В Шумилино открыта мемориальная доска памяти воина-интернационалиста Виктора Угневёнка

Актуалии Общество

30 ГАДОЎ, ЯК МАЦІ БЕЗ СЫНА
Сакавіцкая раніца ціхая, па-веснавому цёплая і урачыстая, узрушаная. Хаця і была яна для многіх, хто прычыніўся да юбілею гібелі нашага земляка воіна-афганца В. І. Угнявёнка,  вельмі клапатлівай і хвалюючай. Напэўна, у першую чаргу для ваеннага камісара раёна, падпалкоўніка А. Г. Чарняўскага, для тых, хто меўся сустракаць гасцей з розных куткоў Расіі, хто ладзіў   ўрачыстасці.
Сцэнарый падзеі можна было (ўмоўна, вядома) падзяліць на тры сэнсавыя часткі, аб’яднаныя адной ідэяй  – засведчыць, што памяць пра герояў вечная. Гэту важную ісціну, а яшчэ, што мужчынскае братэрства – мацней за браню танка, пацвердзіў і сам прыезд высокіх расійскіх гасцей. Група чалавек з дваццаці з кветкамі ў руках чакалі каманды ваеннага камісара раёна, хаця некаторыя з іх былі і вышэй за яго па званні.
Сёння на званні ніхто не звяртае ўвагі. Сёння ўсе прыйшлі ўшанаваць памяць героя афганскай вайны Віктара Угнявёнка. З плошчы ганаровыя госці, ветэраны Афгана, адказныя асобы раённых улад, вучні школ Шуміліна накіраваліся да памятнага знака ў цэнтральным парку. Тут адбыўся мітынг, на якім прачулыя словы сказалі пра земляка намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, ад саюза афіцэраў – В. І. Жандараў.
Уразіла прамова, сказаная аднакурснікам Віктара Угнявёнка С. А. Набіуліным. “Мы, яго таварышы  па вучылішчы, па баявой зброі не маглі не прыехаць сюды, на яго радзіму, – сказаў госць. – Горка, што яго няма сярод нас. І той факт, што мы прыехалі, прыехала нас амаль два дзясяткі, што прыехалі да Віктара, пра многае гаворыць. І ў першую чаргу пра наша святое мужчынскае братэрства.
Чалавек гіне двойчы: ад кулі і тады, калі яго забываюць. Важна, што другая смерць не пагражае Віктару…”.
Ад абласнога аб’яднання воінаў-афганцаў слова сказаў яго старшыня  В. А. Мацкевіч. “Савецкі салдат з гонарам выканаў свой абавязак, – сказаў прамоўца. – Важна, каб помнілі пра іх нашчадкі. Вельмі важна, што адзін з завулкаў, дзе разгарнулі жыллёвае будаўніцтва, названы ў гонар Угнявёнка”.
Тут жа расійскія госці ўручаюць  памятныя медалі  афганцам, адказным работнікам Шумілінскага раёна, слова ў адказ трымае старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Едзем на грамадзянскія могілкі ў вёску Сосніна, што на Дабейшчыне.  Тут пахаваны В. І. Угнявёнак, тут дзякуючы ягоным аднапалчанам урачыста стаіць на магілцы гранітны помнік. Сюды прыехала і маці героя,  Вера Андрэеўна. Пад гукі мінорнай музыкі мітынг адкрываюць вядучыя. “Гісторыя вечная… – чуецца ў мікрафон. – Афганская вайна ўвайшла ўжо ў гісторыю…” Перад мікрафонам ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі. “Віктар марыў стаць ваенным і ён ім стаў. Стаў сапраўдным салдатам. Кажуць:  час лечыць, боль прытупляецца. Няпраўда: гэты боль, мацярынскі боль па сыну, якога няма з ёй вось ужо трыццаць гадоў, не прытупіўся”. А. Г. Чарняўскі выказаў словы падзякі расійскім гасцям за дастойнае стаўленне да памяці В. І. Угнявёнка. Яго ля мікрафона змяняе М. В. Собалеў з Расіі:
– Мы заканчвалі з Віктарам адно вучылішча. Сярод нас і тыя, хто вучыўся з ім разам у Мінску і Омску, хто служыў у адным палку, хто ваяваў… Мы будзем заўжды яго помніць.
Выступілі на мітынгу старшыня раённай арганізацыі воінаў-афганцаў М. А. Калянковіч, сястра В. І. Угнявёнка  В. І. Попелава. “Майго брата няма ўжо з намі 30 гадоў, а быццам бачыла яго жывым яшчэ ўчора, – гаварыла Валянціна Іванаўна. – Вось ехалі вялікім картэжам па вёсцы і сэрца вырывалася з грудзей. Нам, родным, цяжка глядзець на малады ягоны твар на помніку. А між тым ён застаўся з намі навечна маладым, 36-гадовым…” Гучыць літмантаж, падрыхтаваны вучнямі з Амбросавіцкай школы.
І апошняя старонка ўрачыстай падзеі – наведванне мемарыяльнай дошкі ў гонар В. І. Угнявёнка, прымацаванай да шматкватэрнага дома, які адкрывае завулак. Ускладанне кветак, здымкі на памяць. На адным са здымкаў – дзве сястры Віктара Іванавіча: Валянціна Попелава і Ганна Трашкова – сярод афганцаў, сярод шаноўных расійскіх гасцей.
Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі чакаецца, хутчэй за ўсё, напрыканцы чэрвеня.  На той час будзе прыведзены ў парадак і газон, што вакол дома, які засяліўся зусім нядаўна.
Мікалай МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *