Каким будет стол среднестатистического шумилинца

Общество

ЯКІМ БУДЗЕ НАВАГОДНІ СТОЛ СЯРЭДНЕСТАТЫСТЫЧНАГА ШУМІЛІНЦА
Як высветлілася, драўляны сіні Конь па сваёй  натуры – “асоба” аптымістычная і жыццярадасная, якая зусім не супраць раскошы. У той жа час гэты самы Конь не любіць празмернасці, таму раскоша павінна быць вытанчанай і мінімалістычнай. Пры жаданні спалучыць гэтыя патрабаванні можна ў дэкоры (ну не ў частаваннях жа: мінімалізм, хоць і вытанчаны, на стале нікому не патрэбны). У афармленні стала можна выкарыстоўваць адценні сіняга, зялёнага. Каню б “спадабалася”, каб салатнікі і талеркі не былі  стракатымі, лепш аднатоннымі.
Год Каня нясе шчасце і поспех, таму авёс абавязкова павінен прысутнічаць на стале, і калі вы не гатовы частаваць гасцей аўсянкай, спячыце аўсянае пячэнне (пачак геркулесу каштуе 5 тысяч). Нам раяць ні ў якім выпадку не ставіць на стол сыравэнджаныя каўбасы: у іх можа ўтрымлівацца каніна. Лепш аддаць перавагу мясу курыцы і морапрадуктам. Усё варта шчодра пасыпаць зелянінай, якую, дарэчы, магчыма, і завязуць перад самым Новым годам ва ўніверсам “Цэнтральны”, там жа будуць і авакада. Крэветкі свежамарожаныя каштуюць 108 тысяч, столькі ж – кактэйль з морапрадуктаў, крэветку ў панцыры аддаюць па 40 тысяч рублёў за кілаграм. 200 грамаў марынаваных крэветак ці асарці з морапрадуктаў абыдуцца ў 28 тысяч, кальмары (250 гр) каштуюць 18 тысяч. Морапрадуктамі гандлююць не ўсе магазіны, але выбар ёсць.
Не ва ўсіх магазінах ёсць і чырвоная ікра, якая каштуе сёння амаль 100 тысяч за 100 грамаў. 200 грамаў слабасалёнай сёмгі каштуюць 41 тысячу. Дарэчы, на ўсё на гэта няма ніякіх скідак, можна  меркаваць, што да свята далікатэсы яшчэ і падаражэюць. Прыкладна так, як шампанскае. Толькі ў адным гандлёвым аб’екце гэты навагодні напітак можна было набыць за 27 тысяч. У астатніх цэны вагаюцца ад 36-ці да 45-ці тысяч рублёў. Да ведама: марціні я знайшла толькі ў адным магазіне і каштуе яно аж 189 тысяч. Праўда, конь любіць ваду, але ці стане хто ў гэтым выпадку ўлічваць ягоны густ.
Свежыя гуркі зараз прадаюць па 30 тысяч, памідоры – па 18, а перац гатовы аддаць за 34 тысячы рублёў. Самы навагодні фрукт – мандарыны – прадаюць па 13 тысяч і вышэй.
Усе рэдакцыйныя гаспадыні на традыцыі заўжды гатуюць да навагодняга стала і салату аліўе. Дык вось, марынаваны зялёны гарошак (450 гр) можна купіць і за 6800 рублёў. Конь надзвычай любіць гародніну, асабліва бульбу. З гэтым у нас усё добра. А вось сыр! Сыр “Расійскі” тлустасцю 35% каштуе ў адным з магазінаў аж 99 тысяч рублёў. Конь, мусіць, без сыру і абышоўся б, а вось мы – наўрад.
Вывучаць асартымент цукерак няма ніякай патрэбы: дзякуючы савецкай традыцыі дарыць кожнаму дзіцяці мяшок цукерак ад прафсаюзнай арганізацыі, у якой працуюць бацькі, цукерак у свята хопіць і на дзяцей, і на бацькоў, і нават на гасцей.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №100 ад 24.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *