Люди и судьбы. Нина Тарабуко. Трудовые грамоты, как память про молодость

Актуалии Людзі і лёсы

Працоўныя граматы як памяць пра маладосць
Ніна Фёдараўна Тарабука з Башнёў – ветэран працы. Жанчына больш за сорак гадоў адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы. Яе былыя калегі і сёння гавораць ухвальныя словы пра перадавую даярку фермы Башні, неаднаразовую пераможцу сацыялістычных спаборніцтваў.
“Родам я мясцовая, з вёскі Шпакі, – кажа Ніна Фёдараўна. – Моладзь і не ведае, што была такая вёска побач з сённяшнім жывёлагадоўчым комплексам “АграБаравінкі”. А ў часы калектывізацыі жыхары навакольных вёсак сталі з’язджацца ў Башні. І мой бацька адважыўся перавезці сюды хату. Але пажыць тут яму прыйшлося нядоўга – бацька на вайне прапаў без вестак. А потым прыйшла яшчэ адна трагічная вестка для нашай сям’і  –  загінуў мой брат. Дзіцячая памяць на ўсё жыццё захавала і такую карціну: у  доме пасяліліся немцы, а нам прыйшлося жыць у хлеўчуку. Ды і тое з той умовай, што маці будзе кожны дзень прапальваць немцам печку. Мама згадзі-лася, усё ж у хлеўчуку – гэта не на вуліцы, – дзеліцца горкім успамінам Ніна Фёдараўна. – Да таго ж, тут стаяла карова – наша карміцелька. Калі б не яна, дык можа б і з голаду памерлі. Мама пакладзе пабольш саломы ў вугал, атрымліваецца нібы ляжанка. Так і спалі ўсе побач – мама, бабуля, я і сястра”.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны сям’я засталася жыць у Башнях. Ніна, як і ў яе аднагодкі, пайшла ў мясцовы калгас імя Варашылава.  “Першым старшынёй калгаса быў Лабачоў, – расказвае субяседніца. – Нялёгка яму прыходзілася, бо не было тэхнікі, коней і тых не хапала.  Спачатку я працавала падпаскам, гэта значыць, памочнікам пастуха, потым рабочай, затым звеннявой па льну.  Помню, зімой мы не толькі сартавалі лён, але і збіралі попел: хадзілі з вёдрамі па кожную хатах, потым ссыпалі попел у вялікую ёмістасць, і так ён стаяў да вясны. А калі ўзыходзіў лён, уручную абсыпалі ўсходы – ад шкоднікаў”.
У няпоўныя пятнаццаць гадоў  Ніна пайшла працаваць даяркай на ферму Башні.  “Маці не хацела адпускаць мяне на ферму, –  згадвае жанчына. – Падаіць уручную дзесяць кароў, разнесці ім корм і ваду – гэта вельмі цяжкая праца. А працавалі тады толькі за працадзень. У канцы месяца з намі разлічваліся зернем і льняным алеем. Пайсці працаваць на ферму  папрасіў дырэктар калгаса Іван Сцяпанавіч Кібісаў. За гэта ён абяцаў даць саломы, каб перакрыць на нашай хаце дах, які працякаў, як рэшата. Стрымаў сваё слова. А я так і засталася працаваць на ферме. Затрымалася тут ажно на сорак гадоў, да самай пенсіі”.
У канцы 50-х калгаснікам пачалі выплачваць заробак грашыма. За месяц зараблялі па 10-12 рублёў. Прычым, заробак атрымлівалі толькі ў канцы года. “Помню,  разам з мужам  атрымалі за год 280 рублёў, – успамінае Ніна Фёдараўна. – Гэта здалося сапраўдным багаццем. Грошы трацілі беражліва  – стараліся іх расцягнуць на цэлы год, да наступнага заробку. На мэблю не траціліся: стол і ложкі былі самаробныя. Толькі ў 60-х гадах купілі сабе шафу, якая тады каштавала восемдзесят рублёў”.
Пра Ніну Фёдараўну яе былыя калегі калгаса імя Энгельса гавораць як пра добрага чалавека і адказную працаўніцу. Яна была неаднаразовым пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў, мае пасведчанне “Ударнік камуністычнай працы”. У жанчыны шмат грамат за добрую работу абласнога і раённага ўзроўняў. “Іх мне ўручалі першыя сакратары райкама партыі Васіль Георгіевіч Храмцоў, Ніна Сяргеееўна Сянчура і Уладзімір Сяргеевіч Пясоцкі, – згадвае жанчына. – Усе граматы захоўваю як самае дарагое, як памяць пра сваю маладосць”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *