Криминал. Происшествия

Происшествия

Крадзяжы раскрыты
Яшчэ ў лютым у міліцыю звяртаўся жыхар Віцебска, у якога з дачнага дома ва Ужляціне ўкралі закаткі і сталярныя інструменты. Нядаўна супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што крадзеж здзейсніў чалавек без вызначанага месца жыхарства з Віцебска, які раней быў судзімы за крадзеж.
Праз некалькі дзён у міліцыю звярнуўся яшчэ адзін гаспадар дачы ва Ужляціне. На ўваходных дзвярах ягонага дома былі пашкоджаны дзвярныя запоры,  з пакоя прапаў тэлевізар. Як высветлілася, прыбраў яго да рук гэты ж злодзей з Віцебска. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Пажар у Рыпіншчыне
У вёсцы Рыпіншчына згарэў дачны дом, надворныя пабудовы і лазня. Па папярэдніх меркаваннях супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прычына пажару – падпал.  Матэрыялы для далейшага разбірацельства перададзены ў РАУС.
…і ў Новай Барсучыне
У вёсцы Новая Барсучына  згарэў жылы дом. Прычына пажару – падпал. Як высветлілі супрацоўнікі РАУС, чужы дом падпаліў непрацуючы мужчына, ураджэнец Віцебска. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Касцёр
Жыхар вёскі Ласвіцкія развёў касцёр побач з гаспадарчымі пабудовамі. Ад кастра агонь мог перакінуцца на сухую траву, а адтуль – на блізляжачыя дамы. Вяскоўцу па-гражае штраф да дзесяці базавых велічынь.
Правы
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне жыхара Полацка, які кіраваў аўтамабілем “Фольксваген-Каравэла”.
Тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання палачаніна закончыўся ў студзені гэтага года. Але мужчына два месяцы ездзіў з несапраўднымі правамі, пакуль яго не прыпынілі інспектары дарожна-патрульнай службы.  Складзены адміністрацыйны пратакол, які адправілі па месцы жыхарства парушальніка. Вадзіцелю пагражае штраф ад 5 да 20 базавых велічынь.
Хуткасць
Жыхар Латвіі, які на аўтамабілі КІА праязджаў праз Шуміліна, перавысіў устаноўленую хуткасць руху на 33 кіламетры ў гадзіну.
Як высветлілася, вадзіцель раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічнае правапарушэнне. Цяпер мужчыну пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на паўгода.
Чырвонае святло
Жыхар Шуміліна, які паехаў у Віцебск на сваім аўтамабілі “Форд-Эскорт”, на перакрыжаванні праспектаў Люднікава-Фрунзе парушыў Правілы дарожнага руху: пераехаў дарогу за забараняючае святло святлафора.
Акрамя таго, дзяржтэхагляд на аўтамабіль быў пратэрмінаваны, не было талона папярэджання да вадзіцельскага пасведчання. На шумілінца складзены тры адміністрацыйныя пратаколы, ён выкліканы на камісію дзяржаўтаінспекцыі раённага адзела ўнутраных спраў.
Па матэрыялах РАУС і РАНС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *