нізкарослымі дрэвамі, балоцістыя плантацыі журавін. Гэтая ягада вельмі папулярная тут. Па шклянцы журавіннага соку ў дзень абавязкова даюць школьнікам, яго прадаюць у магазінах у трох-пяцілітровых поліэтыленавых упакоўках. Ёсць сумесі журавіннага соку з вішнёвым, яблычным, клубнічным. Убіраюць журавіны машынным спосабам у лістападзе-снежні: заліваюць палеткі вадой, ягады ўсплываюць на паверхню, і іх зразаюць”.
“Шмат цікавага даведалася я пра Вашынгтон. Другая сталіца ЗША размешчана на ўзгорках. А вось рэзідэнцыя прэзідэнтаў – Белы дом – мне здалася несамавітай. Да тэрактаў у Нью-Ёрку ў Белы дом пускалі турыстаў, зараз вароты зачынены. У Вашынгтоне знаходзяцца ўсе пасольствы краін свету, але я, вядома ж, папрасіла гіда праехаць каля Расійскага і Беларускага пасольстваў – як быццам дома пабывала!”
“Віза дазваляла паўгадавое прабыванне ў гэтай краіне, але праз тры месяцы я засумавала. Па сваёй Ра-дзіме, па Беларусі, па сваім мілым Віцебскім краі. І такая маркота мяне апанавала, што, здаецца, на крылах паляцела б дадому! Бачыла, што і японцы, і італьянцы, і кітайцы прыжываюцца тут, у Амерыцы. Дзеці, моладзь добра адчуваюць сябе, хутка акліматызуюцца і душой, і целам. Але людзі майго ўзросту, мне здаецца, ужо нідзе не могуць жыць: у чалавека толькі адна радзіма, і кліч крыві нараджае неадольную настальгію ўдалечыні ад роднага краю. Нехта, магчыма, і не сумуе ў Амерыцы, а мы…”
Матэрыялы падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №90 ад 19.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *