Шумилинские спасатели за работой на месте ДТП

Безопасность Происшествия

Да абрыву заставалася метраў дзесяць
У пачатку лютага ля вёскі Ляўшы, што на Обальшчыне, адбылося ДТЗ: вадзіцель вялікагрузнай машыны “Івека” заснуў за рулём і ўрэзаўся ў дрэва. Вадзіцель і пасажыр аказаліся заблакіраванымі ў кабіне. Разам міліцыянерамі і “хуткай дапамогай” на ДТЗ выехалі і выратавальнікі.
Першымі на дарожна-транспартнае здарэнне прыбылі работнікі обальскага паста.  “Карціна, якую мы ўбачылі, уразіла, – кажа камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 г. п. Обаль Валянцін Калугін. – Двое маладых мужчын не маглі выбрацца з кабіны машыны і, па ўсяму бачна, мелі нейкія траўмы”.
Трэба было тэрмінова вызваляць людзей. Тут ролю іграла кожная хвіліна. Выратавальнікі ведалі, як дзейнічаць у такіх сітуацыях. Валянцін Калугін разам з пажарным Русланам Полазавым, вадзіцелем Сяргеем Шлупаковым расчысцілі падыход да кабіны. Бензапілой зрэзалі малады лазняк і алешнік.
Затым прыступілі да вызвалення людзей. Тут якраз падаспелі выратавальнікі з Шуміліна: камандзір аддзялення другой змены РАНС Аляксандр Багданаў і вадзіцель Сяргей Шафераў. Выратавальнікі дзейнічалі хутка: адзін з іх з дапамогай  аварыйна-выратавальнага інструмента “Халматра”  адціснуў дзверы пасажырскай кабіны, другі прытрымліваў яе, каб потым хутка “перакусіць” унутраны замок пажарнымі  кусачкамі.
Далей быў самы адказны момант: ратаванне людзей. “Мы ўвесь час размаўлялі з пацярпелымі, пыталіся пра іх самаадчуванне, – кажа Аляксандр Багданаў. –  Бывалі на многіх дарожна-транспартных здарэннях, неаднойчы вызвалялі людзей і ведаем, што чалавек з траўмамі і пераломамі часта заходзіцца ад болю, калі дапамагаем яму выбірацца з кабіны, і нават страчвае прытомнасць”.
Выратавальнікі хутка выцягнулі з кабіны пасажыра. Складаней прыйшлося з вадзіцелем. Перашкаджала пластыкавая панель, якую прыйшлося зняць.  Кожны рух для вадзіцеля адзываўся болем ў пераламанай назе і выбітай кісці рукі. “Пацярпелага паклалі так, каб пераламаная нага аказалася зверху, – кажа Валянцін Калугін. – Так пакрыху і цягнулі да дзверцаў. А потым пераклалі пацярпелага на насілкі “хуткай дапамогі”.
Аглядаючы месца здарэння, выратавальнікі адзінагалосна згадзіліся: пацярпелым вельмі пашанцавала, што засталіся ў жывых. І дапамагла ў гэтым … асіна, у якую ўрэзаўся аўтамабіль. Калі б не дрэва, машына б на хуткасці  пайшла з крутога абрыву ў рэчку Обаль. Ад дрэва да абрыву заставалася ўсяго метраў дзесяць…
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №19 ад 11.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *