На заседании райисполкома рассмотрена работа АПК

Актуалии Президент

А зараз пара ў поле
Сяўба. Сёння яна ўсё больш упэўнена пераходзіць ад планаў да рэальнасці, разам з пасяўным агрэгатам выходзіць на канкрэтнае поле. Не дзіўна, што і на пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося 28 сакавіка, размова найперш ішла пра арганізацыю вясенніх работ на палетках.
Праўда, адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама У. П. Куранны канстатаваў, што пытанне падрыхтоўкі да сяўбы трэба было абмяркоўваць раней, а сёння ўжо трэба сеяць.
Безумоўна, гэта вельмі напружаная задача, нават калі надвор’е будзе ў саюзніках. Раёну трэба выканаць вельмі сур’ёзны аб’ём работ. Згодна з рашэннем аблвыканкама раён бярэ на сябе абавязацельствы сабраць сёлета 40,9 тысячы тон зерня (ў бункернай вазе), 6600 тон бульбы, 4300 тон насення рапсу (у бункернай вазе), 583 тоны льновалакна.
Для правядзення сяўбы яравых зерневых засыпана 2384 тоны насення, далажыў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. А. Кузняцоў, нарыхтавана 800 тон бульбы, 86 тон насення льну. Гэтых запасаў хопіць, каб засеяць запланаваныя плошчы. А вось забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі на момант гаворкі складала толькі 33%, у тым ліку азотных 9,3%, фосфарных 12%, калійных 68%. Бюджэтам вобласці Шумілінскаму раёну выдзелена 9,5 мільярда рублёў на закупку мінеральных угнаенняў, паведаміў А. А. Кузняцоў. Трэба фарсіраваць і вываз арганікі – на дзень гаворкі было вывезена 56,6%.
З прадстаўленай на экране табліцы ўдзельнікі пасяджэння даведаліся, што ў гаспадарках раёна ёсць 259 трактароў (29 з іх энерганасычаныя), 53 сеялкі (у тым ліку 29 пасяўных агрэгатаў), 68 плугоў, 44 культыватары, 6 бульбасаджалак. Але не ўся названая тэхніка спраўная, таму зараз тэрмінова рашаюцца пытанні па яе рамонце.
На рамонт быў час, была цэлая зіма, падкрэсліў У. П. Куранны, а зараз пара ехаць у поле. Уладзімір Пятровіч абавязаў літаральна за два-тры дні завяршыць падрыхтоўча-рамонтныя работы. Ён паставіў задачу закончыць пасяўныя работы да 20 красавіка.
На пасяджэнні райвыканкама была прааналізавана работа Шумілінскай райплемстанцыі. Падставай для абмеркавання пытання стала правальная работа па аднаўленні дойнага пагалоўя. Дырэктар райплемстанцыі  А. А. Казьмін лічыць, што такая сітуацыя склалася па дзвюх прычынах. Па-першае, уплывае недахоп спецыялістаў, па-другое, некаторыя гаспадаркі дапускаюць неапраўданае невытворчае выбыццё цёлак (напрыклад, ААТ “Лаўжанскае”), груба парушаюць тэхналогію ўтрымання жывёлы.
У прынятым па гэтым пытанні рашэнні райвыканкама акрэслены меры, якія павінны выправіць сітуацыю. Пастаўлена задача забяспечыць у 2014 годзе выхад цялят на 100 кароў і цялушак не менш 99 галоў, на 100 кароў – не менш 80 галоў, а таксама забяспечыць не менш 700 грамаў сярэднясутачных прываг маладняку буйной рагатай жывёлы.
З папярэднім прагнозам па выніках работы за першы квартал бягучага года выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідарава.
Па пытаннях спажывання электраэнергіі і разлікаў за яе выступіла начальнік Шумілінскага ўчастка Віцебскага філіяла “Энергазбыт” РУП “Віцебскэнерга” Н. Л. Шнявіна.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *