Молодёжь Шумилинщины

Молодёжь


Дзесяцікласніца Кардонскай школы Таццяна Дубко гучна заявіла пра сябе на рэспубліканскім узроўні. Таццяна другі год паспяхова выступае ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па мнагабор’і “Здароўе”, у праграму якога ўваходзяць скачкі з месца, адцісканне, стральба з пнеўматычнай зброі і бег на доўгую дыстанцыю. Летась у “Здароўі” каманда нашай вобласці заняла выніковае другое месца, у індывідуальным заліку Таццяна стала трэцяй. Сёлета вынікі аналагічныя.
“Адразу звярнула ўвагу на фізічную падрыхтоўку Таццяны, – дзеліцца настаўнік фізкультуры Кардонскай школы Л. А. Шэшко. – Настойлівая. Працалюбівая. За год вельмі вырасла ў спартыўным плане, так, напрыклад, калі ў мінулым годзе адціскалася 50 разоў, то зараз звыш сямідзесяці”.
Таццяне прапаноўваюць вучыцца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Яна пакуль што не вырашыла, ці патрэбен ёй прафесійны спорт. Затое цвёрда ведае: для таго, каб быць прыгожай і паспяховай, трэба абавязкова займацца спортам. .
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

За ўсмешкай – у аптэку
Вадзім Радзіонаў і Ксенія Красноўская разам вучыліся ў Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў медыцынскім універсітэце на фармацэўтычным факультэце, разам яго скончылі, разам прыехалі ў Шуміліна і разам працуюць у аптэцы правізарамі-рэцэптарамі. Яшчэ іх аб’ядноўвае вясёлы характар, адкрытая ўсмешка і выдатнае пачуццё гумару.
Прызнаюцца, што адразу не было лёгка: асартымент лекаў вялікі, разабрацца, запомніць усё дужа складана. Але цяпер быццам бы і нічога – спраўляюцца. Кажуць, што падабаецца працаваць з людзьмі, што ўпэўненасці ў сваіх сілах дадае падтрымка старэйшых калег. Яны перакананы, што прафесію выбралі правільна. Вадзім, да прыкладу, працягвае сямейную традыцыю.
Здаецца, яны ўсім задаволены, ну, а мы, кліенты, таксама рады, калі ў аптэцы нас сустракаюць маладыя, прыгожыя, усмешлівыя і кампетэнтныя работнікі. Поспеху вам!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Першае месца работы – на Шуміліншчыне
За апошнія два гады на прадпрыемства меліярацыйных сістэм прыйшлі працаваць  восем маладых спецыялістаў. Сярод іх – інжынер-гідратэхнік Наталля Макаўцова.
Родам Наталля з Гомельскай вобласці. А на Шуміліншчыну летась пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі прыехала ўслед за мужам, якога на год раней размеркавалі на прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
“ПМС – маё першае рабочае месца. Сюды прыязджала на практыку, тады і пазнаёмілася з калектывам прадпрыемства, – кажа Наталля. – Мяне прынялі дружалюбна, дапамагалі, падказвалі”. Дзяўчына хутка ўцягнулася ў работу. Наталля ведае ўсё пра змяненні ў меліярацыйным фондзе, пра работу на меліярацыйных каналах, пра высечку кустоўя і ачыстку каналаў.
Маладой сям’і Макаўцовых прадпрыемства прадаставіла пакой у інтэрнаце. А хутка, як нам расказаў дырэктар прадпрыемства А. В. Аляксеенка, Макаўцовым будзе выдзелены дом прысядзібнага тыпу ў Светласельскім.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №19 ад 11.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *