Морозные испытания

Актуалии Общество

“Я маразоў не баюся. Толькі б не завіруха”
У такія калядныя маразы, якія ўсталяваліся ў студзені, не пазайздросціш тым, каму па доўгу службы даводзіцца працаваць на вуліцы.
Вось і для маладой паштальёнкі Святланы Лапатнёвай гэта першае сур’ёзнае выпрабаванне. Як ратуецеся ад маразоў, пытаюся ў дзяўчыны. “Цёплым адзеннем, канешне ж, – усміхаецца яна. – Бачыце, як я апранута: некалькі світараў, рука-віцы, паўшарсцяныя шкарпэткі, цёплыя боты, куртку вунь якую мне выдалі. Так што я маразоў не баюся. Толькі б не завіруха”.
І Святлана, паправіўшы каўнер, бярэ накірунак на свой маршрут, апошнім пунктам якога, між іншым, будзе вёска Каравайніца. “Работа ёсць работа. Маразы-маразамі, а дастаўку перыёдыкі, пенсій і тавараў ніхто не адмяняў. Мяне ж чакаюць.”
А гідраметцэнтр пакуль не дае абнадзейваючыя прагнозы. Моцныя маразы захаваюцца да канца студзеня…
Алена КАРПУШЭНКА.
“А мы ў валёнках”
На пытанне, ці холадна працаваць у дваццаціградусныя маразы, майстар раёна электрасетак А. М. Багданаў усміхнуўся: “А мы ў валёнках, ватніках, цёплых шапках і рукавіцах. Гэткае спецадзенне нам выдалі на зіму. Цёпла апранаемся, таму і марозу не баімся. Акрамя гэтага, на аб’екце дзяжурыць машына-будка з печкай, дзе можна пагрэцца. Так што ў маразы работа электрыкаў не прыпыняецца”.
На фермах тэмпература плюсавая
Маразы – даволі сур’ёзнае выпрабаванне і для жывёлы. Як перазімуе жывёла  – гэта залежыць ад чалавека.
Па словах першага намесніка начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцова, на ўсе фермы раёна завозіцца даволі кармоў, ёсць салома для падсцілкі. Яшчэ задоўга да маразоў на фермах уцяплілі вокны і дзверы. “На ўсіх фермах плюсавая тэмпература, – кажа Андрэй Аляксандравіч. – Наогул, для жывёлы страшны не столькі холад, колькі скразнякі і вільгаць”.
Мы пацікавіліся, як зімуюць цяляты ў тэнтавым арачніку на ферме Рашэтнікі ААТ “Лаўжанскае” і ўвогуле, ці паставілі туды жывёлу. Але галоўны заатэхнік гаспадаркі Т. І. Скавародка адмовілася каменціраваць сітуацыю.
Вадзіцеляў напаілі гарачым чаем
Як паказала жыццё, выпрабаванне маразамі вытрымліваюць не ўсе. Вось і на дарогах некаторым вадзіцелям спатрэбілася дапамога. Так, 20 студзеня, на аўтадарозе Віцебск-Полацк заглухлі чатыры вялікагрузныя машыны. На дапамогу вадзіцелям выехалі супрацоўнікі ДАІ. Яны арганізавалі адбуксіроўку машын з праезнай часткі і прагрэў паліўных бакаў (дызельнае паліва замерзла). “А вадзіцеляў напаілі гарачым чаем, і яны зноў адправіліся ў дарогу, – кажа старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС В. М. Бурлакоў. – Думаю, гэта не апошняя наша дапамога дальнабойшчыкам. Ім заўсёды рэкамендуем браць з сабой запасное цёплае адзенне.  А ўвогуле вадзіцелям раім па магчымасці ўстрымацца ад далёкіх паездак, бо на ўсе агрэгаты ў машыне ў час марозу даволі сур’ёзная нагрузка. І нават невялікая  непаладка  можа прыпыніць машыну на працяглы тэрмін. У выпадку надзвычайных сітуацый рэкамендуем тэлефанаваць па нумары 101 ці 102 і прасіць дапамогі, бо вялікія маразы – гэта не жарты”.
Ці холадна яблынькам?
Мароз ноччу больш за дваццаць градусаў, а снегу вельмі мала. Гэта вельмі дрэнна для саджанцаў. Як ратаваць яблынькі і грушы? На думку спецыялістаў раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін, у такое надвор’е саджанцы трэба  знізу ўкрываць ельнікам.  Пры магчымасці зверху яшчэ можна прыкапаць снегам. Ствол таксама пажадана ўхутаць яловымі лапкамі,  абгарнуць руберойдам ці мешкавінай – гэта ўратуе не толькі ад маразоў, але і ад зайцоў, якія часта прыходзяць у сад паласавацца карою дрэў.
абмарозілася
У райбальніцы зарэгістравана першая пацярпелая ад марозу. У прыватнасці, 21 студзеня за медыцынскай дапамогай звярнулася 50-гадовая жыхарка в. Лоўжа, паведамілі нам у прыёмным аддзяленні райбальніцы. Жанчыне паставілі дыягназ: абмарожанне ступні першай ступені. Дарэчы, жанчына была п’яная, напэўна, таму і адмарозіла ступню. Пацярпелую не шпіталізавалі, ёй аказалі першую медыцынскую дапамогу і прызначылі лячэнне.
Падрыхтавала Ларыса ЗАЙЦАВА.



1 комментарий по теме “Морозные испытания

  1. «На ўсіх фермах плюсавая тэмпература, – кажа Андрэй Аляксандравіч.»

    Вельмі цікава як адчуваюць сябе кароукі у Башнях.)))

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *