Криминал. Происшествия

Происшествия

Чужыя грошы
У жыхаркі а.-г. Мікіціха з кватэры прапалі грошы. Па гарачых слядах супрацоўнікі РАУС злодзея знайшлі. Ім аказаўся раней судзімы за крадзеж жыхар Полацка. Ён прызнаўся, што адкрыў кручок уваходных дзвярэй праз шчыліну, украў паўтара мільёна рублёў і ўцёк. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа. Грошы пацярпелай вернуты.
У пенсіянера  з Шуміліна грошы прапалі пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў са знаёмай жанчынай. Калі гаспадар добра-такі быў “пад мухай”, жанчына ўкрала з яго кватэры тры мільёны рублёў. Ліха-дзейка знойдзена. Грошы пацярпеламу вернуты.
Злодзей знойдзены
Раённая газета пісала, што ў жыхара райцэнтра з трактара, які стаяў у ангары райспажыўтаварыства, прапала ўласная магнітола. Нядаўна супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі асобу злачынцы: ім аказаўся непрацуючы жыхар Светласельскага. Мужчына прызнаўся ў крадзяжы. Магнітола вернута пацярпеламу.
На мове лічбаў
За студзень-лістапад бягучага года ў раёне зарэгістравана 241 злачынства (столькі ж было і за адпаведны перыяд мінулага года). Крадзяжоў адбылося 116, а ў мінулым годзе было 148. Зменшылася колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку: сёлета – 152, летась было 188.
Нецвярозы
На вуліцы Суворава ў Шуміліне затрыманы жыхар райцэнтра, які кіраваў асабістым аўтамабілем “Форд” у стане алкагольнага ап’янення. Да таго ж, вадзіцель не меў пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку, сертыфікатаў аб дзяржтэхаглядзе і аб абавязковым страхаванні. Мужчыну пагражае штраф да 10 базавых велічынь і пазбаўленне права кіравання ўсімі транспартнымі сродкамі тэрмінам на тры гады.
На хуткасці
Грамадзянін Латвіі, кіруючы аўтамабілем “Івека”, на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне парушыў хуткасны рэжым на 25 кіламетраў у гадзіну. Прычым зрабіў гэта другі раз на працягу года. Вадзіцелю пагражае пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на адзін год.
Без габарытаў
Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы ў цёмны час сутак спрабавалі спыніць на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне  вадзіцеля аўтамабіля ГАЗ, бо ў аўтамабіля не гарэла бліжняе святло. Але вадзіцель (ім аказаўся жыхар Браслава) ігнараваў патрабаваннямі работнікаў ДАІ. На вадзіцеля складзены два адміністрацыйныя пратаколы. За адсутнасць бліжняга святла ў машыне мужчыну пагражае штраф да дзвюх базавых велічынь, а за непадпарадкаванне супрацоўнікам ДАІ – да дзесяці базавых велічынь.
Без правоў
У в. Езярышча Гарадоцкага раёна затрымалі жыхара Шуміліна, які ехаў на аўтамабілі “Пежо”. Як высветлілася, наш зямляк ехаў без правоў кіравання. Іх увогуле не меў, бо быў пазбаўлены правоў за тое, што сеў за руль нецвярозым. Цяпер мужчыну пагражае штраф да 20 базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *