Финансовая грамотность. Мир, в котором живут белорусские банки.

Общество Экономика

Свет, у якім жывуць беларускія банкі
Праект, які плануецца друкаваць на працягу гэтага года на старонках раённай газеты, павінен абавязкова прынесці карысць. Яго па прапанове Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь рэалізуе ААБ «Беларусбанк», і ён, прызнацца, больш накіраваны на дзяцей, але, думаецца, будзе цікавы і дарослым. Бо зараз у банкаўскай галіне з’явілася столькі новых прадуктаў, тэрмінаў і паслуг, што часам не ведаеш, як, калі і якім чынам імі карыстацца. А ў новым праекце “Фінансавая граматнасць” мы раскажам, як адказна адносіцца да грошай, навучыцца кіраваць фінансамі, правільна зберагаць і расходаваць свае сродкі, як правільна карыстацца крэдытамі і яшчэ пра многія цікавыя і карысныя рэчы, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.
Па словах старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Надзеі Ермаковай, “фінансавая граматнасць – гэта ўклад у будучае, таму трэба быць настойлівым і старанным на шляху, які прывядзе да ўласнай фінансавай незалежнасці і дабрабыту”. А менавіта пра гэта кожны з нас і марыць.
Давайце разбяромся, што сабой уяўляе банкаўская сістэма нашай краіны. Яна мае два ўзроўні.
На першым узроўні “жыве” цэнтральны банк краіны. У Беларусі гэта Нацыянальны банк. Яго галоўная задача – забяспечыць спакойнае жыццё (устойлівасць) беларускага рубля і плацёжнай сістэмы.
Што робіць Нацыянальны банк? Рэгіструе банкі і выдае ім ліцэнзіі, распрацоўвае банкаўскае заканадаўства, кантралюе яго выкананне банкамі.
На другім узроўні размясціліся камерцыйныя банкі. Яны працуюць з кліентамі і зарабляюць прыбытак, але робяць гэта са сваімі асаблівасцямі: банкі не прадаюць якія-небудзь тавары, а аказваюць фінансавыя паслугі. Гэта выдача крэдытаў, прыём укладаў, вядзенне рахункаў, выпуск картак, валютна-абменныя аперацыі, паслугі па захаванні каштоўнасцей і г. д.
Самы галоўны заробак банкаў – гэта крэдыты. Але адкуль у банкаў бяруцца грошы? Ёсць дзве крыніцы: уласныя сродкі і прыцягнутыя.
Уласныя сродкі – гэта грошы акцыянераў і тыя, што банк зарабіў сам. Але асноўную частку грошай банкаў складаюць менавіта прыцягнутыя сродкі.
Такім чынам, каб зарабіць, банк выдае людзям і прадпрыемствам крэдыты. І таксама прапісвае ў дагаворы, на якіх умовах і ў якія тэрміны іх трэба вярнуць. Для банка вельмі важна, каб выдадзеныя крэдыты вярталіся ў час. Банк разлічвае, што пры вяртанні яму назад выдадзеных крэдытаў ён зможа разлічыцца са сваімі крэдыторамі і ўкладчыкамі, у якіх ён гэтыя сродкі пазычыў. А Нацбанк сочыць за тым, каб банкі правільна выдавалі крэдыты і выдавалі іх толькі надзейным кліентам.
Хто асноўны пастаўшчык грошай для банкаў?
Фізічныя асобы – грамадзяне, якія робяць уклады.
Юрыдычныя асобы – арганізацыі і прадпрыемствы, якія захоўваюць свабодныя грашовыя сродкі на рахунках у банках.
Міжбанкаўскі рынак – тут банкі могуць купляць недастаючыя грошы ў іншых банках і ў Нацбанка.
Усе гэтыя сродкі банк павінен у агавораныя тэрміны вярнуць іх уладальнікам – укладчыкам, прадпрыемствам, банкам…
Да слова.
Першы банк у Беларусі з’явіўся ў 1870 годзе. Ім стаў Гомельскі гарадскі грамадскі банк. Яго капітал утвараўся са сродкаў гарадскога бюджэту, а крэдытаваліся ў асноўным сярэднія і дробныя прадпрымальнікі. Прыбытак ішоў на дабрачыннасць і ўладкаванне горада.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №21 ад 18.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *