Шумилинские мелиораторы не прекращают работу и зимой

Актуалии Экономика

Дзе рос хмызняк, там поле закрасуе
У бягучым годзе, па словах начальніка землеўпарадкавальнай службы  райвыканкама З. Ф. Алюлінай, меліяратары ПМС па праграме “Чыстыя палеткі” правялі работы на 43,7 гектарах, перавыканалі даведзены план у два разы.
Зараз практычна кожны дзень на палетках працуюць два карчавальнікі. Вядуцца работы ў Тропіне,  Філіпенках, а таксама ўздоўж аўтадарогі Віцебск-Сіроціна. На мінулым тыдні, калі мы завіталі на гэты аб’ект, тут працаваў на гусенічным трактары С. А. Мігуцкі. Работа на гусенічным трактары і знішчэнне лазняку для механізатара не ў навінку: усё ж працуе ён на прадпрыемстве паўтара дзясятка гадоў. І, на думку кіраўніцтва, працуе добра, выконвае даведзеныя нормы.  Прыемна назіраць, як карчавальнік спрытна спраўляецца з хмызам, вырываючы яго прама з коранем. “На гэтым месцы будзе ўзарана поле ажно да самай дарогі, – усміхаецца Сяргей Мігуцкі (на здымку).  – У гэтым годзе карчаваў кусты і непадалёк ад Лявонава, там таксама поле не будзе пуставаць”.
Шумілінскія меліяратары вядуць культуртэхнічныя работы і ўздоўж аўтатрасы Шуміліна-Гарадок. “Рыхтуемся да “Дажынак”, якія пройдуць у наступным годзе ў Гарадку, – кажа галоўны інжынер ПМС А. М. Лакціёнаў. – На свята паедуць праз наш раён, і трэба выглядаць дастойна”.
У гэтым годзе выкарчавалі хмызнякі ў Ляжнях на плошчы амаль 24 гектары. Такія ж работы праводзілі ў Засінніках і на тэрыторыі КУСГП “Ульскі”. Прычым меліяратары працавалі не толькі механізавана, але і ўручную.  “На жаль, трапляюцца нам і даволі запушчаныя ўчасткі, дзе замест кустоў –  тоўстыя дрэвы, – кажа Аляксандр Мікалаевіч. – Іх прыходзіцца зразаць уручную. Ёсць і аддаленыя ўчасткі, напрыклад, як урочышчы Кулакова ці Казьяны, дзе прыходзілася прымяняць гліфасатутрымліваючыя прэпараты. А ўвогуле ўручную ў гэтым годзе правялі работы на ўчастку працягласцю 13,5 кіламетра”.
За снежань работнікі ПМС мяркуюць раскарчаваць яшчэ сем гектараў кустоў на тэрыторыі КУСГП “Сіроцінскі”. Планы на наступны год яшчэ ўдакладняюцца.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *