Криминал. Происшествия

Происшествия

Пажар у Обалі
Раніцай 29 сакавіка ў раённы ад-дзел па надзвычайных сітуацыях патэлефанавалі з Обалі і паведамілі, што гарыць лазня. Яна знішчана агнём практычна поўнасцю.
…і ў Глушыцы
На наступны дзень, 30 сакавіка, у РАНС паведамілі пра пажар у Глушыцы. Агонь тут знішчыў лазню і пашкодзіў гаспадарчую пабудову. Ёсць падазрэнні, што прычына абодвух пажараў – падпал. Таму матэрыялы для далейшай праверкі перададзены ў раённы аддзел унутраных спраў.
Гарыць смецце
За апошні тыдзень сакавіка супрацоўнікі РАНС выязджалі на тушэнне смецця і сухой расліннасці 35 разоў. Выратавальнікі папярэджваюць жыхароў раёна:  нярэдка непатушаная запалка ці цыгарэта, кінутая на сухую траву, становіцца прычынай пажару.
Крадзеж на КПП
Прыёмшчыца заказаў комплексна-прыёмнага пункта ў Добрыне паведаміла ў міліцыю, што на ўваходных дзвярах КПП узламалі навясны замок і ўкралі трыкатажных вырабаў і бялізны больш як на 3 мільёны рублёў. А зрабілі гэта два раней судзімыя мясцовыя жыхары.
Нецвярозы на БМВ…
БМВ-525 супрацоўнікі ДАІ ўбачылі на вуліцы Ленінскай здалёк – траекторыя яе руху насцярожвала. Падазрэнні пацвердзіліся: жыхар Шуміліна, што прыпыніўся ля  магазіна “Ганна”, быў нецвярозы. Больш таго, ён стаў сцвярджаць, што за руль сёння не садзіўся і ягоная машына ўжо даўно стаіць на абочыне дарогі. Калі вадзіцелю не ўдалося пераканаць супрацоўнікаў ДАІ ў праўдзівасці сваіх слоў, ён кінуўся наўцёкі. Але быў затрыманы. На яго складзены два адміністрацыйныя пратаколы, яму пагражае штраф у памеры  95 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў тэрмінам на тры гады.
…на аўтобусе
На вуліцы Ленінскай у Шуміліне супрацоўнікі ДАІ затрымалі вадзіцеля аўтобуса “Школьны” аддзела адукацыі, які ехаў за рулём нецвярозы. Вадзіцелю пагражае штраф і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
…на “Фальксвагене”
Жыхар Шуміліна, які ехаў на асабістым аўтамабілі “Фальксваген-Пасат”,  прігнараваў патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ спыніцца. Уцякаючы ад дарожна-патрульнай службы, мужчына выехаў на чыгуначны пераезд на забараняючае святло святлафора. Потым накіраваўся ў завулак Новы, у двары аднаго з дамоў наехаў на аўтамабіль “Ровэр”… Зараз “Фальксваген” знаходзіцца на штрафной стаянцы РАУС. На жыхара Шуміліна складзены пяць адміністрацыйных пратаколаў. Вадзіцель выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ.
Загарэлася аўто
У жыхара Шуміліна, які ехаў на “Фальксвагене” па вуліцы Сіпко, самаадвольна загарэўся рухавік аўтамабіля. Як устанавілі супрацоўнікі ДАІ, прычына загарання – няспраўнасць рухавіка. А каб не было такіх надзвычайных здарэнняў, спецыялісты раяць рамантаваць аўтамабіль своечасова.
Па матэрыялах РАУС і РАНС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №27 ад 08.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *