На заседании президиума районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Пра смецце і адмову ад зямлі
На парадак дня работы прэзідыума, які праводзіўся ў апошні дзень лютага, акрамя разгляду праблемы злачыннасці ў падлеткавым асяроддзі (са справаздачай чытач паспеў азнаёміцца ў мінулым нумары), было вынесена і выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні ў 2013 годзе і задачах на 2014 год, разглядалася праграма развіцця  асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2014 год, а таксама праблема эфектыўнасці выкарыстання зямель, адведзеных для вядзення падсобнай гаспадаркі.
Па першаму пытанню з дакладам выступіла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама З. А. Мясаедава. Адзначана, што за мінулы год праведзены работы па добраўпарадкаванні  104 мемарыяльных знакаў і комплексаў, адрамантавана 50 дзіцячых спартыўна-гульнявых пляцовак, абсталявана спартыўна-гульнявая пляцоўка, створана 96 малых ландшафтна-архітэктурных мастацкіх форм і комплексаў (лавак, кветнікаў, альтанак і інш.). Многае зроблена па азеляненні і кветкавым афармленні раёна, сіламі УП ЖКГ, КУП БАН і ПМК-70 адліта і ўстаноўлена больш за 2 км жалезабетоннай агароджы, выкананы рамонт і афарбоўка 15 фасадаў будынкаў. Не забываліся на калодзежы, водаразборныя калонкі, абсталявана 5 месцаў масавага адпачынку людзей, абсталявана сіламі УП ЖКГ 44 кантэйнерныя пляцоўкі, закуплены 21 кантэйнер. Праводзіўся ў раёне рамонт дарог, пракладваліся тратуары.
Аднак нямала клопатаў засталося на 2014 год.  Гэта перш за ўсё датычыцца ліквідацыі несанкцыянаваных звалак (толькі ў 2014 годзе іх выяўлена 14). Далёка не ўсюды наводзіцца парадак на прыдамавых тэрыторыях, шмат пытанняў засталося па прыстойным выкарыстанні зямель. З 58 выяўленых пустуючых дамоў 38 прыведзена ў парадак, 7 знесена, з усіх струхлелых дамоў 23 знесены, у адрас 35 уладальнікаў накіраваны прадпісанні.
Па раённай праграме развіцця  падсобных гаспадарак у 2014 годзе выступіла галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Загацкая А. Г. У раёне 1112 падворкаў, дзе трымаюць свойскую жывёлу – прыкладна кожны пяты падворак. Асабліва “падкасіла” жаданне займацца развядзеннем жывёлы такая заразная хвароба, як АЧС. Сёння практычна няма свінапагалоўя ў Сіроцінскім сельсавеце, праўда,  засталося нямала свіней у Мікалаёўскім і Каўлякоўскім сельсаветах. У сувязі з гэтым людзі ўсё часцей адмаўляюцца ад сваіх зямельных надзелаў. Кажуць: “А навошта гектар зямлі, калі няма каго карміць?”.
Праблемай адмовы ад прысядзібных кавалкаў зямлі падзялілася з членамі прэзідыума начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама З. Ф. Алюліна. Вось некалькі лічбаў. За 2013 год паступіла 238 заяў з просьбай забраць зямельны надзел, у тым ліку 219 – ад вяскоўцаў.  Пераразмеркаваць на вёсцы давядзецца 77,3 га зямлі, ад якой людзі адмовіліся. Разам з тым  з просьбай выдзеліць зямлю звярнулася 165 чалавек, з іх усяго 69 – з сельскай мясцовасці. Даволі параўнаць лічбы 219 і 69, каб зразумець тэндэнцыю. А які, дазвольце спытаць, вясковец, які селянін без зямлі?..
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №19 ад 11.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *