Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Мапед
Жыхар вёскі Задоры звярнуўся ў аддзел унутраных спраў з той нагоды, што ў яго ўкралі мапед “Дэльта”. Як высветлілася, на гэтым мапедзе пацярпеўшы прыехаў да знаёмых ў Обаль. Пакуль гасцяваў, мапед знік з двара. Урон, нанесены пацярпеламу, складае каля двух мільёнаў рублёў. Па дадзенаму крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Лес
Даказана віна жыхара аднаго з вёсак раёна ў крадзяжы: у лесе, які належыць Бешанковіцкаму лясгасу, мужчына ўкраў больш за чатыры кубічныя метры елкі, якая адносіцца да дзелавой драўніны (кубічны метр каштуе больш за сорак еўра). Які від пакарання будзе выбраны для злачынцы, вырашыць суд.
Веласіпед
Жыхар Віцебскага раёна, які прыехаў у Дабею да знаёмых, украў у вяскоўцаў веласіпед. Як высветлілася, 30-гадовы мужчына раней такім чынам “гаспадарыў” у Гарадоцкім і Віцебскім раёнах. Там таксама жыхары недалічыліся сваіх веласіпедаў. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Балоны
У РАУС звярнулася кіраўніцтва СВК “Баравінка” – з новых недабудаваных дамоў укралі два газавыя балоны і чатыры металічныя раскладушкі. Урон ацэнены ў паўмільёна рублёў. Па гарачых слядах крадзеж раскрыты. Злодзеямі аказаліся жыхар Наваполацка і непрацуючы мужчына, што пражывае ў Башнях. Каб здзейсніць крадзеж, мужчынам не спатрэбілася псаваць дзверы – у аднаго з іх (ён раней працаваў на будоўлі) застаўся ключ ад уваходных дзвярэй. Частка ўкрадзенага знойдзена і вернута. Супраць злодзеяў узбуджана крымінальная справа.
Пажар
У аграгарадку Слабада ў жылым доме адбыўся пажар. Гаспадар 1941 года нараджэння загінуў у агні. Як патлумачылі выратавальнікам  блізкія родзічы і суседзі пацярпелага, ён злоўжываў спіртнымі напіткамі, засынаў п’яны з цыгарэтай, ад чаго ўжо неаднойчы загаралася коўдра. Але ў папярэднія разы своечасова прачынаўся, а на гэты раз не абышлося. Сваю жонку ён напярэдадні выгнаў з хаты, яна начавала ў суседзяў, гэтым і выратавалася ад агню. Дакладная прычына смерці мужчыны ўстанаўліваецца.
Кювет
Жыхар Наваполацка на аўтамабілі “Фольксваген-Пасат” не справіўся  з кіраваннем, з’ехаў у кювет і ўрэзаўся ў прыдарожнае дрэва. Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на 36-м кіламетры аўтадарогі Віцебск-Полацк (непадалёк ад Язвіна). Дарога была слізкая, вадзіцель не памяняў летнія шыны на зімовыя. Машына значна пашкоджана, вадзіцель не пацярпеў. На яго складзены адміністрацыйны пратакол.
Перакуліўся
Вадзіцель КУСГП “Ульскі”, які на аўтамабілі “Шаўрале-Ніва” ехаў у бок Мікалаёва, не ўлічыў стан дарожнай сеткі і ўмовы надвор’я (у гэты дзень выпаў снег). Мужчына з’ехаў у кювет і перакуліўся. З цялеснымі пашкоджаннямі ён знаходзіцца на лячэнні ў райбальніцы. Па дадзенаму ДТЗ праводзіцца праверка.
Па матэрыялах РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №89 ад 16.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *