К 70-летию освобождения Беларуси. Рассказывает ветеран Великой Отечественной войны В. П. Кожемякин

Актуалии

Яны ўтрох пайшлі на вайну…
Пра вайну Васіль Патапавіч Кажамякін з мястэчка Обаль расказвае ахвотна, хаця адчуваеш, што боль па ваенным ліхалецці ў франтавіка не суняўся. Аднак перш чым “зазірнуць” у пекла вайны (а наш герой браў  удзел ва ўзяцці Кёнігсберга), ён расказаў пра сваё дзяцінства. Было яно, напэўна, такім жа, як і ў кожнага хлапчука таго часу. Вёска Рышацень, дзе нарадзіўся, была на восем двароў, у школу хадзіла іх трое, і хадзілі за няблізкую дарогу.  Заканчваў Васіль у вёсцы Доўгая Ніва восем класаў, і ў школу прыйшла тады папера аб наборы ў рамеснае вучылішча чыгуначнікаў у Ленінград. Юнак падаў свае дакументы і стаў чакаць выкліку…
Аднак у чэрвені 41-га ні пра якую “рамяслуху” гаворкі не магло ісці, бо пачалася вайна. У вёсцы Рышацень, за восем кіламетраў ад Обалі, ні ў каго не было на той час ні тэлефона, ні радыё, ні тэлевізара. Але пра вайну  ведалі.  А неўзабаве ў  вёску прыйшлі першыя немцы. Адзін з іх, высокі, як гіцаль, адчыніў дзверы іхняй хаты і раскрыў ад здзіўлення рот. Тады юнак не ведаў, што здзівіла няпрошанага прышэльца, пазней жа, калі штурмаваў як кулямётчык Кёнігсберг і калі давялося начаваць у адным з дамоў, ён зразумеў: немца здзівіла тады, на пачатку вайны, беднасць іхняга сялянскага жытла.
Але гэта было пазней. А тады, у суровым 41-ым, і пагаладаць давялося, і спазнаць нямецкай “ласкі”. Не менш цяжка было і пазней, калі фашысты вар’яцелі ад няўдач пад Масквой, у Сталінгра-дзе, на Курскай дузе.
А потым была невымоўная радасць ад таго, што прыйшлі нашы. Гэтую радасць добра помніць Васіль Кажамякін. Помніць, як праз два ці тры дні пасля вызвалення Обалі (а сям’я перабралася жыць туды, бо вёску спалілі немцы), прыйшлі позвы з ваенкамата на яго імя і для бацькі, якога ў першую мабілізацыю не забралі. А тут пачаў збірацца з імі і Саўка, якому на той час не было і сямнаццаці. Матуля плакала, не адпускала, але ж хіба стрымаеш яго, тым больш, што бацька не пярэчыў…
Вось так утрох і з’явіліся яны на прызыўны пункт. Прывялі іх у парадак, пастрыглі, выдалі зброю і – марш на перадавую. Выйшлі ў Літву. Пакуль ішло пастраенне, пакуль пераклічка, наляцелі нямецкія самалёты. Людзі рассыпаліся хто куды. Гэтая бамбёжка і разлучыла сямейнікаў. Васіль з братам Савеліем аказаліся побач. Праўда, пазней вайна ўсё ж раскідала іх па розных франтавых акопах.
Васіль Кажамякін быў сувязістам. Раненне, шпіталь. Спісваўся з домам, з  Савеліем, аднойчы ліст, дасланы брату ў Літву, вярнуўся. У салдата закралася трывога: з Саўкам нешта здарылася. Так яно і сталася: з дому напісалі – загінуў смерцю храбрых. Прыйшла пахавальная. Так што на фронт пасля ранення Васіль Кажамякін ехаў у маркотным настроі…
У другі прыход на перадавую ён – кулямётчык. Расказвае В. П. Кажамякін, як шукала каманда байцоў прыстанак для начлегу, як не паспелі нават развязаць свае рэчмяшкі, а побач так шуганула, што ўцякалі, як зайцы. А пазней выйшлі ў мястэчка, дзе  на апошнія грошы купілі сабе  віна. А тут патруль…
Усяго было – і смешнага, і страшнага. Асабліва ўчэпіста памяць учарашняга салдата трымае пару, калі штурмавалі   Кёнігсберг. Стаяў пачатак красавіка 45-га. Да канца вайны заставаўся нейкі месяц,  а тут трэба ламаць лютае супраціўленне фашыстаў. І ламалі. Праўда, спачатку  двойчы  ішлі ў атаку, уяўляючы, што наперадзе вораг, і двойчы вярталіся на зыходныя пазіцыі. Помніць Васіль Патапавіч, нібы гэта было ўчора, падрыхтоўку да сапраўднага штурму, калі былі выступоўцы з трыбуны, калі наперадзе неслі сцяг палка і грымеў ваенны аркестр. Затым была артпадрыхтоўка, і тады В. Кажамякін упершыню ўбачыў нашу гордасць – “кацюшы”, якія палілі па нямецкіх пазіцыях.
А пасля – ні аркестра, ні сцяга, адно – цемра апраметная, і ты не ведаеш, куды бегчы. Справа і злева грыміць, стогне зямля, а ты бяжыш і ва ўсё горла крычыш “ура!”. На трэці дзень штурму горада яго параніла. Ён адчуў, лежачы за кулямётам, як балюча выцяла па спіне, нібы абязвечыла цяжкім бервяном. Ачуняў ад болю, пакратаў нагамі, рукамі – цэлыя, толькі два пальцы на руцэ адарвала…
Дзень перамогі 1945-га франтавік сустрэў у Каўнусе, у бальнічнай палаце. Ён ужо ведаў, што за мужнасць яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі, што неўзабаве ён вернецца дамоў, у мястэчка Обаль. На тумбачцы ўжо ляжаў жаданы ліст з дому, у якім маці пісала, што атрымалі спачатку на яго пахавальную, а праз  дзень і ліст, у якім ён сваёй рукой напісаў пра раненне, паведамляў, што жывы. Дарэчы, пахавальная на Савелія захавалася, яна – сямейная рэліквія, а вось сваю  захаваць не ўдалося.
Дэмабілізаваўся ж і вярнуўся дамоў франтавік толькі ў студзені 1946-га…
Мікалай ЯНЧЫН.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *