“Селяначка” возродится?

Культура Общество

Чакаем песень ад “Сяляначкі”
Больш за два гады пры Кардонскім сельскім клубе радаваў гледачоў ансамбль песні і музыкі “Сяляначка”. І працаваў калектыў, трэба сказаць, нядрэнна: неаднойчы бралі ўдзел у канцэртах раённага ўзроўню, выступалі на “Славянскім базары”  ў Віцебску, у іншых гарадах вобласці. А паўгода як калектыў распаўся. “Шчыра скажу: баліць душа, што мы не спяваем, – кажа Марына Сяргееўна Багрэц, адна з удзельніц “Сяляначкі”.
Як высветлілася, распаўся калектыў таму, што загадчыца клуба і калектыў “Сяляначкі” не зразумелі адзін аднаго, не ўступілі ў канфлікце, не дамовіліся, не змаглі знайсці рашэнне, у тым ліку ў асабістых непаразуменнях.
«Так, канфлікт быў, – кажа загадчыца Кардонскага сельскага клуба С. М. Барадзюля. – Магчыма, справа тычылася аплаты за канцэрты». «Мы патлумачылі, што праводзіць платныя канцэрты маюць права толькі калектывы са званнем «народны», – кажа намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая. – Ва ўсіх астатніх выпадках самадзейнасць – справа добраахвотная, і яна трымаецца на ініцыятыве і творчасці. А калі нейкае прадпрыемства просіць нас правесці мерапрыемства, то аплата ідзе за творчы заказ (сюды ўваходзяць і выставы, і песні, і музычнае афармленне і інш.) і грошы пералічваюцца на рахунак нашага аддзела».
Каб праліць святло на праблему, пагутарыла з удзельнікамі “Сяляначкі”. Бачна было, што людзі душой хварэюць, перажываюць за свой калектыў, які “быў аддушынай у паўсядзённым жыцці”. Жанчыны жылі песнямі, канцэртамі, і калі ўсяго гэтага не стала, быццам згубілі самае каштоўнае. Яны згодны аднавіць калектыў, маўляў, нельга за грошы выступаць, дык нельга. Ды і С. М. Барадзюля не супраць аднаўлення калектыву, абяцала ўключаць рэпертуар “Сяляначкі” ў розныя канцэрты.
“Калі ў людзей ёсць жаданне выступаць, то мы будзем толькі рады, – кажа Валянціна Георгіеўна. – Чым больш творчых і ініцыятыўных людзей, тым лепш. І мы будзем толькі рады, калі “Сяляначка” адновіць сваю работу”.   Такой жа думкі прытрымліваецца і кіраўнік гэтага творчага калектыву А. Ц. Матуз, які шчыра прызнаўся, што вельмі перажываў, таму што ансамбль песні і музыкі распаўся. “Я бачыў гарэнне ў вачах самадзейных артыстаў, – прызнаецца Анатоль Цімафеевіч. – Праўда, пры Кардонскім клубе створаны новы калектыў “Сваякі”, але, думаю, і “Сяляначка” нам не перашкодзіць”.
Дарэчы, пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, у «Сяляначкі» прайшоў арганізацыйны сход і першая рэпетыцыя. Засталося толькі пажадаць калектыву творчых поспехаў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №97 ад 13.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *