Подворный обход прошёл в Светлосельском сельсовете

Актуалии Общество Президент

У Язвіне разводдзе…
Падворны абход населеных пунктаў прайшоў на мінулым тыдні на тэрыторыі Светласельскага сельсавета. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў перад пачаткам мерапрыемства нацэліў рэйдавыя групы  быць асабліва ўважлівымі да  адзінокіх людзей, а таксама наведаць неблаганадзейныя сем’і і абавязаных грамадзян.
Група № 2, у якую ўваходзіла і карэспандэнт раённай газеты, пабывала ў вёсках Мазекі, Язвіна, Ужляціна і Завяззе, наведала больш за паўтары сотні падворкаў. Вясковыя жыхары  расказвалі пра сваё жыццё работнікам райвыканкама, спецыялістам раённых службаў, якія адказвалі на некаторыя пытанні вяскоўцаў, іншыя бралі на “аловак”. У Язвіне мясцовых жыхароў хвалююць частыя парывы водаправоду.  Праблема застарэлая, як і самі трубы. Так, на вуліцы Маладзёжнай ля аднаго з дамоў нацякло столькі вады, што колы легкавушкі напалову аказаліся ў ледзяных аковах (на здымку). На гэтай жа вуліцы жыхары ледзь не кожнага дома скардзіліся на дрэнную якасць вады, на неадрамантаваныя калонкі. Адну з такіх  мы ўбачылі на свае вочы: з яе несупынна цячэ вада. “Вось як адпусцілі маразы, так і цячэ дзень і ноч, – расказалі мясцовыя жыхары. – Вада там няякасная – рыжая і нават пясок на дне вядра застаецца. З калонак ваду бяром толькі для гаспадарчых патрэб, а за пітной ходзім у калодзеж”.
У вёсцы Мазекі жыве нямнога гаспадароў. І людзі быццам бы ўсім задаволены. Але на праблему не закрыеш вочы, бо яна на віду: на вул. Ганчарнай сметнік практычна ля кожнай хаты. Па ўсяму бачна, што тут недапрацоўваюць работнікі УП ЖКГ. Але ж і самім жыхарам трэба быць больш разваротлівымі і акуратнымі. Сапраўдны гаспадар ніколі не дапусціць, каб ля ягонага дома ляжалі горы смецця. Ён купіць ці сам змайструе з дошак кантэйнер.
Падчас рэйду супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў мелі прэтэнзіі да кіраўніцтва ААТ “АграБаравінка”, бо будынак былой калгаснай канторы ў Язвіне ў аварыйным стане, уваходныя дзверы не замкнёныя. Тут  збіраюцца выпівохі – нядоўга да пажару.
Ужляціна  – вёска спакойная і ціхая, жывуць тут у асноўным  пенсіянеры і дачнікі, многія з іх займаюцца пчалярствам. На ўсю вёску трымаюць толькі тры каровы і аднаго каня. Састарэлым дапамагаюць сацыяльныя работнікі, і пенсіянеры ўдзячны дзяржаве за такі клопат. Вяскоўцы не скардзіліся на жыццё, хіба толькі выказвалі незадавальненне гандлёвым абслугоўваннем, пыталіся: калі, нарэшце,  у аўталаўцы  з’явяцца цэннікі на тавары  і будзе ўволю тварагу?
У Мазеках і Ужляціне супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Вяскоўцы на першы раз атрымалі мінімальны штраф – 65 тысяч рублёў за тое, што іхнія печкі  ў аварыйным стане, што перад грубкамі няма перадтопачнага ліста.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *