Волейболисты из Шумилино стали лидерами международного турнира

Спорт, туризм

Што перамагае – вопыт ці маладосць?
У пятніцу-нядзелю ў ДзЮСШ прайшоў міжнародны валейбольны турнір. За перамогу змагаліся валейбалісты з Шуміліна, Пскова (Расія), Глыбокага, Бешанковіч, Віцебска і Наваполацка. Спаборніцтвы праходзілі ў трох групах (дзяўчаты, хлопцы – старэйшы і малодшы ўзросты). Незвычайным было тое, што спаборніцтвам у турніры разам з юнымі валейбалістамі ўдзельнічалі дарослыя ігракі.
Трэба адразу адзначыць, турнір удаўся. Тры дні  сталі падарункам для аматараў валейболу: мноства валейбольных паядынкаў (дарэчы, спаборніцтвы ў пятніцу і суботу зацягнуліся да дзевяці гадзін вечара), непрадказальныя вынікі сустрэч і, што самае галоўнае, гульня даволі высокага ўзроўню.
Сярод хлопцаў малодшага ўзросту хапіла перажыванняў. Хто лепш справіцца з нервамі? Хто пакажа ўсё, чаму вучаць на трэніроўках? Хто стане лідарам на пляцоўцы? Найлепш з задачай справіліся глыбоцкія валейбалісты, якія і выйгралі турнір. У нашай каманды – другое месца.
Цікава прайшлі сустрэчы паміж валейбалісткамі. Тут былі заяўлены дзве каманды з Пскова – старэйшыя дзяўчаты і студэнткі. Гонар нашага раёна абараняла дарослая зборная. Прычым шумілінскія валейбалісткі парадавалі годнай гульнёй. Часта ім не хапала фізічнай падрыхтоўкі, затое вопыт і настрой зрабілі сваю справу. На жаль, шумілінская зборная прайграла пскоўскім студэнткам, якія і сталі пераможцамі. Затое другое месца нікому не аддалі.
Найбольш напружана прайшлі спаборніцтвы сярод старэйшых хлопцаў. Шуміліна прадстаўлялі дзве каманды – каманда ДзЮСШ і зборная ветэранаў валейбола. У групе падабраліся каманды прыкладна аднаго ўзроўню. Сапраўдную закрутку спаборніцтвам надала сустрэча “Ветэраны” – Бешанковічы, у якой ва ўпартай барацьбе перамогу вырвалі бешанковіцкія валейбалісты. Каманда нашай ДзЮСШ ішла без паражэнняў. Так што ў нядзелю тры каманды прэтэндавалі на перамогу.
“Хвалюемся перад сустрэчай з дарослымі валейбалістамі, – адзначыў перад пачаткам сустрэч трэнер ДзЮСШ Аляксей Паршыкаў. – На трэніроўках мы рэдка ў іх выйграём, думаю, што дадзім у паядынку сапраўдны бой”. І прадчуванні трэнера не падвялі. Шумілінскія хлопцы без праблем разабраліся з бешанковіцкімі канкурэнтамі, а вось супраць дарослых нічога не змаглі паказаць. У выніку прызавая тройка наступная: першае месца – Шуміліна (ветэраны), другое – Шуміліна (ДзЮСШ), трэцяе – Бешанковічы.
На ўрачыстым закрыцці спаборніцтваў спонсары ўручылі нашым валейбалістам грашовую прэмію, а Віктар Масько вызначыў лепшых валейбалістаў турніру: імі сталі бешанковіцкі і шумілінскі спартсмены. Ім таксама былі ўручаны грашовыя прэміі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



1 комментарий по теме “Волейболисты из Шумилино стали лидерами международного турнира

  1. Цікава, а колькі на спаборніцтвах было аматараў валейболу?
    Якая рэклама турніру была ў горадзе? Ці быў на міжнародных спаборніцтвах якісьці гандаль? Бо цяжка ж вытрымаць не еўшы да дзевяці вечара, як гульцам, так і аматарам-заўзятарам. Як было з музычнай часткай-падтрымкай? Гучалі ўсё тыя ж «савецкія» хіты ці наогул нічога?
    Цікава было б даведацца і пра вынікі ўсіх гульняў, пра статыстыку.
    І, урэшце рэшт, хто ж з бешанковіцкіх і шумілінскіх спартоўцаў атрымаў прэмію як лепшы гулец? Ці тое ваенная тайна?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *