Адцвіла ў дзеўках…

Общество

Адцвіла ў дзеўках…
Не магу апраўдаць ніякімі зямнымі законамі тую з’яву, калі прыгожая, пяшчотная, прывабная дзяўчына, а – без шчаслівай долі. Чаму так здараецца? Магчыма, тут уся справа ў сям’і, адкуль дзяўчына выйшла. Магчыма. Толькі няўжо матуля (часцей яна) не разумее, што “стэрыльнасць” або забароны для “красунечкі”  не прынясуць ёй шчасце, калі яна падрасце? Ведаю прыемную, абаяльную жанчыну, сёння ўжо ў так званым бальзакаўскім узросце, калі не старэй, якая ў школе выдатна вучылася, мела поспех у хлопцаў, можа, і цалавалася з імі ўпотай ад матулі, аднак гэтае мацярынскае: “Туды не хадзі… з гэтым не гуляй… чым на танцы, лепш пасядзі за кнігай…” зрабіла сваю прыкрую справу.  Словам, маладая жанчына адцвіла. У народзе кажуць, адцвіла ў дзеўках. Яна магла зрабіць шчаслівым любога прыстойнага мужчыну – не зрабіла. Яна магла нарадзіць дзіця – не нарадзіла. Бо ў хаце прапаведвалі чыстую мараль, без усякіх “дамешкаў”. Гэта сёння чалавек разняволіўся, сёння з сям’і спала апона таямнічасці і чысціні. Сёння шлюб не абавязковы, а калі і жывуць разам, то грамадзянскім шлюбам. Тады гэтага маці проста не дапусціла б.  І не нарадзіла б дачка, не меўшы законнага мужа. А нарадзіла б – гэта было б такой ганьбай, якую не змыеш з гадамі. Помню  фільм, калі дачка, пасталеўшы і зразумеўшы, што маці “не адпускае” яе ад сябе да самых сівых валасоў, раптам выказвае ёй усю горыч, усё, што накіпела ўнутры. Гэта было трагізмам, гэта была драма ўсёй сям’і.
Між тым адзін агрызнецца, іншыя змоўчаць, і будуць маўчаць, пакуль маці не пойдзе ў іншы сусвет. Але тады ўжо, як правіла,  будзе позна, тады ў маладой некалі дзяўчыны, зараз перастаркі (кажуць яшчэ – мікалаеўскай дзеўкі) знік ужо ўсякі “апетыт” на замужжа.
Па-рознаму складваецца жыццё маладой жанчыны. Чамусьці больш ранімыя да  “грэхападзення”  інтэлігентныя людзі. І па адукацыі, і па складу думак. Менш – тыя, хто заняты, як пісаў  у лісце ў рэдакцыю адзін  даўні сябар газеты,  “важнай дзяржаўнай справай – кармленнем і апрананнем краіны”.  Таму больш “незапатрабаваных” жанчын (вядома ж, для стварэння сям’і, а не проста для розных фліртаў і раманаў) – з ліку настаўнікаў, медыкаў, работнікаў культуры. Праўда, апошняя катэгорыя – больш  разняволеная (яна і да спеваў мае ахвоту, і да скокаў, і можа, калі трэба, пераступіць праз нейкае “табу”), найбольш кансерватыўная ў гэтым плане, па-мойму,  племя настаўніц. Іх часцей за ўсё “косіць” праблема, не літуе і не аберагае жыццё. Можа, таму, што і школа, дзе яны вучаць дзетак – інстытут такі ж кансерватыўны.
Вядома, усё добра ў пару. Але бываюць шчаслівыя выключэнні. Бываюць удалыя сем’і, у якой матуля нарадзіла ў сямнаццаць, і тады, калі жанчына знаходзіць сям’ю у сорак. Усё бывае: як каму пашанцуе. Але трэба прыняць да ўвагі, што ва ўсе вякі выбіраў мужчына. Дзяўчына магла адмовіць, але не магла (калі, вядома, яна не бярэ нахрапам або не жэніць на сабе пасля “залёту”) выбіраць. Сватоў засылалі да маладой, а не наадварот. І калі не выбралі – значыць, такая доля ўжо. Нараджалі для ўцехі дзіця ад прыстойнага чалавека (ішлі насуперак волі бацькоў) і гадавалі яго з надзеяй, што, мажліва, падвернецца  калі-небудзь добры чалавек і возьме з дзіцём.
Перастарка – не “кляймо” і не  ганьба. Гэта лад жыцця жанчыны, як, дарэчы, і закаранелага халасцяка, бабыля. У іх прытупляюцца тыя пачуцці, якімі гарэлі ў маладосці. І знайсці сабе жонку ці мужа ў сорак значна цяжэй, бо ўжо старанна і ўедліва выбіраеш: то валасы з носу тырчаць, то вочы розныя па колеры, то згубіла (гэта пра жанчын) ранейшую зграбнасць, распаўнела, збрыдчэла.
У васемнаццаць так не выбіраеш…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *