Люди и судьбы. Семья Яйдельских остановилась в Добее

Людзі і лёсы

Сталасць гадоў і маладосць  душы
Сярод вясковых жыхароў старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава выдзеліла сям’ю Яйдзельскіх. Маўляў, людзі  дастойныя, працавітыя і з цікавым жыццёвым лёсам. Гаспадар родам з Украіны, гаспадыня – з Расіі, а месцам жыхарства абралі Беларусь.
Юрый Іосіфавіч і Тамара Аркадзьеўна Яйдзельскія доўгі час не мелі пастаяннага месца жыхарства. Ён быў ваенным, і за чвэрць стагоддзя службы ў Савецкай Арміі яго накіроўвалі ў розныя  краіны. “Былі ў Манголіі, Польшчы,  Латвіі, на Урале і Поўначы, – кажа Юрый Іосіфавіч. – За час службы зрабілі больш за дваццаць пераездаў. Можна сказаць, увесь час сядзелі на чамаданах. І я ўдзячны Тамары за яе подзвіг. Яна мужна пераносіла ўсе пераезды і жыццёвыя  нягоды”.
А іх хапала. Здаралася, што ваенны гарнізон накіроўвалі і туды, дзе ішлі баявыя дзеянні.  “Асабліва мне запомнілася Польшча ў 1982 годзе, –  успамінае Тамара Аркадзьеўна. – Тады там разгарнуліся баявыя дзеянні. І каб мяне адвезці ў раддом, з ваеннага гарнізона выдзелілі ахову – некалькі салдат з аўтаматамі. Усё абышлося добра, нарадзілася здаровенькая дачушка Аксана, але гэтую дарогу да роддома я запомніла на ўсё жыццё”.
Дарэчы, Яйдзельскія нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. Цікава, што старэйшы сын Алег нарадзіўся на Украіне, сярэдні Аляксандр – у Манголіі, Аксана – у Польшчы.
Напрыканцы сваёй ваеннай кар’еры Юрый Іосіфавіч (тады ўжо маёр) служыў у Латвіі.  “У пачатку 90-х тут было неспакойна, – кажа Юрый Іосіфавіч.  Нас называлі “акупантамі”, і было страшна за дзяцей. У нашым гарнізоне служылі афіцэры з усіх куткоў СССР, а  я сябраваў з Аляксандрам Толстышавым з Шуміліншчыны. Вось ён і прапанаваў неяк: “Пераязджай з сям’ёй жыць на маю радзіму, у нас спакойна, вам спадабаецца”.
І праўда, спадабалася. Пасля шматлікіх “падарожжаў” па розных краінах Яйдзельскія нарэшце знайшлі спакойнае жыццё ў Беларусі. Галоўнае, што тут не было ваенных дзеянняў, што тут не стралялі  і нішто не пагражала жыццю. “Прынялі нас у Дабеі  дружалюбна, – кажа Тамара Аркадзьеўна. – Муж пайшоў у мясцовы калгас працаваць шафёрам. Жылі мы спачатку ў кватэры, а потым калгас выдзеліў нам асобны дом сядзібнага тыпу. Я ўладкавалася працаваць даяркай на малочна-таварны комплекс. Мне, гараджанцы, было нялёгка прывыкнуць да такой работы, але нічога, справілася, усяму навучылася. Нават з мужам завялі карову, купілі парасят і курэй”.
Зараз Яйдзельскія на заслужаным адпачынку. Любяць чытаць кнігі, у доме багатая бібліятэка. А яшчэ яны разводзяць вінаград і клубніцы, частуюць ягадамі сваіх дзяцей і пяцёра ўнукаў, якія прыязджаюць у госці. Наогул, каля дому ў кожнага свой занятак: гаспадыня захапляецца кветкамі, а гаспадар – тэхнікай. Зрабіў для сябе два самаробныя трактары. “Спатрэбяцца, – усміхаецца Юрый Іосіфавіч. – На адным буду гарод апрацоўваць, а на другім адвозіць скошаную траву ці бульбоўнік”. Вось так, у паўсядзённых клопатах жывуць у Дабеі Яйдзельскія, аптымісты па натуры і проста гасцінныя людзі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №27 ад 08.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *