Праслаўляюць Шуміліна музыкай і славяць песняй

Актуалии Культура Молодёжь Новости

Праслаўляюць Шуміліна музыкай…

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі невялікі гарадок Шуміліна ведаюць перш за ўсё дзякуючы нашым таленавітым баяністам.

Ансамбль баяністаў і акардэаністаў Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў узяў другое месца на V Міжнародным конкурсе мастацтваў «Крыштальны васілёк» у намінацыі «Народныя інструменты. Баян, акардэон».

На здымку (злева направа): Уладзіслаў Шавяка, Вячаслаў Аляксееў, Канстанцін Багачоў, Кірыл Чаброў, Дзмітрый Наместнікаў.

На прыступку вышэй (у мінулым годзе ў ансамбля было трэцяе месца) узышлі Уладзіслаў Шавяка, Канстанцін Багачоў, Дзмітрый Наместнікаў, Вячаслаў Аляксееў і Кірыл Чаброў.
Кіраўнік інструментальнага аддзялення ДШМ Святлана Чарткова расказвае, што дзеці вельмі старанна рыхтаваліся да паездкі ў Мінск, рэпеціравалі і ў выхадныя, і на канікулах, адточвалі ўсе нюансы, каб дабіцца абсалютнай зладжанасці і чысціні гучання. Прафесары акадэміі музыкі былі ўражаны ўзроўнем падрыхтоўкі правінцыяльных музыкантаў, якія з лёгкасцю абышлі многіх навучэнцаў сталічных устаноў.
Жаданне настаўнікаў перадаваць сваё майстэрства вучням, урокі, рэпетыцыі далі добры плён, і цяпер усе задаволены вынікам. У Святланы Барысаўны займаюцца Уладзіслаў Шавяка, Дзмітрый Наместнікаў і Кірыл Чаброў. Канстанцін Багачаў удасканальвае сваё майстэрства пад прафесійнай апекай Аксаны Дзмітрыеўны Ільінец, Вячаслаў Аляксееў займаецца ў Віктара Уладзіміравіча Скорынава.
Заваяваныя дыплом, падарункі і сімвал конкурсу – крыштальны васілёк – папоўнілі багатую скарбонку ўзнагарод школы мастацтваў.
Цяпер юныя інструменталісты маюць поўнае права прэтэндаваць у будучым годзе на першае месца. Чаго мы ім ад усёй душы жадаем.

… і славяць песняй

Выхаванцы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў паспяхова выступілі і на міжнародным конкурсе-фестывалі маладых выканаўцаў эстраднай песні «Дзве сястры – Беларусь і Расія», які з 2010 года штогод праводзіцца ў Віцебску.

Пераможцы конкурсу: Дзмітрый Наместнікаў, Ганна Гайлова, Кіра Гуйдо, Лізавета Гарохава. Фотаздымкі з архіва Шумілінскай ДШМ.

Звычайна ён праходзіць у сакавіку-пачатку красавіка перад Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, але ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй быў перанесены на 29-30 кастрычніка.
Шумілінскія канкурсанты прымалі ўдзел і атрымалі перамогу ў дзвюх узроставых катэгорыях намінацыі «Эстрадны вакал»: у намінацыі саліст-вакаліст (10-13 год) Кіра Гуйдо атрымала званне лаўрэата II ступені (настаўнік Нэллі Жаваранкава); Ганна Гайлова стала лаўрэатам III ступені (настаўнік Алена Фёдарава).
Звання дыпламантаў II ступені былі ўдастоены Лізавета Гарохава ў намінацыі саліст-вакаліст (6-9 год) (настаўнік Алена Фёдарава) і Дзмітрый Наместнікаў у намінацыі саліст-вакаліст (10–13 год) (настаўнік Вераніка Сокалава). Віншуем, жадаем новых творчых перамог.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №91 ад 20.11.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *