Криминал. Происшествия

Происшествия

Лайдачка
Жыхарка Шуміліна не плаціла грошы на ўтрыманне сваіх двух непаўналетніх дзяцей. За гэта была асуджана да выпраўленчых работ, з заробку жанчыны павінна было вылічвацца 10% у даход дзяржавы. Але гэта ў тым выпадку, калі б яна працавала. А паколькі асуджаная не хадзіла на работу, то супраць яе ўзбуджана крымінальная справа па арт. 416 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе выпраўленчых работ”. Цяпер жанчыне пагражае арышт ад 3 да 6 месяцаў або абмежаванне волі да двух гадоў.
Маніторынг
Супрацоўнікі ДАІ праводзілі маніторынг па выкарыстанні пешаходамі святловяртальных элементаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 18 пешаходаў. Прычым, некаторыя з іх (маючы флікер на адзенні) рухаліся ў спадарожным накірунку з транспартнымі сродкамі. А гэта парушэнне Правілаў дарожнага руху, за гэта пагражае штраф ад адной да трох базавых велічынь.
Не ўступіў дарогу
Жыхар Шуміліна на асабістым аўтамабілі “Фольксваген” ехаў па Маскоўскаму праспекту ў Віцебску. Пры развароце не ўступіў дарогу трамваю, чым і стварыў аварыйную абстаноўку на дарозе. Вадзіцелю аўто пагражае штраф да 20 базавых велічынь, ён можа быць пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на два гады.
Без правоў
6 лютага механізатар ААТ «Прыдзвінскі» ехаў па Крывому Сялу на МТЗ-1221 без правоў кіравання. Іх у мужчыны ўвогуле не было. Вадзіцелю пагражае штраф да 20 базавых велічынь. Да адказнасці будзе прыцягнута і службовая асоба, якая дапусціла механізатара да работы.
У кювеце
Жыхар в. Ізгародзішча ехаў на аўтамабілі “Форд-Эскорт” па в. Мішкавічы, не маючы вадзіцельскіх правоў. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Мала таго – збег з месца ДТЗ і напіўся. Ён пазбаўлены правоў на тры гады, на яго складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы, агульны штраф па якіх складае больш за сто базавых велічынь. Акрамя гэтага, на аўтамабіль накладзены арышт – ён знаходзіцца на стаянцы РАУС. Вадзіцель атрымае свой аўтамабіль толькі ў тым выпадку, калі выплаціць штрафы ў поўным памеры.
Парушэнні ПДД
У студзені на тэрыторыі нашага раёна было зарэгістравана 344 парушэнні Правілаў дарожнага руху. 153 вадзіцелі парушылі хуткасны рэжым, без тэхагляду селі за руль 46 вадзіцеляў, не маючы правоў кіравання – 4. Столькі ж вадзіцеляў кіравалі транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, за што пазбавіліся правоў. У студзені 53 пешаходы і веласіпедысты парушылі Правілы дарожнага руху.
Наезд
Жыхар Віцебска, які ехаў на ГАЗ-3309, пры руху заднім ходам на вуліцы Луначарскага ў Шуміліне наехаў на аўтамабіль «Фольксваген-Пасат», што належыць жыхарцы райцэнтра. Аўтамабіль пашкоджаны. На віцябляніна складзены адміністрацыйны пратакол, які адпраўлены для далейшага разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №11 ад 11.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *