Криминал. Происшествия

Происшествия

Магазін
Прадавец магазіна № 23 райспажыўтаварыства, што ў Казьянах,  паведаміла ў міліцыю, што магазін абрабавалі. Як высветлілася, злодзей трапіў унутр магазіна, праламіўшы цагляную сцяну. З прылаўкаў зніклі прадукты харчавання і спіртное на агульную суму 1,7 мільёна рублёў.
Праз некалькі дзён пасля крадзяжу супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку разам з работнікамі УУС Віцебскага аблвыканкама знайшлі злачынцу, ім аказаўся жыхар в. Красамай. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Пажар у Завяззі
У пачатку мінулага тыдня а дзясятай гадзіне вечара ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што гарыць гаспадарчая пабудова ў в. Завяззе. Хляўчук і пуня, якія знаходзіліся пад адным дахам, знішчаны поўнасцю. Жылы дом агнём не пашкоджаны. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём.
Без правоў
Жыхарка г. п. Обаль была затрымана ў абласным цэнтры на аўтамабілі БМВ-518, якім яна кіравала, не маючы вадзіцельскіх правоў і тэхагляду. Жыхарку Обалі выклікалі на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС. Ёй пагражае штраф да 27 базавых велічынь (3 мільёны 510 тысяч рублёў).
А гэтага жыхара райцэнтра затрымалі супрацоўнікі Магілёўскай дзяржаўтаінспекцыі, калі ён ехаў на легкавым аўтамабілі з пратэрмінаванымі правамі кіравання. На шумілінца складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да пяці базавых велічынь.
Яшчэ адзін жыхар Шуміліна быў затрыманы на легкавушцы без правоў кіравання на вуліцы Юбілейнай у райцэнтры. Як высветлілася, мужчына быў пазбаўлены правоў яшчэ некалькі месяцаў таму за парушэнне хуткаснага рэжыму. Яму пагражае штраф да 19 базавых велічынь.
«Вынаходнік»
Жыхар Обалі самавольна зрабіў рэканструкцыю свайго аўто: у ВАЗе-2108 замест заводскай бела-жоўтай падсветкі задняга рэгістрацыйнага знака зрабіў зялёную. Мясцовага кулібіна прыпынілі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі, яму пагражае штраф да пяці базавых велічынь.
Манеўраванне
Жыхар Сіроціна, кіруючы таксі, на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне парушыў правілы манеўравання: развярнуўся з крайняй правай паласы руху і выехаў на сустрэчную паласу (ў гэтым месцы забаронены разварот). На вадзіцеля складзены два адміністрацыйныя пратаколы, яму пагражае штраф да 13 базавых велічынь.
Пасігналіў
Згодна з Правіламі дарожнага руху вадзіцелі павінны  карыстацца гукавымі сігналамі аўтамабіля, каб папярэдзіць іншых вадзіцеляў пра абгон ці прадухіліць дарожна-транспартнае здарэнне. А вось жыхар Шуміліна ездзіў па в. Надзежына  і чамусьці сігналіў на ўсю вёску. За гэта мужчыну пагражае штраф да трох базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *