Никитихинский сельский центр культуры и досуга реализует проекты

Культура

МІКІЦІХА. ЦЭНТР КУЛЬТУРЫ: вывучаць і захоўваць спадчыну
Работнікамі культуры Шумілінскага раёна вядзецца актыўная работа па вывучэнні і развіцці народных традыцый, захаванні культурнай спадчыны, падтрыманні ўнікальнага мясцовага каларыту. Яны трымаюць цесную сувязь з самабытнымі адмысловымі майстрамі, пастаянна ездзяць у этнаграфічныя экспедыцыі, робяць усё для таго, каб багатая культурная спадчына не згубілася ў часе, наадварот, перадавалася з пакалення ў пакаленне і жыла.
Сёння аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама працуе над рэалізацыяй трох, надзвычай важных для захавання спадчыны праектаў: “Укараненне інавацыйных механізмаў па развіцці сельскай культуры на базе Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу”, “Мікіціхінская глыбінка” і “Мікіціхінскі гармонік”.
Інавацыі
Праект “Укараненне інавацыйных механізмаў па развіцці сельскай культуры на базе Лаўжанскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу” прадугледжвае цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на актывізацыю дзейнасці ўсіх структур сацыяльна-культурнай сферы ў выхаваўчай і культурна-масавай рабоце з жыхарамі Мікіціхі, а таксама аналіз работы, што праводзіцца, і распаўсюджванне перадавых форм работы не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
Праект мае на мэце канкрэтызаваць сістэму прыярытэтаў у сферы культуры сяла, што дазволіць выкарыстоўваць культурны патэнцыял сельскіх тэрыторый у развіцці Шумілінскага раёна наогул.
Менавіта ў рамках гэтага праекта была створана мадэльная ўстанова культуры новага тыпу – Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу.  Варта адзначыць, што сёння гэта адна з лепшых устаноў вобласці. Сучасны двухпавярховы будынак поўнасцю адпавядае патрабаванням сённяшняга дня, з’яўляецца візітнай карткай не толькі Мікіціхі, а і раёна ў цэлым. Гэта сацыяльна-культурны цэнтр, які аб’ядноўвае клубную ўстанову, спецыялізаваную Лаўжанскую бібліятэку – цэнтр этнаграфіі і фальклору, Лаўжанскі філіял УА “Шумілінская дзіцячая школа” мастацтваў. Гэта сур’ёзныя падставы для прыцягнення большай колькасці мясцовага насельніцтва да ўдзелу ў культурным жыцці.
Менавіта на базе цэнтра праводзяцца шматлікія метадычныя мерапрыемствы, паказальныя, ідзе адпрацоўка перспектыўных накірункаў галіны культуры з тым, каб шырока распаўсюджваць перадавы вопыт не толькі ў межах раёна, але і Віцебскай вобласці ў цэлым.
“Мікіціхінская глыбінка”
У межах абласнога агляду-конкурсу інавацыйных праектаў работнікамі культуры раёна быў распрацаваны праект “Мікіціхінская глыбінка”. Праект рэалізуецца на базе мадэльнай установы новага тыпу – Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу і мае на мэце папулярызацыю традыцыйнай і сучаснай народнай творчасці, гармонікавага найгрышу, прыпевак, скокаў. Ход рэалізацыі праекта прадугледжвае прапаганду мастацкай, гісторыка-культурнай каштоўнасці відаў рамёстваў, промыслаў, павышэнне майстэрства, папаўненне рэпертуару.
Гэты праект дзейнічае з канца 2011 года, і ўжо сёння можна гаварыць пра добры плён работы. На першым этапе – этапе вывучэння і збору народнай творчасці – было здзейснена дзевяць фальклорна-этнаграфічных экспедыцый. У выніку сёння створаны метадычны матэрыял па рэгіянальнаму народнаму касцюму, які ўтрымлівае схемы і прыёмы вышыўкі, іх апісанне, таксама зроблены ўзоры; адноўлена “Лаўжанская кадрыля”, запісана музычнае суправаджэнне танцавальных кален “Лаўжанскай кадрылі” (тут важна адзначыць, што танцуюць кадрылю не толькі тыя людзі, хто добра памятае, што гэта за танец, але і моладзь. За паўтара года “Лаўжанскую кадрылю” выконвалі тры саставы); цэнтр этнаграфіі і фальклору папоўніўся экспанатамі і налічвае сёння 82 прадметы дзевяці мясцовых майстроў; сабрана шмат прыпевак; папоўніўся рэпертуар аматарскіх калектываў; у філіяле дзіцячай школы мастацтваў працуе клас ігры на баяне, у праграму навучання ўключана і азнаямленне з ігрой на гармоніку.
Другі этап рэалізацыі праекта быў накіраваны на фарміраванне каштоўнага стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны.  З 1 красавіка 2012 года працуе Лаўжанскі філіял Шумілінскага раённага Дома рамёстваў. Там працуе ўнікальны майстар па вышыўцы Валянціна Віктараўна Несцярэнка. Яе работы прэзентуюць раён на шматлікіх абласных мерапрыемствах. Была арганізавана работа двух гурткоў: “Вышыванка”, дзе вучацца вышываць дзеткі, і  гурток па вышыўцы народнага касцюма (адмысловыя касцюмы для ўдзельнікаў народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” былі пашыты і аздоблены адмысловай вышыўкай менавіта членамі гэтага гуртка). На аснове рэгіянальнага касцюма майстар выконвае і касцюм для сябе. Быў адноўлены і выраблены дзявоцкі касцюм, які ўключае сарочку, спадніцу і фартух. У пачатку 2013 года ў цэнтры працуе дзіцячы харэаграфічны калектыў, у рэпертуары якога ёсць і рэгіянальныя танцы.
Наступным этапам праекта з’яўляецца падтрыманне і развіццё інтарэсу да народнай творчасці, прапаганда рэгіянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, перадача на практыцы народнай традыцыі жыхарам аграгарадка Мікіціха, а таксама ўсяго раёна. У выніку на базе Лаўжанскага цэнтра быў праведзены цэлы шэраг раённых і абласных мерапрыемстваў, канцэртаў, майстар-класаў, выстаў, практычных заняткаў. Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе ўстаноў аграгарадкоў “Клуб года”, узнагароджаны прэміяй Віцебскага аблвыканкама ў намінацыі “Лепшы сельскі дом культуры”. Лаўжанская сельская бібліятэка ўзнагароджана каштоўным падарункам абласнога агляду-конкурсу ўстаноў культуры аграгарадкоў у намінацыі “Лепшая сельская бібліятэка”. “Лаўжанская кадрыля” ў выкананні ўдзельнікаў клуба “Ветэран” выйшла ў фінал абласнога агляду-конкурсу ўстаноў культуры аграгарадкоў.
Работа па рэалізацыі праекта будзе працягвацца, будзе набываць новыя формы і мэты. Удзельнікі праекта плануюць збіраць і вывучаць матэрыял па галаўных уборах, стварыць калекцыю дзіцячых работ, аднаўляць лепшыя ўзоры рэгіянальнай народнай творчасці, стварыць калекцыю рэгіянальных ручнікоў, вышытых крыжам. Майстры з радасцю падзеляцца здабытым вопытам з калегамі з раёна і вобласці.
“Мікіціхінскі гармонік”
Важнае месца ў народнай музычнай культуры займае аднаўленне і захаванне традыцыйнай ігры на гармоніку, скокаў, прыпевак, фальклорнай песні пад гармонік. І да сённяшняга часу славіцца шумілінская зямля таленавітымі самародкамі, выканаўцамі інструментальнага гармонікавага найгрышу, самабытных скокаў і прыпевак, якія нясуць свой непаўторны, унікальны мясцовы каларыт. У сувязі з гэтым на базе Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу рэалізуецца і яшчэ адзін праект – “Мікіціхінскі гармонік”.
У аграгарадку Мікіціха жыве майстар па вырабе гармонікаў Лука Ягоравіч Карпаў. Менавіта на базе яго калекцыі, каля 20 гармонікаў, плануецца стварэнне музея “Мікіціхінскі гармонік”. Работа гэта ўжо вядзецца, майстар перадаў частку сваёй калекцыі цэнтру. У хуткім часе плануецца адкрыццё і класу ігры на гармоніку ў Лаўжанскім філіяле школы мастацтваў. Таксама будуць распрацаваныя вучэбна-метадычныя дапаможнікі па навучанні ігры на гэтым інструменце, створаны клубы па інтарэсах, аматарскія аб’яднанні, будзе весціся папаўненне рэпертуару і іншая работа.
***
Работнікі культуры раёна ўсур’ёз захоплены рэалізацыяй гэтых праектаў. Яны як ніхто адчуваюць важнасць захавання і аднаўлення мясцовай культурнай спадчыны для патрыятычнага выхавання моладзі, пераемнасці пакаленняў, для самаідэнтыфікацыі мясцовага жыхара ў сусвеце, для ўсебаковага развіцця грамадства наогул.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *