Рейд «Семья без насилия» прошёл в Ковляковском сельсовете

Общество

Глянуць на жыццё цвярозымі вачыма
У рамках акцыі “Сям’я – без насілля” члены раённай міжведамаснай групы правялі чарговы рэйд па сацыяльна небяспечных сем’ях. Разам з метадыстам  аддзела адукацыі, спорту і турызму  райвыканкама Ганнай Селязнёвай  і ўчастковым інспектарам РАУС Аляксеем Буракевічам карэспандэнт раённай газеты наведала 9 сем’яў, якія пражываюць на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета.
У сям’ю, што ў пасёлку Завадскі, члены міжведамаснай групы наведваюцца нядаўна, з таго часу, як маладая маці “паехала ў госці да знаёмых у Шуміліна”. Паехала – і знікла. Вось ужо чацвёрты месяц пайшоў, як ад яе няма ніякіх чутак. А дачку, якой усяго паўгода, пакінула ў прабабулі. “Не ведаю, чаму так унучка зрабіла не па-чалавечы, – разводзіць рукамі жанчына. – Я ж і вывучыла яе, і грошы давала, і сумкі ў горад збірала. А яна вось так награшыла. Самае крыўднае, што пакуль і не збіраецца вяртацца да сваёй дачушкі – з’ехала ў невядомым накірунку. Але праўнучку я не кіну, будзем выхоўваць разам з сынам, які афармляе апякунства”.   У доме гаспадыні чыста і ўтульна, ёсць неабходнае адзенне для дзяўчынкі, дзіцячае харчаванне. Не хапае толькі мамы. Яна знаходзіцца ў вышуку. Па меркаваннях супрацоўнікаў РАУС, з’ехала кудысьці ў Расію. Але і там яе пачалі шукаць. Хочацца верыць, што хутка знойдуць.
Сем’і ў Полькавічах, якія адносяцца да катэгорыі сацыяльна-небяспечных, прыемна здзівілі:  у дамах адносны парадак, усе цвярозыя. “Гарэлку купляць няма за што”, – быццам пажартавала адна з гаспадынь. Яна часова не працуе. Кажа, што калі пабудуюць пантонны мост праз Дзвіну ў Бешанковічы, тады ўладкуецца на работу ў гарадскі пасёлак.  На гэты мост выказалі спадзяванне і некаторыя жыхары Крывога Сяла. Як быццам у Бешанковічах грошы будуць плаціць гультаям і прагульшчыкам.
Наступная сям’я, да якой мы завіталі,  пераехала ў Крывое Сяло з іншай вёскі раёна нядаўна. Раней “перашкаджалі жыць суседзі, якія запрашалі адзначыць святы і проста выпіць без нагоды”. Зараз у сям’і зацішша, гаспадары цвярозыя. Кажуць, што некалі гарэлку піць, трэба рабіць рамонт у доме.
Рамонт просіцца і ў доме яшчэ адной сям’і з Крывога Сяла. Не перашкодзіла б пераклеіць шпалеры. У адным з пакояў тут нейкі вэрхал – параскіданае адзенне ляжыць на крэсле побач з бруднымі міскамі і кружкамі…
Людзі іншымі вачыма глядзяць на жыццё, калі яны цвярозыя. Адна жанчына так і сказала: “Калі піла віно, дык мне задавалася, што ў хаце чыста. А цвярозая глянула і ахнула: божухна, колькі бруду! Трэба ж прыбрацца.”
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №27 ад 08.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *