В районной комиссии по делам несовершеннолетних

Общество Президент

Не жыццё, а  нястомная барацьба!..
Такое ўражанне, што чалавек без барацьбы не можа. Не атрымліваецца ў яго жыць. Адзін вядзе непрымірымую барацьбу з суседам за пядзю зямлі, за мяжу, другі ўсё жыццё прысвячае барацьбе за нешта падманлівае, міфічнае і не хоча ўпарта ведаць праўды жыцця, трэці змагаецца за “месца пад сонцам”, чацвёрты… Ды ці мала што ўздумаецца чалавеку, які бачыць сэнс жыцця ў тым, каб  кідаць сябе, як казаў адзін герой фільма, у топку страсцей. Праўда, там аповед ішоў пра любоўны раман адной жанчыны.
У нас гаворка пра іншае, але таксама пра жанчын, пра іхнюю барацьбу, і страсцей, па-мойму, у нашых сюжэтах не менш. Самая ж галоўная страсць у нашых “гераінь” – гарэлка, а не жаданне кінуць піць, узяцца за розум і вярнуць у сям’ю адабраных дзяцей.
Вось жанчына, якая працуе жывёлаводам у адной з гаспадарак раёна. Сына яе, якога маці за п’янкай не бачыла, забрала дзяржава, трэба думаць, каб  наогул не пазбавілі бацькоўскіх правоў, а ў яе думка адна – дзе знайсці на пахмелак. Гаспадар паехаў кадзіравацца, неўзабаве паедзе і яна. Ці дапаможа кадзіроўка? Вядома, калі і яна, і ён шчыра хочуць” завязаць”. Але ж як часта “развязваюцца”, і тады п’юць яшчэ больш неміласэрна. На камісіі расказалі такі эпізод, які змусіць уздрыгнуць сэрца у самага ачарсцвелага. Расказалі, што абяцала матуля, што закадзіруецца і забярэ сына з прытулку, ён чакаў яе, увесь у слязах… Цяпер яна клянецца, што яму такога не абяцала…
Другая жанчына водзіць у хату “хахеля”, яны п’юць, вядуць сябе непрыстойна, а ў хаце дзяўчынка, якой 15 гадоў. Дачка прызнаецца: сорамна за мамку! А сужыцель не працуе. Як і старэйшая дачка, якая прыбілася да бацькоўскага “прычалу”. І дачка п’е. Дык што, дзяўчынку вырываць з сям’і, каб зусім не сапсаваць яе?.. Не, такі варыянт матулю не задавальняе, яна ў чарговы раз абяцае парваць з мужчынам, з распустай.
Сядзіць перад членамі камісіі маладая сям’я. І муж, і жонка працуюць у гаспадарцы. У іх запазычанасць за ўтрыманне двух дзяцей звыш 3 мільёнаў. Як будуць пагашаць, аднаму Богу вядома. Дарэчы, адабралі дзяцей у другі раз, першае адабранне, якое было чатыры гады назад, не стала ўрокам.
Вось так жывуць і паводзяць сябе дарослыя. Дык ці трэба здзіўляцца, што ў нас актывізуецца падлеткавая злачыннасць?
У вучня школы (яму чатырнаццаць), які займаецца па спепраграме, доўгія рукі і “воўчы” апетыт на чужое. То салярку скрадзе, то падчэпіць пластыкавую картку і зніме з яе, колькі яму трэба. Яму пара ў спецустанову, дзе бясплатна кормяць. А вось гэтых дзвюх прыгожых дзяўчынак, якія вучацца за абутнікаў у Віцебску, прывяла з матулямі іншая прычына: яны злосныя прагульшчыцы. Прапусцілі з пачатку навучальнага года па 200 гадзін. Адна сцвярджае, што цяжка ёй без мамы, другая расчаравалася ў выбары прафесіі. Абедзве рашаюць больш не гарэзаваць, быць самастойнымі і адказнымі ў вучобе, тым больш, што вучыцца засталося да канца мая, а там пачынаецца практыка.
І нарэшце, аб тым, як не знайшлі “кансэнсус” работнікі шумілінскага філіяла Энергазбыту  РУП “Віцебскэнергазбыт” і адказныя за мнагадзетныя сем’і аддзела адукацыі райвыканкама. У Крывым Сяле за даўгі па аплаце паслуг адключылі электраэнергію сям’і, у якой трое дзетак. Адключылі, не ўзгадніўшы з райвыканкамам. Святло пасля ўмяшання ўладаў усё ж далі (праз 20 дзён), сышліся на тым, што ў энергазбыт будуць дасылацца спісы праблемных сямей. Выступілі з “рэпрэсіямі” і работнікі камунгаса, адключыўшы ад цяпла ў аграгарадку Слабада сям’ю, дзе запазычанасць складае 2,3 мільёна рублёў. Але калі справа датычыцца жылля з дзецьмі – яе трэба вырашаць асабліва далікатна, калі ж з-за п’янства бацькоў дзяцей забралі, з такімі бацькамі цырымоніцца не варта.
Мікалай МАРОЗ.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *