Поймать мгновение жизни

Мир увлечений

“Фатаграфія – гэта частка маёй натуры”
Адзінокае птушаня на шэрай зямлі, ружовы захад сонца, сіні васілёк на фоне зялёнай травы, каляровая вясёлка, вечны агонь, ля якога схіліліся ў хвіліне маўчання маладыя, кропелькі расы на траве – усё гэта імгненні. Імгненні жыцця, якія застылі на фотаздымках. Злавіць гэтыя імгненні, прызнаецца прафесійны фатограф Анатоль Клепяшнёў, для фатографа – вялікая асалода.
Захапленне Анатоля фатаграфіяй пачалося з таго моманту, калі яму дзед Ілья Андрэевіч, фотааматар, на сямігадовы дзень нараджэння падарыў свой старэнькі фотаапарат “Змена-2”, 1955 года выпуску. Гэтая дата 21 мая 1966 года ярка жыве ў ягонай памяці. З гэтага моманту і пачалося актыўнае захапленне фатаграфіяй. І вось ужо 47 гадоў Анатоль Клепяшнёў апантаны фатаграфаваннем.
– Калі я з фотаапаратам выходжу на вуліцу, яшчэ не ведаю, якімі будуць фотаздымкі. Сюжэт іх прыходзіць спантанна, калі бачыш нешта цікавае. Прыкмеціш прыгожае імгненне – амаль што жывы здымак атрымаецца, – эмацыянальна расказвае пра сваё захапленне Анатоль.
Не кожны фотаздымак, зроблены фотакамерай, задавальняе фатографа. Зрабіць яго больш выразным, аб’яднаць некалькі фотаздымкаў у адзін дапамагае камп’ютар.
– Я вельмі люблю працаваць з фатаграфіямі ў розных камп’ютарных праграмах. Гэта вельмі цікава, калі фотаздымак на тваіх вачах пачынае выглядаць зусім па-іншаму. Выдатна, што камп’ютар дае магчымасць падкрэсліць прыгажосць чалавека, птушкі, усёй прыроды, – дзеліцца фатограф.
Анатоль Клепяшнёў перакананы, што галоўнае –  любіць тое, чым займаешся, а таксама тых, каму твая праца прызначана.
– Я заўсёды стараюся падыходзіць да фатаграфіі нестандартна, нават вясельная фатаграфія для мяне – не  камерцыя, а пошук сябе”, – кажа фатограф.
Анатоль Клепяшнёў у фотамастацтве дасягнуў многага. Але мяжы дасканаласці няма.
Як чалавек творчы, ён любіць не толькі спыняць час у фотаімгненнях, але і даваць фатаграфіям назвы, складаць слоганы, збіраць фотакалекцыі.
У фатографаў асаблівы светапогляд: яны бачаць незвычайнае у звычайным, геніяльнае – у простым, вечнае – у імгненным. Кожны дзень знаходзяць у жыццёвых буднях прыгожае, цікавае, новае.
– Не, без фатаграфіі я ўжо жыць не магу. Выходжу на вуліцу – і падсвядома шукаю кадры, цікавыя моманты. Фатаграфія – гэта частка маёй натуры.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *